У Лідскім раёне прайшоў фестываль "Тарноўскі цуд"

30 Октября 2019 1009
У мінулую нядзелю ў аграгарадку Тарнова адбыўся яблычны фестываль, які сабраў немалую колькасць прыхільнікаў папулярнай восеньскай садавіны як сярод мясцовых жыхароў, так і сярод гасцей з суседніх населеных пунктаў.

Ужо з назвы мерапрыемстава – ”Тарноўскі цуд” – становіцца зразумелым: галоўныя героі свята – наліўныя яблычкі з мясцовага саду. Іх у зале Дома культуры можна было бачыць паўсюль. У чаканні канцэрта прыхільнікі папулярнай беларускай садавіны мелі магчымасць паспрабаваць кулінарныя вырабы з наліўнога ад калектываў Тарноўскага, Мажэйкаўскага, Першамайскага Дамоў культуры, пазнаёміцца з фотавыставай на тэму яблыкаў, сапраўднай «яблычнай шафай», дзе на суд наведвальнікаў прадстаўлены розныя гатункі смачных фруктаў, і, што самае галоўнае, выбраць на пробу самы вялікі, сакавіты, смачны плод. А потым, падсілкаваўшыся, прыняць удзел у займальных гульнявых праграмах і дэфіле «Яблычны карагод».

– Нездарма кажуць, што яблык – бясцэнны скарб: адзін яблык у дзень – і доктар не спатрэбіцца, – расказвае загадчыца філіяла “Тарноўскі Дом культуры” Святлана Антонік. – Дзецям можна дазволіць жаваць яблычныя костачкі, якія лічацца лепшай крыніцай ёду: 3-4 зярняткі забяспечваюць арганізм сутачнай нормай гэтага найкаштоўнейшага мікраэлемента. Фрукт выводзіць з арганізма шкодныя рэчывы, у тым ліку таксіны, ачышчае кроў, паляпшае работу мозга, нырак, печані і кішэчніка. Ён карысны пры лячэнні прастуды і грыпу. Цёплы адвар з кавалачкаў яблыкаў на вадзе (так званы яблычны чай) аказвае карыснае ўздзеянне пры кашлі і хрыпаце. А колькі рэцэптаў нам могуць даць смачныя плады! Гатаваць з іх розныя стравы – адно задавальненне. З асабiстага вопыту магу параiць: кісленькія добра спалучаюцца з гароднінай у салатах. Атрымліваюцца смачнымі з імі асноўныя стравы – засмажаная курыца, свініна. Салодкія яблыкі добра падыходзяць да дэсертаў (пірагі з яблыкамі, бліны, кісялі, варэнне, джэмы). I доказ гэтаму – наша сённяшняя прэзентацыя.

Аказваецца, «Яблычны фэст» для жыхароў аграгарадка – брэндавае свята. Кожную вясну мясцовы сад (а закладзены ён быў у 2006 годзе па ініцыятыве былога кіраўніка гаспадаркі “Мажэйкава” Казіміра Уладзіслававіча Рахаткі) радуе iх сваёй пышнай квеценню, а ўвосень яго немагчыма ўявiць без духмяных, сакавітых пладоў. Тут вырошчваюць яблыкі восеньскіх гатункаў “імбрус”, “вербнае”, “імант”, “шампіён” і такія зімовыя гатункі, як “глостэр”, “лігл”, “айдарэд”. Яны радуюць пакупнікоў Лідчыны ўвесь асенне-зімовы перыяд. Дарэчы, здзiўляцца тут няма чаму: яблыня, бадай, адзіны від садовых дрэў, які нават у неспрыяльных умовах дае багаты ўраджай.

– У садзе працуе мая бабуля, – частуючыся сакавітым фруктам, заўважыў хлопчык Андрэйка. – Цэлы год клапоціцца аб дрэвах, робіць ім стрыжкі і нават лечыць ад хвароб. А калі наступае восень і на іх паспяваюць вельмі смачныя плады, акуратна збірае іх. Я вельмі люблю спрабаваць яблычкі з тарноўскага саду.

  На свяце было месца не толькі дэгустацыі смачных пладоў і страў з іх, але і ўрачыстаму моманту. Нямала ў сельгаспрадпрыемстве “Мажэйкава” людзей, якія шмат гадоў аддалі прафесіi садавода. Хто ж яны, гэтыя героі, якія ў штодзённай мітусні знаходзяць аддушыну ў працы з садовым інвентаром? На імправізаваную сцэну пад апладысменты гледачоў адзін за адным выходзілі працавітыя работніцы, якім намеснік дырэктара ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Таццяна Лісоўская ўручыла ганаровыя граматы. Юбілейным медалём была ўзнагароджана вартаўнік тарноўскага саду Яніна Эдуардаўна Сакалоўская.

Немалаважны факт: уся канцэртная праграма ў той дзень складалася з песень пра яблыкі, а вершы пра гэтую садавіну склала тая самая загадчык філіяла Святлана Антонік. Таксама святочны настрой у той дзень ствараў народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка» Мажэйкаўскага Дома культуры. Цікавай была канцэртная праграма ўдзельнікаў аматарскай творчасці Іўеўскага раёна.

У народзе кажуць: “Сад пасадзіць нікому не рана i не позна – нi малому, нi старому”. Сапраўды, на Лідчыне, як і ва ўсёй нашай краіне, яблыня з’яўляецца самым распаўсюджаным дрэвам. Калі паглядзець на мясцовыя агароды – мала ў якога гаспадара расце толькі адно дрэўца. За што беларускай яблыньцы наша павага і вялікі дзякуй!




Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться