У Лідзе праходзіць выстаўка мініяцюрных кніг з праватнай калекцыі Яўгена Ксяневіча

13 Февраля 2020 1590
У год свайго першага юбілею – 10-годдзя – літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея (дом паэта Валянціна Таўлая) запланаваў шэраг цікавых сустрэч у сваіх сценах. Днямі адбылася першая такая сустрэча – з госцем з Мінска, калекцыянерам кніг, кампазітарам-песеннікам, куратарам музычных і мастацкіх праектаў Яўгенам Ксяневічам.

У рамках сустрэчы ў доме Таўлая адбыліся адкрыццё выстаўкі мініяцюрных (кішэнных) кніг з прыватнай калекцыі Яўгена Антонавіча “Кніга на далоні” і прэзентацыя яго зборніка песень на словы вядомых беларускіх паэтаў “Краіна мая, песня мая…”. На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сімвалічна, што адкрыццё выстаўкі  мініяцюрных кніг у Лідзе праходзіла на другі дзень пасля адкрыцця XXVII міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Мінску, ва ўнісон гэтай падзеі.

Спачатку куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун правёў для моладзевай аўдыторыі кароткі экскурс у гісторыю кніжак-малютак. Цікава было даведацца, напрыклад, аб тым, што прыхільнікам такіх кніг быў і Напалеон Банапарт, які, будучы ў ваенных паходах, насіў з сабой так званую партатыўную бібліятэку – каля паўсотні мініяцюрных кніг у скураным футляры. Застаюцца запатрабаванымі кнігі кішэннага фармату і ў наш час – дзякуючы перш за ўсё таму, што іх зручна насіць з сабой, яны не займаюць шмат месца. Выдаюцца падобныя кнігі і ў Лідзе (свежы прыклад – зборнік вершаў лідскага паэта Міхася Мельніка “З табою”, які выйшаў у мінулым годзе). Дарэчы, Лідскі гістарычна-мастацкі музей таксама збірае сваю калекцыю міні-кніг.

– Я рос і выхоўваўся ў сям’і настаўнікаў-філолагаў, літаратараў, кнігалюбаў, у нас дома было вельмі шмат кніг, – расказвае Яўген Ксяневіч аб перадумовах свайго захаплення калекцыяніраваннем друкаваных выданняў і аб самім гэтым захапленні. – Да таго ж я з юных год хадзіў на літаратурныя вечары, дзе знаёміўся з вядомымі беларускімі паэтамі. У тыя гады (прыкладна канец 60-х – пачатак 70-х) мініяцюрных кніг у Беларусі выдавалася шмат, і я захапіўся імі, стаў калекцыяніраваць. Збіраю таксама рэдкія выданні. Мая калекцыя маленькіх кніжак – адна з найцікавейшых у Беларусі. Самыя старыя кнігі з гэтай калекцыі выдадзены ў XIX стагоддзі. Тэматыка кніг самая разнастайная: ад твораў класікаў беларускай, рускай, сусветнай паэзіі (кнігі паэзіі ў маёй калекцыі складаюць большую частку) да міні-даведнікаў і энцыклапедый, ад выданняў па кулінарыі і шахматах да кніг Бібліі і хрысціянскай літаратуры. Мініяцюрную кнігу я лічу вяршыняй паліграфічнага мастацтва, візітнай карткай паліграфіі краіны. Каля пяцідзесяці гадоў я збіраю кнігі, і столькі ж часу кнігі “збіраюць” мяне – фарміруюць мой светапогляд, вучаць, выхоўваюць. Маленькія кніжкі часта нашу з сабой, размясціўшы па розных кішэнях (усміхаецца). Усяго іх у маёй калекцыі на сённяшні дзень больш за тысячу, а кніг увогуле – больш за дваццаць тысяч.

Выставы мініяцюрнай кнігі Яўген Антонавіч праводзіць апошнія гадоў дзесяць. Ладзяцца яны галоўным чынам у Мінску. Сваю багатую калекцыю ён раздзяліў на некалькі, і зараз яны падарожнічаюць па Беларусі. У Лідзе выстаўка мініяцюрных кніг з калекцыі Яўгена Ксяневіча ладзіцца ўпершыню. У памяшканні дома Таўлая прадстаўлена больш за 180 кніг з гэтай калекцыі на розныя тэмы. “Дадзенай выстаўкай я імкнуся абудзіць перш за ўсё ў моладзі цікавасць і любоў да друкаванай кнігі ў век засілля інтэрнэту, – гаворыць калекцыянер. – Чалавек збірае кнігі, а кнігі, у сваю чаргу, “збіраюць” чалавека. Выстаўка, якая будзе праходзіць у вашым горадзе да канца сакавіка, заклікае хаця б на некаторы час закрыць планшэты і смартфоны і адкрыць кнігу”.

А яшчэ прысутныя больш даведаліся аб Яўгене Ксяневічы як аб кампазітары, аўтары шматлікіх песень на вершы знакамітых беларускіх і рускіх паэтаў, класікаў і сучаснікаў. Дарэчы, ёсць у яго і песні на словы Валянціна Таўлая, у чыім доме-музеі праходзіла сустрэча. З 2017 года Яўген Антонавіч вядзе рубрыку “Песню бярыце з сабою” ў газеце “Звязда”, дзе на дадзены момант апублікавана больш за 40 песень на вершы беларускіх паэтаў. Кампазітар з’яўляецца аўтарам зборніка песень на вершы беларускіх паэтаў для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці “Краіна мая, песня мая…” (2019). У зборніку змешчана 25 песень на словы 19 аўтараў. 

Яўген Ксяневіч расказаў навучэнцам музычнага каледжа, як у яго нараджаюцца песні, якія патрабаванні прад’яўляюцца да вершаванага тэксту, каб ён стаў песняй. Аўдыязапісы некаторых песень кампазітара была магчымасць паслухаць. Расказаў госць з Мінска таксама аб сваім творчым супрацоўніцтве і сяброўстве з бярозаўскімі “Шклярамі”, што звязвае яго з нашай Лідчынай.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться