Імгненні савецкай эпохі ў фоталетапісе Лідчыны

04 Октября 2020 806
Нядаўна Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы атрымала дыплом пераможцы абласнога конкурсу фоталетапісаў “Малая радзіма: імгненні гісторыі” ў намінацыі “Наш край – наш лёс”.

Узнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу адбылося ў час правядзення культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 190-годдзю з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага”. 1-е месца ў сваёй намінацыі Лідская раённая бібліятэка падзяліла з Мастоўскай. Калектыў бібліятэкі гэта перамога вельмі радуе, тым больш што праца над стварэннем фотаальбома была праведзена вялізная, і прыемна, што гэтую працу ацанілі па заслугах. 

Арганізатарамі конкурсу “Малая радзіма: імгненні гісторыі” выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага. Конкурс праходзіў у трох намінацыях: “Наш край – наш лёс”, “Героі ваенных часоў” і “Быт нашых продкаў”. Усяго было даслана дваццаць фотаальбомаў-летапісаў. Сярод асноўных крытэрыяў, па якіх журы ацэньвала дасланыя работы, – іх эстэтычны ўзровень, арыгінальнасць падачы матэрыялу, сістэматызацыя фотаздымкаў. 

– Наша бібліятэка, – расказвае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі Дар’я Марцінкевіч, – у сваім фоталетапісе паспрабавала адлюстраваць грамадска-палітычнае жыццё горада Ліды і Лідскага раёна ў 50-80-я гады мінулага стагоддзя, г. зн. ад першых пасляваенных гадоў да распаду Савецкага Саюза. Дапамаглі нам у гэтым фатаграфіі тых гадоў, у асноўным чорна-белыя. Праз фатаграфіі мы імкнуліся паказаць тагачаснае аблічча Ліды, яе вуліц і будынкаў, як горад мяняўся з цягам часу, падымаўся з руін, бурна развіваўся, рос, станавіўся буйным прамысловым цэнтрам. Акцэнт у сваёй рабоце мы зрабілі менавіта на развіцці Ліды і Лідскага раёна ў савецкую эпоху. 

Па ўмовах конкурсу колькасць фота была абмежаваная – не больш за сто, – і работнікам бібліятэкі пры падрыхтоўцы фотаальбома цяжка было ўкласціся ў гэтыя рамкі, бо фотаздымкаў па сваёй тэме яны сабралі некалькі соцень. Прыйшлося выбіраць з іх самыя яркія, самыя цікавыя, самыя ўнікальныя. А яшчэ ўмовамі конкурсу забаранялася браць здымкі з інтэрнэту – толькі арыгінальныя. Але іх можна было алічбоўваць, фатаграфаваць, раздрукоўваць. Пры зборы фотаматэрыялу бібліятэкары звярталіся да краязнаўчых куткоў і фотакалекцый бібліятэк Лідчыны, штосьці бралі з занальнага дзяржаўнага архіва, з асабістых калекцый, з сямейных альбомаў, з фотатэк лідскіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. 

– Сабраны багаты фотаматэрыял, – працягвае Дар’я Антонаўна, – размяркоўвалі па раздзелах, якія ўмоўна можна назваць “З жыцця горада” (да гэтага раздзела мы аднеслі фотаздымкі з гарадскіх мерапрыемстваў, святаў, дэманстрацый), “Прамысловасць, транспарт і гандаль” (гэты раздзел атрымаўся самым вялікім – ён заняў амаль палову фоталетапісу), “Ахова здароўя”, “Адукацыя”, “Сельская гаспадарка” (з апошняга раздзела можна даведацца, якія назвы насілі калгасы Лідчыны – папярэднікі сённяшніх сельгаспрадпрыемстваў). 

Над афармленнем фотаальбома працаваў аддзел бібліятэчнага маркетынгу пад кіраўніцтвам Дар’і Марцінкевіч. Мастацкае афармленне ўзяла на сябе мастак раённай бібліятэкі Марыя Каханоўская, кожны раздзел суправаджаюць яе арыгінальныя малюнкі. А яшчэ фоталетапіс аздабляюць вершы лідскіх паэтаў аб Лідзе. 

– Альбом, падрыхтаваны для конкурсу, застаўся ў Гродне, у абласной навуковай бібліятэцы, работнікі якой будуць выкарыстоўваць яго на сваіх мерапрыемствах, – адзначае ў канцы гутаркі Дар’я Антонаўна. – Аднак у Лідскай раённай бібліятэцы захавалася відэапрэзентацыя гэтага ўнікальнага альбома. Плануем аформіць яго ў электронным выглядзе (усе ўключаныя ў яго фотаздымкі ў гэтым выглядзе ў нас захаваліся) і прадставіць на сайце і ютуб-канале бібліятэкі. Фотаальбом, у якім адлюстравана развіццё Ліды і Лідскага раёна ў 50-80-я гады, будзе цікавы ў першую чаргу лідчанам, асабліва тым пакаленням, якія раслі ўжо ў постсавецкі час. Ён стане і ілюстраваным дапаможнікам юным лідскім краязнаўцам, якія толькі пачынаюць вывучаць гісторыю свайго краю.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться