Сакрэт «Сполцаў» яшчэ не раскрыты, або Чым запомніўся «Славянскі базар» юным бярозаўскім артыстам

25 Июля 2019 2027
Па ініцыятыве пярвічнай арганізацыі БРСМ горада Бярозаўкі мясцовы вакальна-інструментальны калектыў «Сполцы» цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Івана Браніслававіча Шапуцькі прадстаўляў Гродзенскую вобласць на «Славянскім базары».

Праўда, да гэтай падзеі гурт яшчэ паспеў наспяваць на другое месца ў абласным конкурсе «Прывітанне, свет». Там іх і заўважылі. Нашы дзеці на «Славянскім базары» былі самымі юнымі ўдзельнікамі сярод вакальна-інструментальных груп гэтага грандыёзнага шоу (самым старэйшым – па 17 гадоў, наймаладзейшай – 12) і другімі за ўсю гісторыю Бярозаўкі. Першымі былі ўжо вядомыя і нават знакамітыя «Шкляры». «Сполцам» усяго толькі два гады. Зусім «зялёныя», здавалася б, але вельмі таленавітыя дзеці. У Бярозаўцы іх добра ведалі, а зараз яны прагрымелі на ўсю Беларусь. Як гэта было, карэспандэнт «Лідскай газеты» вырашыў даведацца з першых вуснаў і адправіўся на рэпетыцыю. Знайсці дзяцей было нескладана, арыентуючыся па гуках ударных і гітар.

Вось яны – восем чалавек. Ігнат Пышынскі, Арсеній Клімовіч, Дзмітрый Дзябін, Уладзіслаў Шапуцька, Максім Стэфановіч, Яўген Федчанка, Кацярына Бабір, Дыяна Маляўская ствараюць новую «рэч». Усе выкананыя «рэчы» – аўтарскія. Ствараюцца сумесна: нехта нясе ідэю, нехта – словы, нехта – музыку. Галоўны чараўнік, вядома ж, кіраўнік – Браніслававіч (так завуць Івана Шапуцьку дзеці). «Рэч» з ідэй і пары слоў у яго можа нарадзіцца за паўгадзіны. Праўда, потым, каб данесці яе да сцэны, бывае, прыходзіцца траціць тыдні. Але гэта ўжо не важна. Аднак вернемся да падзеі, дзеля якой мы і сустрэліся. На «Славянскі базар» дзяцей збіралі, як кажуць, усёй грамадой: Дом культуры прадаставіў сцэну для рэпетыцый, знаёмыя музыканты забяспечылі апаратурай і пажадалі поспехаў. На такой вялікай сцэне дзеці выступалі ўпершыню. Як гэта было?

Бліц-інтэрв'ю з дзецьмі

– Як прымаў Віцебск?

– Добра, крычалі «Брава»!

– Ці атрымалася на месцы парэпеціраваць?

– Ды не. Не паспелі прыехаць – і на сцэну.

– Страшна было? Якія былі ўражанні, калі выйшлі?

– Дзе правады? Дзе гук? Дзе мікрафоны? Куды падключаць? Дзе Браніслававіч?..

12-гадовая Дыяна Маляўская, дзяўчынка з проста цудоўным голасам, якім немагчыма не заслухацца, сказала: «Адразу было страшна, але калі выйшла на сцэну, усё прайшло». 

Дзеці выступалі на дзвюх сцэнах: на галоўнай, адкуль сышлі многія зоркі, і на другой – у рамках фестывалю «На сямі вятрах». Выконвалі на абедзвюх па шэсць кампазіцый. Пасля выступленняў пазнаёміліся з архітэктурай Віцебска, пагулялі па вуліцах, «пашыбавалі па Шагалу». Увогуле, час дарма не гублялі. На думку Арсенія Клімовіча, Віцебск – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў нашай краіны.

Экспрэс-інтэрв'ю з кіраўніком Іванам Шапуцькам

– Як часта нараджаюцца таленавітыя калектывы?

– Раз у 6-8 гадоў. 

– Што галоўнае ў творчасці, акрамя самой творчасці?

– Быць сябрамі, інакш нічога не атрымаецца. А яшчэ бацькі павінны падтрымліваць захапленні сваіх дзяцей. Калі ўсё разам складзецца – быць калектыву.

– Чаму «Сполцы»?

– Для ўсіх – гэта суполка, якая ўтварылася ў выніку зліцця двух калектываў: «Мідас» і «Бярозаўскі чай». А для нас ёсць свой сакрэт…

 – Што значыць гэты надпіс на сцяне – “Sivoxest, canta!”?

– Гэта наш дэвіз: «Спявай, пакуль ёсць голас!» 

– Як вядома, большасць дзяцей – выпускнікі. З'едуць вучыцца – і што тады?

– Гэта невядома. Іх чакае дарослае жыццё. Многія нашы выпускнікі ўжо з'яўляюцца ўдзельнікамі іншых калектываў, нехта застаецца з успамінамі аб музычным мінулым. Як складуцца далейшыя адносіны з музыкай у гэтых дзяцей, не ведаю. Можа, праз нейкі час аб іх даведаецца ўвесь свет…

Жарты жартамі, але зараз у Браніслававіча іншая задача – зноў шукаць творчых дзяцей у Бярозаўцы і працаваць, працаваць, працаваць… Чамусьці няма сумненняў у тым, што ўсё ў яго атрымаецца. Іван Шапуцька з 25 гадоў выдатнік народнай адукацыі і па цяперашні час адзін з салістаў бярозаўскага мужчынскага вакальнага гурта «Кронан». А з дзецьмі працуе з 1991 года. І ўмее знаходзіць таленты! Ці вырошчваць іх? Зрэшты, якая розніца, галоўнае – вынік!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться