Пад зоркай Манюшкі. Музычны мост сяброўства злучыў Шальчынінкай і Ліду

27 Декабря 2020 1234
Для музыкі няма межаў. Яна яднае, узвышае, захапляе і робіць чалавека шчаслівым. Ды што казаць – яе трэба выконваць і слухаць! І музыка гучала – у Лідскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў, дзе адбываўся міжнародны фестываль-конкурс міжкультурнага ўзаемадзеяння імя Станіслава Манюшкі.

Яскравая падзея праходзіла ў рамках праекта «Музычны мост дружбы Шальчынінкай – Ліда» Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія – Літва – Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гг. і акцыі “Ліда – культурная сталіца Беларусі-2020”.

За акном быў “мінус”, дзьмуў несціханы вецер, панаваў холад, а за сценамі будыніны музычнай школы ў цэнтры горада – горача. Ад таго цяпла, якое, дакранаючыся, дорыць кожнаму сэрцу яе вялікасць Музыка, і ад эмоцый, якія перажывалі канкурсанты, іх педагогі і групы падтрымкі.

Геаграфія фестывалю дзякуючы вочнай і дыстанцыйнай форме правядзення была шырокая – у ім удзельнічалі больш за дзвесце юных выканаўцаў на музычных інструментах, вакалістаў, аркестраў і ансамбляў з гарадоў Беларусі (Мінска, Ліды, Гомеля, Віцебска, Гродна, Магілёва, Пінска, Брэста), Латвіі і Літвы. Паралельна вялася анлайн-трансляцыя на Youtube. У рэжыме рэальнага часу назіралі за конкурсам і падтрымлівалі сувязь з удзельнікамі з беларускага боку педагогі і выхаванцы Шальчынінкскай дзіцячай школы мастацтваў. 

Канкурсантаў і гасцей фестывалю вітала начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, якая назвала падзею адной з самай яскравых у жыцці Ліды – культурнай сталіцы Беларусі-2020 – і пажадала яго ўдзельнікам гучных перамог, а журы – адкрыцця вялікіх талентаў.

Ганаровае журы ўзначаліў Аляксандр Валодчанка – харавы дырыжор, магістр мастацтваў, спявак, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэат міжнародных фестываляў і конкурсаў, член Беларускага саюза музычных дзеячаў.

Конкурс праходзіў пад зоркай Станіслава Манюшкі, вялікага кампазітара, якога лічаць сваім тры народы: беларускі, літоўскі і польскі. 

– Гэта знакавая фігура для беларускай культуры. Прадстаўнік рамантызму, чалавек, які падняў беларускую музычную культуру на высокі міжнародны ўзровень, кампазітар, якога ведаюць, любяць у розных кутках зямнога шара. Дакрануцца да яго творчасці – гэта значыць, дакрануцца да чагосьці сапраўднага, да твора высокай якасці. Гэта той брэнд нашай культуры, які застанецца з намі назаўсёды, нягледзячы на тое што Манюшка тварыў і на тэрыторыі іншых краін, – адзначыў Аляксандр Валодчанка. – Віншую канкурсантаў з удзелам у праекце. Не хвалюйцеся, смела паказвайце свае здольнасці, цягніцеся, перамагайце!

У ліку першых канкурсантаў у намінацыі “Фартэпіяна” выступіла навучэнка 3 класа Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Ксенія Кулік. 

– Хвалявання было не ўтаймаваць, – прызнавалася карэспандэнту “Лідскай газеты” дзяўчынка, – але выступленнем задаволена.

“Здольная, спагадлівая, працаздольная”, – адгукаецца аб ёй выкладчыца Нона Стрылюк. “Для Ксеніі гэта ўжо не першы ўдзел у конкурсах, – расказвае мама Анжаліка Аляксандраўна. – Сёлета яна ўжо заняла 1-е месца ў міжнародным інтэрнэт-конкурсе “TalantPresto”. Верым у перамогу і зараз”.

Іона Закарыя, навучэнка 3 класа дзіцячай музычнай школы мастацтваў (выкладчык – Ларыса Шабаліна), нягледзячы на юны ўзрост, таксама мае вопыт удзелу ў рэспубліканскіх конкурсах. “Выступаць на сцэне перад журы заўсёды хвалююча, – гаворыць дзяўчынка. – Спадзяюся на добрыя адзнакі”. 
 
– У рэалізацыю праекта «Музычны мост дружбы Шальчынінкай – Ліда» карэктывы ўнесла пандэмія. Але мы паспелі зрабіць вельмі важныя крокі ў развіцці трансгранічнага культурнага асяроддзя ў Шальчынінкскім і Лідскім рэгіёнах, – расказвае дырэктар Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Алена Жылінская. – Мы сустракаліся на стартавай канфэрэнцыі, прымалі ўдзел у анкетным апытанні і школах педагагічнага вопыту. Міжнародны конкурс імя С. Манюшкі – адно з найбуйнейшых мерапрыемстваў. Першапачаткова планавалася, што літоўскія калегі прыедуць у Ліду, але пакуль можам сустракацца толькі анлайн. Так ці іначай, мы не губляем сувязь у рамках міжкультурнага дыялогу. 

Праслухоўванні праходзілі на працягу двух дзён. З раніцы да вечара ў цэнтры Ліды гучала прыгожая класічная музыка. Тут, за вокнамі дзіцячай музычнай школы, аздобленымі зімовымі карункамі, адбываліся цуды, а правіла балам музыка пад зоркай Станіслава Манюшкі.

…Апошняе слова было за журы. Па выніках конкурсу сярод пераможцаў названы і лідчане. Найбольш важкая капілка ўзнагарод – у выхаванцаў Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. 

Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны: у намінацыі “Фартэпіяна” – Аляксандр Дукі (Першамайская музычная школа), у намінацыі “Вакал” – Іван Хромін (Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў), у намінацыі “Музыкант-тэарэтык” – Ганна Лябецкая (Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў), у намінацыі “Аркестр, ансамбль, хор” – узорны духавы аркестр (Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў) і аркестр баяністаў і акардэаністаў (Лідская дзіцячая школа мастацтваў), у намінацыі “Клавішна-народныя інструменты” – Аляксандра Капуста (Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў), Андрэй Янковіч (Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў), Аляксандр Дукі (Бярозаўская дзіцячая школа мастацтваў), у намінацыі “Драўляныя і медныя духавыя інструменты” – Соф’я Сударыкава, Аляксандр Падвойскі, Данііл Дайлідка, Аляксандр Андрушкевіч (усе – выхаванцы Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў), у намінацыі “Струнна-народныя інструменты” – Андрэй Гараднічы, Марыя Рак, Ульяна Конанава, Максім Крыніцкі (выхаванцы Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў) і  Таццяна Канарская (Лідскі дзяржаўны музычны каледж). 

Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам (фінансаванне ЕС па праекце складае 260 386,20 еўра). Публікацыя была падрыхтавана пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Яе змест з’яўляецца выключнай адказнасцю ДУА “Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў” і не з’яўляецца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага саюза.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться