Вы такого не бачылі! У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі захоўваецца сапраўдны артэфакт – швейная іголка з косткі жывёлы

19 Июля 2020 1507
Лідчына  – багаты на матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці куток Гродзеншчыны. Яго жыхары ганарацца ўнікальнымі помнікамі архітэктуры, гісторыі і культуры.

У той жа час з глыбіні стагоддзяў дайшлі да нас і іншыя ўнікальныя артэфакты, якія сёння захоўваюцца ў фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Кожны экспанат  – скарбніца інфармацыі аб культурных традыцыях нашага краю, абрадах і рамёствах. І сёння ў спецпрaекце «Скарбонка лiдскага краю» мы раскажам аб самых незвычайных і дзіўных прадметах, якія выкарыстоўвалі нашы продкі ў побыце, у паўсядзённым жыцці.

Цікавыя артэфакты, якім пяць і болей соцень гадоў, сёння можна пабачыць у адной з экспазіцый, прысвечаных гісторыі Лідскага замка. Сярод іх галоўны інструмент для шыцця адзення – швейная іголка. Зроблена яна майстрам сярэднявечча і была знойдзена на тэрыторыі галоўнай гістарычнай славутасці горада падчас археалагічных раскопак, якімі кіраваў кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

–  Калі ў руках у чалавека з'явілася першая іголка, сказаць складана, –  апавядае захавальнік фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Хацяновіч. – Лічыцца, што гэта былі старажытныя часы. Першабытныя людзі здагадаліся рабіць іголкі з тонкіх і вострых костак рыбы, праз адтуліны ў якіх працягваліся сухажыллі жывёл. Потым матэрыялам для маленькага інструмента сталі косткі жывёл. Напрыклад, на тэрыторыях Заходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі знойдзены першыя іголкі з вушкамі з рог. Тоўстыя жылкі пальмавых лістоў служылі іголкамі ў Афрыцы. Да іх прывязваліся ніткі, якія таксама рабіліся з раслін. Іголка, знойдзеная падчас раскопак на тэрыторыі нашага сярэднявечнага замка, таксама выклікае цікавасць.

Гузік XVII-XVIII стагоддзяў указвае ў першую чаргу на майстэрства старажытнага рамесніка.

Экспанат сапраўды ўнікальны. Іголка зроблена з косці буйной рагатай жывёлы. Яна досыць вострая, і ў ёй ёсць круглае вушка. Нягледзячы на ўзрост, артэфакт добра захаваўся.

– Як і сёння, у тыя далёкія часы іголкі былі розных таўшчыні і даўжыні, – працягвае  аповед Наталля Аляксандраўна. – Выкарыстоўваліся яны ў залежнасці ад таго, што трэба было змацаваць, – шкуры, футра, раслінныя матэрыялы. Замест нітак звычайна браліся сухажыллі і раслінныя валокны. А паколькі іголкі з косці часта ламаліся, тое, што ў нас ёсць гэты экспанат, сапраўдны цуд.

Разам з іголкай падчас раскопак быў знойдзены касцяны гузік, аб якім, між іншым, у тыя часы існавалі самыя розныя меркаванні. Паводле слоў спецыяліста, гузікі лічыліся своеасаблівым абярэгам, выкарыстоўваліся як сродак абароны ад цёмных сіл (рускае слова «пуговица» нездарма паходзіць ад слова «пугать»). Лічылася, што яны здольныя адагнаць нядобразычліўцаў, негатыўную энергію, няшчасці. Але так лічылі ў тыя далёкія часы. Сёння гузікам перасталі надаваць чароўныя ўласцівасці – гэта проста патрэбны элемент нашай вопраткі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться