Дзяржаўнай установе адукацыі «Лідская дзіцячая школа мастацтваў» сёлета споўнілася дваццаць год

14 Ноября 2019 823
Дзяржаўнай установе адукацыі “Лідская дзіцячая школа мастацтваў” сёлета споўнілася дваццаць год. Гэта свята для кожнага вучня, настаўніка, выпускніка ўстановы.

Юбілей – выдатная нагода сустрэцца, яшчэ раз сказаць дзякуй сваім настаўнікам, аддацца ўспамінам і падзяліцца навінамі. Сёння Лідская дзіцячая школа мастацтваў – установа дадатковай адукацыі нашага горада, якая працвітае і пастаянна радуе сваімі поспехамі і перамогамі. Падрабязней аб Лідскай ДШМ з нагоды юбілею расказвае ў нашым інтэрв’ю дырэктар установы Алена СПІРЫНА. 

– Задачы школы мастацтваў не абмяжоўваюцца толькі фарміраваннем прафесійных навыкаў ігры на музычных інструментах, – гаворыць Алена Мікалаеўна. – Навучэнцы з першых крокаў уцягнуты ў актыўнае творчае жыццё: акадэмічныя канцэрты, бацькоўскія сходы і справаздачныя канцэрты класаў, лекцыі-канцэрты для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, канцэрты для жыхароў горада. У кожнага настаўніка свой падыход і свой сакрэт развіцця ў маленькім чалавеку вялікага таленту. Навучанне ў школе мастацтваў выхоўвае ў дзяцей працавітасць, дысцыплінаванасць, развівае мысленне і ўяўленне, ініцыятыву, творчую актыўнасць, пашырае кругагляд, развівае пачуццё таварыства, узаемадапамогі, а таксама ўменне жыць у калектыве. За гады існавання нашай школы было падрыхтавана нямала яркіх, таленавітых навучэнцаў, якія сталі лаўрэатамі і дыпламантамі конкурсаў розных узроўняў. Канешне, далёка не ўсе навучэнцы школы стануць прафесійнымі музыкантамі, вядомымі выканаўцамі, але відавочна адно: набытыя ў нашых сценах веды стануць карысным багажом на ўсё жыццё.

– Колькі педагогаў працуе і колькі дзяцей займаецца ў школе мастацтваў у цяперашні час? 

– У цяперашні час ва ўстанове працуюць 54 высокакваліфікаваныя педагогі і займаюцца 658 юных музыкантаў. Педагагічны склад школы аб’ядноўвае настаўнікаў розных пакаленняў, ён пастаянна папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія атрымліваюць магчымасць непасрэдна вывучаць вопыт сваіх старэйшых калег. Навучанне вядзецца на шасці аддзяленнях па наступных спецыяльнасцях: харэаграфія, эстрадны вакал, фартэпіяна, скрыпка, гітара, акардэон, баян, трамбон, барытон, труба, саксафон, флейта, кларнет, валторна, ударныя інструменты. За дваццацігадовую гісторыю школы мастацтваў пасведчанне аб заканчэнні атрымалі 856 выпускнікоў. Па выніках творчых дасягненняў спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны 41 таленавіты навучэнец. Установа паспяхова і пладатворна развіваецца, адкрываючы новыя гарызонты для навучання і ўдасканалення прафесійных навыкаў, асвойваючы новыя культурныя праекты, імкнучыся да больш высокіх стандартаў якасці адукацыі.

– Як далучаюцца дзеці да свету музыкі ў сценах школы мастацтваў?

– Формай далучэння дзяцей да музыкі з’яўляецца творчая выканальніцкая дзейнасць, якая можа ажыццяўляцца ў самых розных відах: слуханне музыкі, ігра на музычных інструментах; удзел у аркестры; сольныя, ансамблевыя і харавыя спевы; удзел у харэаграфічных пастаноўках, як сольных, так і ансамблевых. Галоўны прынцып работы настаўнікаў школы – выхаванне ў першую чаргу не музыканта, а гарманічна развітай асобы. Даўно вядома, што сфарміраваная з ранніх год здольнасць разумець і адчуваць музыку і любоў да музыкі захоўваюцца на ўсё жыццё. Гэтыя якасці ў многім вызначаюць далейшае развіццё духоўных патрэбнасцей чалавека, яго маральных уяўленняў, эмацыянальнае ўспрыманне і эстэтычную ацэнку жыццёвых з’яў.

– Па якіх накірунках вядзецца навучанне ў Лідскай ДШМ?

– Эстрадны вакал, харэаграфія, ігра на фартэпіяна, струнных, народных, духавых і ўдарных інструментах, а таксама дзейнічае аддзяленне тэорыі музыкі, дзе дзеці вывучаюць асновы музычнай граматы.

– Раскажыце больш падрабязна аб кожным з шасці аддзяленняў школы.

– Голас нашай школы – эстраднае аддзяленне. Калі верыць спецыялістам, пець могуць усе. Але ў кагосьці гэты дар, як кажуць, ляжыць на паверхні, а ў кагосьці “закапаны” глыбей. Распазнаць талент, развіць яго і прымножыць – галоўная задача настаўнікаў вакальнага аддзялення. Дзеці ўдзельнічаюць у фестывалях, конкурсах, выступаюць на святочных канцэртах, набіраюцца вопыту перад вялікай аўдыторыяй, вучацца паводзіць сябе на сцэне ўпэўнена і свабодна. Самыя малодшыя ззяюць на сцэне, як маленькія зорачкі. А старэйшыя вучні адчуваюць сябе сапраўднымі артыстамі. Некаторыя выпускнікі вакальнага аддзялення звязалі сваё жыццё з музыкай і сталі прафесійнымі артыстамі сцэны. Хто ведае, можа, пройдзе час, і мы ўбачым на экране тэлевізара яшчэ шмат знаёмых твараў.

Грацыя нашай школы – харэаграфічнае аддзяленне. Дзеці, якія вучацца на гэтым аддзяленні, наведваюць урокі класічнага, народнага, гістарычна-побытавага і сучаснага танца. Правільна, прыгожа і лёгка танцаваць хочуць многія, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца натуральна і проста. Для таго каб дабіцца пэўных поспехаў, неабходна прыкласці нямала намаганняў над сабой і сваім целам – адны расцяжкі ля станка чаго вартыя! На занятках дзеці пазнаюць азы харэаграфіі, вучацца трымаць асанку, удасканальваюць пачуццё рытму. Танцаваць натхнёна, на радасць сабе і гледачам – што можа быць прыгажэй?! Самыя працавітыя, таленавітыя і эмацыянальныя вучні з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорнага ансамбля танца “Забавушка”, які існуе на базе школы ўжо больш за дзесяць гадоў.

Сіла і моц нашай школы – аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў. Немагчыма ўявіць сабе гэта аддзяленне без аркестра, які быў створаны ў 2008 годзе, а ўжо ў 2015 годзе атрымаў званне “ўзорны”. Аркестр стаў візітнай карткай школы мастацтваў і з’яўляецца пастаянным удзельнікам самых важных мерапрыемстваў нашага горада. Такі поспех абумоўлены той неверагоднай атмасферай сумеснага стварэння музыкі, якая пануе на рэпетыцыях. Дзеці вучацца быць у камандзе, імкнуцца да агульнай мэты, прыхадзіць на дапамогу таварышам і самім у любы момант разлічваць на падтрымку. Акрамя ўсяго іншага, заняткі на духавых інструментах дапамагаюць дзецям, якія маюць праблемы з дыхальнай сістэмай, пазбегнуць развіцця захворванняў за кошт пастаноўкі правільнага дыхання.

Слых і розум нашай школы – фартэпіянна-струннае аддзяленне. Кажуць, што мысленне піяніста супастаўна па хуткасці з высакахуткасным аптавалаконным інтэрнэтам. А слых скрыпача з часам становіцца абсалютным, нават калі першапачаткова яго не было. Ігра на фартэпіяна і скрыпцы вучыць каардынаваць свае рухі, павышае канцэнтрацыю ўвагі, развівае матэматычныя здольнасці, кемлівасць, логіку і ўяўленне. Невыпадкова сярод выпускнікоў гэтага аддзялення ёсць пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы і інфарматыцы.

Душа нашай школы – народнае аддзяленне. Гітара, баян, акардэон… Гукі гэтых інструментаў здольныя за хвіліну стварыць настрой свята і перанесці нас у атмасферу сонечнай Іспаніі, рамантычнай Францыі альбо простай рускай вёскі. Упэўнена, кожны з выпускнікоў гэтага аддзялення са сваім мабільным музычным інструментам будзе жаданым госцем у любой кампаніі, а пры жаданні зможа зрабіць сур’ёзную музычную кар’еру. Дарэчы, на народным аддзяленні таксама ёсць аркестр, які пакуль толькі пачынае сваю творчую дзейнасць, але ўжо мае заслужаныя высокія ўзнагароды рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

І самае важнае аддзяленне, аснова асноў нашай школы – аддзяленне тэорыі музыкі. Без тых ведаў, якія даюць педагогі гэтага аддзялення, немагчыма вучыцца ігры на інструменце. Музыка ж – гэта асаблівая мова, зразумець якую можна, толькі глыбока і ўсебакова вывучыўшы.

– Мастацтва абуджае ў дзецях добрае, робіць іх духоўна багатымі, дабратворна ўплывае на здароўе і разумовыя здольнасці, – адзначае ў канцы нашай гутаркі Алена Мікалаеўна. – Немагчыма пераацаніць карысць ад заняткаў музыкай альбо харэаграфіяй, як і немагчыма пераацаніць уклад педагогаў ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў” у развіццё і выхаванне сваіх вучняў. Прыемна ўсведамляць, што ў нас у горадзе ёсць такая ўстанова, дзе працуюць кіраўнікі і педагогі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія сваёй добрай энергіяй зараджаюць дзяцей. Прыемна, калі на ўроках пяе і радуецца душа, калі праца не ў цяжкасць, а менавіта ў радасць, калі не філасофствуюць аб выхаванні, а проста аддаюць дзецям сваё сэрца. Педагогам ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў”, якія натхнёна працуюць у сферы выхавання юных талентаў, хочацца сказаць дзякуй, дзякуй і яшчэ раз дзякуй!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться