«Ідуць касцы, звіняць іх косы, вітаюць іх буйныя росы». У Лідскім раёне адбыўся конкурс ручной касьбы

21 Июня 2021 1621

Найлепшых касцоў з усяе Лідчыны зноў сабраў у мінулую суботу ў аграгарадку Ганчары раённы конкурс ручной касьбы “Звініць каса – жыве вёска”. 

Дадзены конкурс праводзіцца на Лідчыне пачынаючы з 2016 года. Ідэя яго правядзення належыць тагачаснаму метадысту па фальклоры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганне Некраш, на малой радзіме якой – у Бярозаўскім раёне на Брэстчыне – спаборніцтвы касцоў даўно набылі статус міжнародных. А ў нас, у прынёманскім краі, хіба мала спрытных касцоў, знатакоў сваёй справы?! Конкурс ручной касьбы стаў брэндавым мерапрыемствам менавіта Ганчарскага Дома культуры.

Самая прыемная праца

– Конкурс “Звініць каса – жыве вёска”, – расказвае рэжысёр мерапрыемства, дырэктар Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай, – закліканы захаваць традыцыі ручной касьбы, само гэта падзабытае рамяство (дарэчы, частку гістарычна-культурнай спадчыны нашай краіны) у век бензакос і трымераў, перадаць яго нашай моладзі. Сёння з тым жа трымерам “празвінеў” гадзіну – і не атрымліваеш такога задавальнення ад працы, як пры касьбе звычайнай дзедаўскай касой. Ідэю правядзення спаборніцтваў касцоў у нас ужо падхапілі Іўеўскі, Дзятлаўскі раёны, але мы на Гродзеншчыне ў гэтай справе першапраходцы. Сёлетні конкурс “Звініць каса – жыве вёска” ў аграгарадку Ганчары – ужо шосты па ліку. Удзельнікаў на гэты раз, на жаль, у два разы меней, чым было ў мінулым годзе, – толькі дванаццаць чалавек. Гэта касцы з Дзітвянскага, Ходараўскага, Пескаўскага, Беліцкага сельсаветаў, у тым ліку адна жанчына. Самаму малодшаму ўдзельніку – 22 гады, самаму старэйшаму – 60. Не ўдзельнічаюць на гэты раз нашы ганчарскія “аксакалы” – найстарэйшыя жыхары-касцы. Спадзяёмся, у наступным годзе канкурсантаў будзе болей. Чацвёрты год запар спаборніцтвы касцоў праводзяцца вечарам: у вячэрні час на свята касьбы збіраецца значна больш вяскоўцаў, ды і калі касец – сапраўдны майстар сваёй справы, ён зможа добра пакасіць траву і без ранішняй расы.

У час адкрыцця свята вядучыя нагадалі прысутным, што некалі пачатак сенажаці аб’ядноўваў усіх жыхароў вёскі. На сенакос выходзілі ўсе разам. Гэта было не проста важным этапам жыцця вёскі, а самай прыемнай працай, напоўненай весялосцю і светлымі пачуццямі. І мужчыны, і жанчыны для працы на лугах прыбіраліся ў самае добрае адзенне, як на свята. “Для нашых продкаў касьба, – казалі вядучыя, – гэта не знясільваючае маханне косамі, не проста зразанне травы і натужлівая праца, а святочны рытуал. Калі ты малады, заліхвацкі, спрытны і вясёлы, сенажаць станавілася выдатнай нагодай паказаць астатнім свае найлепшыя якасці”. Усіх прысутных на свяце прывіталі гаспадары ганчарскай зямлі – старшыня Ганчарскага сельвыканкама Валерый Калодка і ўпраўляючы КСУП “Беліца-Агра” Віктар Сянкевіч (яны ж, разам з намеснікам дырэктара Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццянай Лісоўскай, увайшлі ў склад журы конкурсу).

“Блаславі, Божа, касу!..”

Затым перад сцэнай выстраіліся ўдзельнікі конкурсу ручной касьбы, амаль усе – у прыгожых нацыянальных касцюмах. Па старадаўнім звычаі да касцоў запрасілі жанчын-сеназарніц, у ролі якіх выступілі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Ульяніца” Ганчарскага Дома культуры. Сеназарніцы апаясалі кожнага касца паясамі-абярэгамі з пакосных траў. Потым удзельнікі конкурсу паставілі свае косы так, каб іх лязы глядзелі на сонца, і разам з жанчынамі-сеназарніцамі паўтаралі словы блаславення на добрую касьбу: “Блаславі, Божа, касу! Блаславі пад касою расу! Блаславі скошаную траву! Блаславі, Божа, нашых касцоў! Спашлі ім пагодачку на добрую работачку!..”

Касіць удзельнікі конкурсу выходзілі на гэты раз не на дзялкі, як у папярэднія гады, – яны займалі свае пракосы адзін за другім, як гэта было ў даўніну. Працу касцоў журы ацэньвала па наступных крытэрыях: якасць касьбы (вышыня травы пасля пракосу), чысціня касьбы (адсутнасць так званай “барады” – рэшткаў няскошанай травы), эстэтычны выгляд пракосу, выпраўка і стан касца ў час касьбы, адзенне касца.

– Мне шэсцьдзясят гадоў, – гаворыць, пакасіўшы свой пракос, у інтэрв’ю для “Лідскай газеты” самы старэйшы ў гэтым годзе ўдзельнік конкурсу Віктар Ляпешка. – Аднак я ўжо дзевяць гадоў знаходжуся на пенсіі (пайшоў на пенсію па “гарачай сетцы” з завода “Оптык”). Жыву ў вёсцы Бабры Ходараўскага сельсавета. Касіць, кляпаць касу навучыў мяне дзед. Кашу з адзінаццаці гадоў. У конкурсе ручной касьбы ўдзельнічаю трэці раз, прызавога месца пакуль не займаў. Лічу, што паспяховая касьба залежыць у першую чаргу ад кляпання касы. А яшчэ трэба ўмець выбраць касу.

А Галіну Брэйва з Беліцы, адзіную на гэты раз жанчыну-ўдзельніцу конкурсу, касіць навучыў бацька, і косіць яна з дзесяці гадоў. У мінулым годзе нават заняла 2-е месца па выніках конкурсу “Звініць каса – жыве вёска”. А яшчэ Галіна Тадэвушаўна вельмі любіць танцаваць, і ў час выступлення на свяце творчых калектываў можна было бачыць, як яна горача, нястомна танцуе перад сцэнай, падаючы прыклад іншым гледачам.

Галоўнае не перамога, а ўдзел

І вось усе касцы скасілі свае пакосы, вярнуліся да сцэны, паставілі свае косы на плот. Пакуль члены журы раіліся паміж сабой, падводзілі вынікі, на сцэне пад адкрытым небам выступалі народны вакальны гурт “Святліца” Дзітвянскага Дома культуры, вакальны гурт народнага хору “Скарбніца” ААТ «Завод “Оптык”», фальклорны калектыў “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Удзельніцы апошняга таксама праводзілі для ўсіх жадаючых майстар-класы па побытавых танцах і вырабе лялькі з сена.

– Касьба – справа небяспечная, – адзначае майстар Марыя Шылкоўская. – Касой можна лёгка нанесці сабе цяжкую траўму. Нашы продкі верылі, што лялькі-пакосніцы абароняць людзей ад выпадковых траўм у час сенакосу. Пасля пачатку працы ляльку хавалі ў першы стог. Лічылася, што таму, хто потым яе знойдзе, будзе спадарожнічаць поспех. Лялька-пакосніца – унікальная лялька: яна можа быць і абярэгам, і абрадавай, і проста гульнявой. Дзеці гулялі з ёй, пакуль іх маці працавалі ў полі.

Але вось прыйшоў час абвяшчэння вынікаў конкурсу ручной касьбы. Як адзначыла журы, у наш час проста выйсці са звычайнай касой на луг і пакласці пракос – ужо вялікае дасягненне. Таму перамога ў гэтым конкурсе не галоўнае. Галоўнае – удзел. Усе касцы, якія прынялі сёлета ўдзел у спаборніцтве, былі па-свойму адмысловыя. Калі ж гаварыць аб пераможцах, то 1-е і 2-е месцы занялі адпаведна браты Віталій і Аляксандр Кель з аграгарадка Дзітва, 3-е месца – у Вячаслава Карабача з Ходараўцаў. Найлепшыя касцы атрымалі прызы ад спонсара мерапрыемства – ААТ «Шклозавод “Нёман”».

– У Дзітве я дапамагаю бацькам і працую на торфабрыкетным заводзе, – дае інтэрв’ю “Лідскай газеце” задаволены сваім вынікам, а таксама вынікам свайго брата Віталій Кель. – А жыву ў Лідзе (мая сям’я, як шматдзетная, атрымала ў Лідзе кватэру). На свята ў Ганчары прыехаў проста з работы. Брат працуе ў Лідзе, у БМУ-7. У яго таксама шматдзетная сям’я. Абодва косім з падлеткавага ўзросту. У конкурсе ручной касьбы ўдзельнічаем другі раз. Летась я таксама быў пераможцам. Значную лепту ў наш поспех унёс наш тата Эдуард Кель: менавіта ён падрыхтаваў косы. А ад падрыхтоўкі касы ў такіх спаборніцтвах залежыць многае. Важныя фактары таксама жаданне і здароўе. Нам вельмі хацелася перамагчы, і мы вельмі добра сябе адчувалі!

P. S. Раней у народзе казалі: хто як лыжку ў рот носіць, той так і косіць. Добры работнік і есць з апетытам. Арганізатары конкурсу таксама не сталі адыходзіць ад традыцый і запрасілі ўсіх удзельнікаў на вячэру – за шчодры беларускі стол, традыцыйна падрыхтаваны КСУП “Беліца-Агра”, якое ўвогуле аказвае вялікую падтрымку ў арганізацыі і правядзенні конкурсу ручной касьбы.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться