У Лідзе прайшоў раённы фестываль нацыянальных культур «Суквецце сяброўства»

03 Июля 2019 2115

У рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Лідзе, на Дажыначнай плошчы, прайшоў ХІV раённы фестываль нацыянальных культур Лідчыны “Суквецце сяброўства”. Гэтым святам былі прысвечаны выступленні аматарскіх калектываў нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў і калектываў устаноў культуры раёна.

З фестывальнай сцэны дарылі сваю творчасць прысутным гурты “Лідзяне”, “Крэсовы забавы”, “Меморыя”, “Сібірак” , “Стакроткі” раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, вакальны гурт “Аўшра” грамадскага аб’яднання літоўцаў “Рута”, ансамбль “Смерычка” раённай арганізацыі “Трэмбіта” беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” і госць мерапрыемства – мастацкі калектыў беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”, ансамбль яўрэйскай музыкі “Шалом”, ансамбль польскай песні “Крэсавяцы” Палаца культуры горада Ліды, фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. А прысутныя адорвалі кожнае выступленне дружнымі воплескамі, бо ёсць у нашых людзей вельмі важная асаблівасць – паважаць чалавека любой нацыянальнасці, падтрымліваць, суперажываць яму, дапамагаць. Дарэчы, у нашай Гродзенскай вобласці жывуць прадстаўнікі 92 нацыянальнасцей. Жывуць як добрыя суседзі, у міры і згодзе, і многія з такіх этнічных груп нават цяжка назваць звыклым словам “дыяспара” – настолькі шчыльна іх лёс злучаны з лёсам беларускага народа.

Усім творчым калектывам, якія выходзілі на сцэну, а таксама асобным салістам былі ўручаны дыпломы за ўдзел у ХІV фестывалі нацыянальных культур Лідчыны “Суквецце сяброўства” і з нагоды святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. А ў гледачоў фестываль застанецца ў падораных ім уражаннях. Арганізатары мерапрыемства – супрацоўнікі ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” -- імкнуліся, каб імпрэза была цікавай і запамінальнай. Дарэчы, нават дожджык, які налятаў некалькі разоў, не перашкодзіў добраму настрою прысутных.

З некаторымі з іх, а таксама з удзельнікамі фестывалю гутарыў журналіст “Лідскай газеты”.

Ганна Кучмель, удзельніца вакальнага гурта “Аўшра” грамадскага аб’яднання літоўцаў “Рута”:

– У канцы мінулага месяца наш калектыў па запрашэнні пабываў на старадаўнім свяце сонца і расы ў Літве. Яно накшталт беларускага Купалля. Праходзіла мерапрыемства ў парку Вільнюса. Акрамя шматлікіх забаў і абрадавых пастановак, была падрыхтавана канцэртная праграма, удзельнікамі якой сталі і мы. Песню “Яснае сонейка”, з якой выступілі, сёння прапанавалі паслухаць удзельнікам фестывалю. І яна таксама добра была ўспрынята аўдыторыяй.

Галіна Жыдкевіч, старшыня раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:

– Безумоўна, нашы аматарскія калектывы штогод удзельнічаюць у раённым фестывалі нацыянальных культур, нам ёсць што паказаць сваім землякам. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца. Вось і сёння ў выкананні “Меморыі” вы пачулі песню пра любоў да Ліды, якую напісала і даслала нам лідчанка, што зараз жыве за межамі рэспублікі.

Творчая дзейнасць нашых калектываў вельмі шырокая. “Крэсовы забавы” два дні таму назад вярнуліся з Вроцлава, дзе былі ўдзельнікамі фестывалю культуры крэсовай. Гэты ж гурт стаў удзельнікам фестывалю паланэза ў Слоніме і быў адзначаны дыпломам першай ступені. У жніўні нашы калектывы збіраюцца ўдзельнічаць у фестывалі культуры трох народаў, які пройдзе на Аўгустоўскім канале.

Вольга Пчыцкая, кіраўнік вакальнага ансамбля “Смерычка” Лідскай раённай арганізацыі “Трэмбіта” беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”:

– Сёння на сцэне фестывалю не толькі “Смерычка”, але і мастацкі калектыў грамадскага аб’яднання “Ватра”, якое дзейнічае пры рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур. Мы пазнаёміліся з кіраўніком гэтага калектыву ў Мінску, на Днях Украіны. Нашы новыя сябры выказалі жаданне пабываць у Лідзе, пазнаёміцца з горадам. І вось нагода надарылася – раённы фестываль нацыянальных культур. Дарэчы, удзельнікам мастацкага калектыву грамадскага аб’яднання “Ватра” Ліда вельмі спадабалася сваёй гасціннасцю.  

Тамара Суровіч, якая прыйшла на фестываль разам з Міхаілам Сачэўскім:

– Мы не карэнныя лідчане. І я, і Міхаіл Дзмітрыевіч у свой час прыехалі ў Ліду. Я па нацыянальнасці руская, з Саратаўскай вобласці, Міхаіл Дзмітрыевіч – украінец, з Івана-Франкоўска. Лідская зямля стала для нас роднай. Я 37 гадоў адпрацавала начальнікам цэха на абутковай фабрыцы, Міхаіл Дзмітрыевіч служыў у вайсковай часці. Мы даўно на пенсіі, але вядзём актыўны лад жыцця: з’яўляемся ўдзельнікамі хору ветэранаў “Майскія зоры”, па магчымасці займаемся фізкультурай, трымаем дачу. Вядома, не прапускаем мерапрыемствы, якія праходзяць у горадзе. Ну а бываць на фестывалі нацыянальных культур, дзе хочацца падпяваць кожную песню і ісці танцаваць пад музыку, лічым абавязковым!




























Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться