Падарунак лідскім рыцарам ад Рыгора Барадуліна

17 Марта 2014 2676

2 сакавіка 2014 года, ва ўзросце 79 гадоў, памёр народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін. Смерць паэта стала вялікай стратай для літаратурнай Беларусі, для ўсіх, хто яго ведаў (а людзі, якія былі асабіста знаёмыя з Рыгорам Барадуліным, жывуць і ў нашым горадзе).

Рыгор Барадулін працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях, а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Выйшла больш за 70 зборнікаў яго вершаў і каля 30 кніг зробленых ім перакладаў вядомых паэтаў свету. Паэзія Барадуліна перакладзена на многія мовы свету. У апошнія гады жыцця паэт напісаў шмат вершаў духоўнага зместу. Сярод зробленых ім перакладаў на беларускую мову – «Слова пра паход Ігараў», «Рубаі» Амара Хаяма, асобныя творы Міцкевіча, Ясеніна, Гамзатава, Шэкспіра, Байрана і іншых аўтараў. Таксама Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы Рымскага Яна Паўла II “Рымскі трыпціх”. У ліку атрыманых паэтам узнагарод – ордэн “Знак Пашаны”, медаль Францыска Скарыны. Рыгор Барадулін – Ганаровы доктар БДУ і Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна (Віцебская вобласць) – сваёй малой радзімы. 

– Нас з Рыгорам Барадуліным аб’яднала тое, што і я, і ён – грэка-каталіцкага веравызнання, – расказвае кіраўнік студыі “Dies Magna” Мікалай Шаўчэнка. – Свет, як кажуць, цесны, грэка-католікі Беларусі імкнуцца падтрымліваць сувязі паміж сабой, ездзяць адны да другіх у госці. Вось і Рыгор Барадулін аднойчы завітаў у госці ў Лідскую грэка-каталіцкую абшчыну. Прыехаў не адзін, а з паэтам і кампазітарам Алесем Камоцкім. Зайшла гаворка пра мой рыцарскі клуб, і я, як бы між іншым, адзначыў, што вось строем нашы рыцары хадзіць навучыліся, а сваёй страявой песні ў іх няма. Барадулін паабяцаў напісаць верш спецыяльна для клуба «Dies Magna», а Камоцкі – музыку да будучай песні-марша. Сваё слова яны стрымалі – тыдні праз тры нам быў перададзены гатовы верш “Ваяры” з нотамі. Нам было вельмі прыемна атрымаць такі падарунак ад народнага паэта Беларусі, прыемна, што ён так сур'ёзна аднёсся да нашай просьбы. 

Карэспандэнт не прамінуў пацікавіцца, якім застаўся Рыгор Барадулін у памяці кіраўніка студыі «Dies Magna» і іншых лідчан, якім пашчасціла сустрэцца са славутым паэтам.

– Ён быў чалавек вельмі душэўны і далікатны, – гаворыць Мікалай Барысавіч. – У ім адчувалася вялікая сіла духу. Барадулін быў просты ў зносінах, любіў пажартаваць, для ўсіх нас ён быў сваім, родным. Інакш як “дзядзька Рыгор” мы яго пры сустрэчы не называлі, і кожная сустрэча з ім была святам (а сустракаліся мы з Барадуліным не толькі ў Лідзе). І калі яго не стала, кожны з нас адчуў, што страціў роднага чалавека. Смерць Барадуліна – вялікая страта для нас. Але засталіся яго неўміручыя творы, яго шматлікія кнігі. Будзем жа звяртацца да іх і далей.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться