Гуляюць весела, віншуюць шчыра. Як у Ганчарскім сельсавеце адзначаюць святы вёсак?

29 Июля 2019 943

Мудрасць у позірку старажылаў, паважлівае стаўленне моладзі, звонкі і радасны смех дзетвары, музыка, народныя песні і танцы – па-сапраўднаму душэўна прайшло свята ў вёсцы Даржы.

Як гэта заўсёды бывае ў сельскіх населеных пунктах, народ пачаў збірацца загадзя. Рознакаляровыя шарыкі, дзіцячыя атракцыёны, крэатыўная фотазона, выстава работ мясцовых умельцаў – для добрага баўлення часу хапала ўсяго. Арганізатары свята, Ганчарскі сельвыканкам і работнікі мясцовага Дома культуры, пастараліся на ўсе 100 %, каб свята вёскі прайшло прыгожа, весела і незабыўна.

У той дзень шмат было сказана аб гісторыі Даржоў. Дакументальна вядома, што вёска пры рацэ Дзітве Ганчарскай воласці Лідскага павета Віленскай губерні згадвалася ў пачатку XX стагоддзя. Росквіт яе пачаўся, калі былі пабудаваны ільнозавод, ветсанутыльзавод, яслі-сад, магазін, шматкватэрныя дамы. Сюды паехалі людзі. На 1 студзеня 1996 года Даржы налічвалі ажно 440 жыхароў. На сённяшні дзень тут пражывае 320 чалавек. Па стане здароўя, іншых прычынах не кожны з іх змог прыйсці на сустрэчу, але іх адсутнасць папоўнілі дзеці і ўнукі, нават праўнукі. Гэта добры знак таго, што будзе захоўвацца пераемнасць традыцый, звычаяў. Моладзь будзе бліжэй знаёміцца і лепш ведаць адзін аднаго.

…У народзе кажуць: “Той род добры, дзе старым павага і пашана, і тое свята слаўнае, дзе ім галоўнае месца”. Таму падчас свята ўшаноўвалі доўгажыхароў, а іх у Даржах нямала. Усе яны – узор мудрасці і вопыту для маладога пакалення. Самай старэйшай жыхарцы населенага пункта – Надзеі Махнач – ажно 95 год! За ёй ідзе Марыя Кручок, якая сёлета адзначыла 88 гадоў. Усё сваё жыццё Марыя Антонаўна працавала настаўніцай у Ганчарскай сярэдняй школе. Між тым родам яна са Зблян, а ў Даржы пераехала разам з мужам Аркадзем Аверкавічам, які кіраваў ільнозаводам больш за 20 гадоў. За сваю  працу ён быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Падчас свята вядучыя пералічылі імёны дзясяткаў людзей, якія працавалі на гэтым жа прадпрыемстве і якія дагэтуль жывуць у Даржах. Прафсаюзны камітэт ААТ “Карэлічы-лён” падрыхтаваў для ветэранаў невялікія падарункі. Шмат слоў падзякі было сказана і ў адрас былых працаўнікоў ветсанутыльзавода, які на тэрыторыі Ганчарскага сельсавета быў пабудаваны ў 1986 годзе, у адрас працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ды што там – дзякуй сказалі ветэранам, мабыць, усіх сфер народнай гаспадаркі.

Прымалі віншаванні, падарункі і іншыя паважаныя людзі – напрыклад, равеснікі Гродзенскай вобласці, або тыя, каму сёлета споўнілася 75 год. Не засталіся без увагі на свяце і сем’і, якія разам дружна жывуць шмат гадоў. Напрыклад, залатое вяселле – 50 гадоў сумеснага жыцця – адзначаюць у гэтым годзе муж і жонка Канстанцін і Яніна Генец.

– Сама я са Стаўбцоў, муж таксама родам не адсюль, а ў Даржы мы пераехалі ў 1971 годзе на работу. Гэтая вёска стала для нас малой радзімай, прытулкам. Тут мы нарадзілі дзяцей, знайшлі сяброў. Мы ж з суседзямі ўсе святы разам адзначаем: хрэсьбіны, вяселлі, праводзіны ў армію… Вельмі дружна жывём, стараемся падтрымліваць адзін аднаго, – адзначыла Яніна Феліцыянаўна.

…Душэўна было ў Даржах. Стараста вёскі Любоў Лазінская напрыканцы свята ад імя ўсіх падзякавала арганізатарам за ўвагу да іх невялікага населенага пункта і мясцовых жыхароў, за добры канцэрт і мноства цёплых слоў.

Дарэчы, так праходзяць сустрэчы на ганчарскай зямлі ва ўсіх населеных пунктах. Тыднем раней прайшло свята вёскі Ганцавічы.

Радуе, што ў Лідскім раёне практыка правядзення святаў вёсак на спыняецца, што ні ў каго не ўзнікае нават ценю сумнення ў тым, наколькі важная малая радзіма і для чалавека, і для краіны ў цэлым. Адназначна, гэта традыцыя павінна жыць.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться