Дзікая птушка пад прыцэлам… фотааб’ектыва

28 Октября 2019 811

Пабачыць жывёльны свет Беларусі ў фотаздымках, здзейсніць падарожжа ў гісторыю фотасправы, атрымаць уяўленне аб нялёгкай працы ў фоталабараторыі савецкіх часоў, разгадаць тэматычную крыжаванку меў магчымасць кожны, хто прыйшоў ў мінулую сераду ў літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея (дом Таўлая) на адкрыццё фотавыстаўкі Яўгена Пятакіна “Жыццё ў кадры”.

Фатаграфіяй Яўген Сяргеевіч Пятакін захапіўся ў гады вайсковай службы, якую праходзіў у Германіі. Як аказалася, захапіўся нв ўсё жыццё. З 1960 года жыў у Лідзе, дзе працаваў спачатку слесарам на “Лідсельмашы”, а ў 70-я гады – фотакарэспандэнтам у газеце “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”). Затым былі перыяды працы ў фотаатэлье па вуліцы Кірава, на аўтарамонтным заводзе. І дзе б Яўген Сяргеевіч ні працаваў (ды і пасля выхаду на пенсію), ён не расставаўся з фотаапаратам, а яшчэ – з фотаружжом.

– Асабліва часта нацэльваў ён аб’ектыў на лясных звяроў і птушак, – расказвае куратар выставачнага праекта, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. – І хоць сам фатограф родам з Расіі (а дакладней – з Гусеўскага раёна Уладзімірскай вобласці), ён пакінуў нам у спадчыну мноства фотаработ на тэму жывёльнага свету Беларусі – свету, які часта бывае схаваны ад вачэй чалавека. Ходзячы па лясах з ружжом, Яўген Пятакін не забіваў звяроў і птушак, а наадварот – увекавечваў іх, фатаграфуючы. Бывала, яму падоўгу прыходзілася сядзець з паляўнічымі ў засадзе, быць незаўважным, каб не спудзіць аб’ект фатаграфавання (асабліва птушку). Сярод сяброў Яўгена Сяргеевіча было шмат паляўнічых. Яго фотаздымкі змяшчаліся ў многіх газетах і часопісах (у тым ліку ў часопісах “Родная природа”, “Огонек”), што гаворыць аб высокім прафесіяналізме і таленце фатографа, мастацкай вартасці яго работ.


Перад тым як азнаёміць наведвальнікаў з экспанатамі выстаўкі, Алесь Хітрун правёў цікавы экскурс у гісторыю фотасправы, прапанаваў разам разгадаць змешчаную на дошцы крыжаванку зноў жа на тэму фатаграфіі.

Фотаработы Яўгена Пятакіна, прадстаўленыя на выстаўцы, адабраны з больш чым двухсот фотаздымкаў, якія Яўген Сяргеевіч перадаў у фонды Лідскага гістарычна-мастацкага музея ў 2001 годзе. Некаторыя асабістыя рэчы фатографа перадала музею яго дачка Ларыса Драб, іх таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Гэта фотаапараты, граматы, пасведчанне фотакарэспандэнта газеты “Уперад”, білет рыбалова-аматара (захапляўся Яўген Пятакін і рыбалкай) і многае іншае.

Асобны куток на выстаўцы займае “фоталабараторыя”, складзеная ў тым ліку з прадметаў, якімі некалі карыстаўся ў фотасправе Яўген Пятакін. У час адкрыцця выстаўкі адзін з найстарэйшых лідскіх фатографаў Уладзімір Янцэвіч (які, дарэчы, сябраваў з Яўгенам Пятакіным, быў яго вучнем у фотасправе) пры дапамозе экспанатаў “фоталабараторыі” растлумачыў прысутным, як раней праяўляліся фотаздымкі, які складаны гэта быў працэс.

Сваімі ўспамінамі аб Яўгене Сяргеевічы падзяліліся былыя супрацоўнікі “Лідскай газеты” Уладзімір Васько, Тадэвуш Чарнавус, Людміла Бручыкава, Міва Траяноўская. У памяці калег па працы ў газеце “Уперад” Яўген Пятакін застаўся шчырым, кампанейскім, светлым чалавекам, з якім проста немагчыма было не пасябраваць. “Ён улятаў у рэдакцыю як лёгкі ветрык, – успамінала Міва Траяноўская. – Заўсёды жыццярадасны, вясёлы, у добрым настроі – і гэты яго настрой перадаваўся нам”.


Прысутнічала на адкрыцці выстаўкі і дачка Яўгена Пятакіна – Ларыса Драб. Яна падзякавала арганізатарам выстаўкі і ўсім, хто знайшоў магчымасць прыйсці на яе адкрыццё, за памяць аб сваім бацьку, якім яна ганарыцца.

Сімвалічна, што фотавыстаўка Яўгена Пятакіна “Жыццё ў кадры” адкрылася хутка пасля дня яго нараджэння: 14 кастрычніка Яўгену Сяргеевічу споўніўся б 91 год. Працаваць выставачны праект будзе да канца года, а магчыма, і пасля Новага года. На базе выстаўкі плануецца праводзіць заняткі і гульні са школьнікамі на тэмы фатаграфіі і прыроды, сустрэчы з фатографамі-аматарамі, фотамастакамі. Яна стане свайго роду часовым міні-фотамузеем у літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея і будзе карыснай для ўсіх, хто цікавіцца фотасправай, а таксама жывёльным светам Беларусі, які гэтак удала адлюстраваў у многіх сваіх фотаработах Яўген Пятакін.















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться