Алег Кур’ян: «Хвалявацца на сцэне – гэта нармальна»

30 Августа 2019 1279
Алег Уладзіміравіч Кур’ян – адзін з найстарэйшых салістаў прадзюсарскага цэнтра Станіслава Кнутовіча.

Удзел у эстрадных праграмах прадзюсарскага цэнтра даў Алегу Уладзіміравічу магчымасць выступаць на сцэне пасля шматгадовага перапынку ў сольнай кар’еры – як даў ён такую ж магчымасць Аляксандру Макею, Тамары Голубевай, аб якіх мы ўжо расказвалі. І калі Аляксандр Макей шмат гадоў назад заявіў у Лідзе аб сабе як саліст у МЦ “Панарама”, а Тамара Голубева – у ВІА “Шанс” пры той жа “Панараме”, то сольная кар’ера Алега Кур’яна ў нашым горадзе пачалася яшчэ раней з моладзевага ВІА “Бумеранг”. Але да гэтага ў яго быў вопыт выступлення ў моладзевым вакальна-інструментальным ансамблі горада Салігорска…

Дзіцячыя і юнацкія гады Алега Кур’яна прайшлі ў Салігорску. Менавіта ў тыя гады ён назаўсёды пасябраваў з музыкай і песняй, хаця прафесійны шлях у далейшым абраў зусім іншы. Вучыўся ў Салігорскай дзіцячай музычнай школе па класе баяна, іграў у аркестры баяністаў тамтэйшага Дома культуры. Пасля музычнай школы Алега запрасілі ў мола-дзевы вакальна-інструментальны ансамбль, які рэпеціраваў на базе Дома культуры, але існаваў сам па сабе. На той час гэта быў адзін з найлепшых музычных калектываў горада шахцёраў, аднаго з яго ўдзельнікаў нават запрашаў да сябе ў “Песняры” Уладзімір Мулявін. Алег Кур’ян быў самым старэйшым удзельнікам анса-мбля, іграў у ім на баяне, а таксама шмат спяваў. Яго кумірам сярод вядомых спевакоў тады быў Юрый Антонаў (і сёння ў рэпертуары Алега Кур’яна ёсць нямала яго песень). 

Затым была служба ў арміі, а пасля – у 1980 годзе – пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў Ліду, бліжэй да Навагрудчыны, дзе жылі бацькі. У Лідзе Алег выпадкова пазнаёміўся з музыкантамі, якія рэпеціравалі ў Доме афіцэраў. У 1982 годзе ён стаў адным са стваральнікаў пры Доме афіцэраў ВІА “Бумеранг” (прынцып бумеранга – “як дасі, так і атрымаеш”, – на думку Алега Кур’яна, прымянімы і для музыкантаў, спевакоў, якія выступаюць перад публікай, – адсюль і такая назва). Алег у гэтым ансамблі спяваў, іграў на гітары. На жаль, ВІА “Бумеранг” праіснаваў усяго пару гадоў, хутка яго ўдзельнікі, маладыя людзі, “разляцеліся” хто куды, вызначыўшыся з будучымі прафесіямі. Алег Кур’ян таксама на шмат гадоў адышоў ад сцэны, якая так і засталася для яго толькі хобі. 

Алег Уладзіміравіч добра ведаў лідскага кампазітара, стваральніка і кіраўніка аматарскага аб’яднання кампазітараў, аўтараў і выканаўцаў песень “МузАльянс” тады яшчэ Дома культуры Вячаслава Пыпеця. Нейкі непрацяглы перыяд Алег Кур’ян выступаў на сцэне ад “МузАльянса” (гэта былі 2006-2007 гады), але хутка зноў як саліст адышоў, як кажуць, у цень. 

І толькі праз дзесяць гадоў ён зноў з’явіўся на сцэне – на гэты раз у якасці саліста прадзюсарскага цэнтра Станіслава Кнутовіча і аркестра эстраднай музыкі пры ім.

– Песні выконваю разнапланавыя, але ў асноўным лірычныя, – расказвае аб сваім цяперашнім рэпертуары Алег Уладзіміравіч. – У маім рэпертуары ёсць і песні рэтра, і сучасныя, і эстрадныя, і шансон. І, канешне, не абыходзіцца без песень куміра майго юнацтва Юрыя Антонава. Некаторыя выконваемыя мною вядомыя песні – “Радуга”, “Клен”, “Калина красная”, “Снег” і іншыя – слухачы падпяваюць, што вельмі прыемна.

– Ці хвалюецеся, выходзячы на сцэну? Вы ж усё такі шмат гадоў не спявалі.

– На сцэне хвалююся заўсёды і лічу, што гэта нармальна. Калі пяеш ад душы, аддаеш усяго сябе слухачам – проста немагчыма не хвалявацца. Хваляванне ў спевака павінна быць – гэта значыць, ён неабыякавы да выконваемай песні, да публікі, да яе рэакцыі.

– Што ўвогуле ў вашым жыцці значыць песня?

– Магчымасць выступаць на сцэне, спяваць, рэпеціраваць уносіць нейкую разнастайнасць, больш яркіх фарбаў у звыклыя будні з іх чаргаваннем дома і работы (а працую я будаўніком у будаўнічай брыгадзе ААТ “Лідскі ліцейна-механічны завод”). А які зарад станоўчай энергіі атрымліваеш ад рэакцыі гледачоў! Гэта цяжка перадаць словамі.

– На міжнародным фестывалі эстраднай музыкі і песні “Галасы сяброў”, які быў арганізаваны і праве-дзены прадзюсарскім цэнтрам Станіслава Кнутовіча, вы ўдзельнічалі ва ўсіх трох фестывальных вечарах. Песні ў вашым выкананні таксама краналі гледачоў – вам шчыра дзякавалі, нават дарылі кветкі. Вы, напэўна, засталіся пад вялікім уражаннем ад таго фестывалю?

– Безумоўна, фестываль вельмі спадабаўся. Мяне, як і гледачоў, уразіў высокі ўзровень яго правядзення, выступлення ўдзельнікаў. Але хацелася б (і гэта не толькі маё пажаданне) бачыць на такіх фестывалях больш гледачоў (магчыма, многія ў Лідзе яшчэ не ведаюць аб нашым прадзюсарскім цэнтры, аб яго цікавых праектах, ды і рэклама, напэўна, спрацавала няважна). А яшчэ хачу пажадаць фестывалю “Галасы сяброў” стаць яшчэ адным лідскім культурным брэндам, займець спонсараў, сабраць больш моладзі, каб са сцэны гучала больш маладых галасоў.

P. S. Дарэчы, на канец года прадзюсарскі цэнтр Станіслава Кнутовіча запланаваў правесці сольную праграму з удзелам Алега Кур’яна. Сачыце за інфармацыяй і афішамі!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться