Будзем жыць у культурнай сталіцы Беларусі

05 Августа 2019 1654

Увесь наступны год, нам трэба будзе жыць не проста ў горадзе, а ў своеасаблівай сталіцы. Як ужо паведамляла «Лiдская газета», наш горад на ўвесь наступны год набудзе статус культурнай сталіцы рэспублікі.

Што думаюць пра гэта работнікі, чыя дзейнасць непасрэдна звязана са сферай культуры і чаго яны чакаюць ад гэтага статусу і падзеі – пацікавіўся карэспандэнт «Лiдскай газеты». 

Марыя Мельячэнка, дырэктар Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі:

– Лічу, што статус «Культурная сталіца года» Ліда атрымала заслужана, бо ў нашым горадзе праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў ад раённых да рэспубліканскіх. Статус дапаможа прыцягнуць турыстаў, паколькі ёсць велізарная колькасць гістарычных месцаў, якія можна наведаць. Таксама тут праходзяць вулічныя мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках, дзе навучэнцы нашага цэнтра прымаюць актыўны ўдзел.

Наша ўстанова імкнецца рэалізоўваць праекты, якія дапамогуць лідчанам і гасцям больш глыбока акунуцца ў гістарычнае мінулае Лідчыны.

Рэкамендую жыхарам больш актыўна браць удзел у культурных праграмах, якія мы праводзім.

Таццяна Язерская, культуролаг ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці»:

– Гэтае рашэнне сапраўды апраўдана, паколькі ўзровень культуры ў горадзе на вельмі высокім узроўні. Думаю, што цяпер нам дадзены шанец не проста паказаць культурнае жыццё горада, а прадставіць яго ва ўсёй красе.

Праграма ў нас запланавана досыць шырокая. Будзе праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў. Сярод іх: «Замак-фэст або Цуды на Стары Новы год», «Гуляй, Масленіца», свята «Купалле», рыцарскі турнір «Меч Лідскага замка», раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваей кухнi» – свята кулінарыі на Лідчыне, фестываль нацыянальных культур Лідчыны «Суквецце сяброўcтава» - свята, якое аб'ядноўвае ўсе нацыянальнасці раёна.

А самым яркім самабытным брэндам нашай ўстановы ў 2020 годзе стане свята ткацтва «...І не сціхнуць кроснаў Абшар...», які запланаваны ў рамках дзеяння праекта «Музычны мост дружбы Шальчынінкай-Ліда» па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія-Літва-Беларусь». У замку будзе праводзіцца майстар-клас па традыцыям ткацкага майстэрства.

Усім лідчанам хачу напомніць, каб не заставаліся ў баку ад культурнага жыцця нашага горада і актыўна наведвалі ўсе нашы мерапрыемствы. Абяцаю: будзе вельмі цікава і весела!

Вольга Каспорская, першы сакратар Лідскай раённай арганізацыі ГА «БРСМ»:

– Калі я ўпершыню пачула, што Ліда атрымала статус «Культурная сталіца года» – мяне ўзяў гонар за наш горад. Яму аказан вялікі давер насіць такое аўтарытэтнае імя, таму што, культурныя мерапрыемствы праходзяць у нас на самым высокім узроўні. Каб пацвердзіць высокае званне, спатрэбіцца вялікая праца, у тым ліку і па арганізацыі культурных мерапрыемстваў. Пачынаючы з мінулага года, мы запусцілі шэраг новых праграм, сярод якіх выдзяляецца конкурс танцавальных калектываў «Моладзь Дэнс | БРСМ». У наступным годзе плануем развіваць гэты накірунак і далей, яго аснова таксама будзе пакладзена пры планаванні дзейнасці нашай арганізацыі на 2020 год.

Жыхарам Ліды жадаю быць актыўнымі і наведваць мерапрыемствы.

Алена Серакова, дырэктар УА «Лідскі дзяржаўны музычны каледж»:

– Лічу, што статус «Культурная сталіца года» – гэта вялікі гонар для нашага горада, паколькі падобныя падзеі ня такія частыя ў культурным жыцці нашага грамадства. Няпроста пачынаць новыя, маштабныя праекты звязаныя з прыцягненнем вялікай колькасці ўдзельнікаў. Безумоўна, гэтая падзея пацягне за сабой масу станоўчых эмоцый, прыедуць мноства розных музыкаў і калектываў з іншых гарадоў, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа. Хочацца пажадаць удзельнікам творчых поспехаў і добрых уражанняў ад нашага горада.

Музычны каледж да кожнай знамянальнай падзеі рыхтуе блок праграм, як аркестравых, так і харавых. Традыцыйна на базе нашай ўстановы будуць праходзіць і такія мерапрыемствы, як абласны адкрыты конкурс імя Канстанціна Горскага, абласны конкурс сярод вучняў сельскіх дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ мастацтваў, абласная музычна-тэарэтычная алімпіяда. У планах – падрыхтаваць шэраг музычных праграм з прыцягненнем кампазітараў Прынёманскага рэгіёну і, ўвогуле, дзеячоў культуры і мастацтва РБ.

Для нас, як для музыкаў, важна, каб падчас такога знамянальнага,насычанага падзеямі года, рэалізаваць свой патэнцыял па максімуму, паказаць нешта новае.

Хочацца сказаць, што ў нашым горадзе, заўсёды была моцная культурны складнік. Людзі сочаць за гарадскімі мерапрыемствамі, канцэртнымі праграмамі, наведваюць іх мэтанакіравана. Будзем спадзявацца, што так будзе і далей.
Текст:
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться