Незабыўныя вечары эстраднай музыкі і песні. У Лідзе прайшоў І Міжнародны фестываль «Галасы сяброў»

12 Июня 2019 895
Тры вечары запар у Палацы культуры горада Ліды праходзіла свята эстраднай музыкі і песні – І Міжнародны фестываль “Галасы сяброў”, арганізаваны прадзюсарскім цэнтрам Станіслава Кнутовіча. 

У першы вечар, у рамках адкрыцця фестывалю, адбылася эстрадна-музычная праграма “Усміхніцеся, людзі, свету!” у суправаджэнні аркестра эстраднай музыкі пад кіраваннем Станіслава Кнутовіча. На вялікай сцэне Палаца культуры выступалі салісты аркестра Аляксандр Купчык, Кэтрын, Аляксандр Макей, Тамара Голубева, Алег Кур’ян, а таксама госці фестывалю – літоўскі ансамбль “Vilsa” і іспанскі саліст Луіс дэ ла Фуэнтэ Дыес. 

Другі вечар стаў вечарам польскай эстраднай песні – на гэты раз гаспадарамі сцэны былі салісты ансамбля польскай песні “Крэсавяцы” Палаца культуры горада Ліды Часлаў Янушкевіч (ён жа кіраўнік ансамбля), Гражына Комінч, Вольга Цыдзік, Вольга Бурнос, салісты вакальнай групы “Сібіракі” Дома польскага Валяр’ян Капачэль і Ніна Догель. Польскія песні выканаў таксама літоўскі ансамбль “Vilsa”. У той жа вечар у рамках фестывалю адбыўся парад салістаў. 

Перад гала-канцэртам, які праходзіў у трэці – апошні – фестывальны вечар, карэспандэнту “Лідскай газеты” ўдалося пагутарыць з замежнымі гасцямі фестывалю.

– У Ліду наш ансамбль прыехаў па запрашэнні Станіслава Кнутовіча, – гаворыць кіраўнік ансамбля “Vilsa” Дарыуш Нядзвецкі (ён жа дырэктар Рыкантайскага шматфункцыянальнага ўніверсальнага цэнтра (Тракайскі раён), на базе якога існуе ансамбль). – Удзел ансамбля “Vilsa” ў фестывалі “Галасы сяброў” у вашым горадзе – першае выступленне калектыву ў Беларусі. У Лідзе мы адчуваем сябе як дома. А ўвогуле, асабіста я тут далёка не ўпершыню: Рыкантайскі шматфункцыянальны ўніверсальны цэнтр ужо каля дваццаці гадоў супрацоўнічае з аддзелам культуры Лідскага райвыканкама – арганізоўваем сумесныя мерапрыемствы з Палацам культуры і аддзелам рамёстваў, рэалізоўваем сумесныя міжнародныя праекты. Уласна ансамбль “Vilsa” існуе чатыры гады, выступае ў розных гарадах Літвы, а цяпер вось – упершыню – выступіў і ў Беларусі. Першае выступленне ў вашай краіне запомніцца нам назаўсёды: аркестр пад кіраваннем Станіслава Кнутовіча цёпла нас прыняў, самі выступленні ўдзельнікаў фестывалю заслугоўваюць самай высокай ацэнкі – бачна, што ў Лідзе шмат таленавітых выканаўцаў.

– Я жыву ў Барселоне, кірую прыватнай культурнай установай, дзе праводзяцца святы, канцэрты, спектаклі, дыскатэкі, вяселлі, – расказвае госць з Іспаніі Луіс дэ ла Фуэнтэ Дыес. – У Беларусь і ў прыватнасці ў Ліду перыядычна наведваюся апошнія сем-восем гадоў. У Ліду мяне запрашае Людміла Мелехавец, вядучая фестывалю “Галасы сяброў”, якая ў свой час жыла і працавала ў Іспаніі і там са мной і пазнаёмілася (дарэчы, Людміла Мелехавец выступала ў якасці перакладчыка ў час нашай размовы са спадаром Луісам. – Аўт.). Яна ж запрасіла мяне паўдзельнічаць у гэтым фестывалі (у мяне ёсць вопыт выступленняў у якасці спевака, я ўвогуле вельмі люблю спяваць). У аркестры пад кіраваннем Станіслава Кнутовіча мяне прынялі як сябра, як роднага, Станіслаў Пятровіч шмат працаваў са мной як з артыстам, за што я яму вельмі ўдзячны. На фестывалі я пяю не толькі адзін, але і ў дуэце з салісткай аркестра Тамарай Голубевай – такі вось атрымаўся міжнародны дуэт “Беларусь – Іспанія”. Мне прыемна супрацоўнічаць з гэтым аркестрам, удзельнічаць у фестывалі. Хачу адзначыць высокае выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў, прыгожыя, чыстыя галасы, меладычныя песні. Увогуле, мне вельмі падабаецца беларуская культура, я ў захапленні ад яе, ад таго, як шмат у вашай краіне дзяржаўных устаноў культуры, розных творчых калектываў (у Іспаніі такога няма). А яшчэ мяне ўразілі ў вашай краіне (у тым ліку ў Лідзе) чыстыя вуліцы, прыгожыя будынкі, мноства кветак. Я з задавальненнем паспрабаваў ваша лідскае піва.

У час гала-канцэрта, акрамя ўжо згаданых раней выканаўцаў, эстрадныя песні дарылі гледачам са сцэны вядомыя ў Лідзе салісты Таццяна Капачэль, Дзмітрый Прудзілка, пакуль менш вядомая Ксенія Дзерына. Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі з рук Станіслава Кнутовіча дыпломы ўдзельнікаў. Дыпломаў  сапраўды  заслугоўвалі ўсе. Першы міжнародны фестываль “Галасы сяброў” прайшоў на высокім узроўні і пакінуў у гледачоў яркія ўражанні, прыемна здзівіў іх, падарыў ім незабыўныя гадзіны сустрэчы з эстраднай музыкай і песняй (сцвярджаю гэта як адзін з гледачоў, які прысутнічаў на ўсіх фестывальных вечарах). 

Як адзначыў Станіслаў Пятровіч, сёлетні фестываль “Галасы сяброў” праходзіў проста як свята эстраднай музыкі і песні. А ўжо ў наступным, 2020, годзе мерапрыемства зменіць статус і стане фестывалем-конкурсам, з вызначэннем лаўрэатаў і дыпламантаў, якія, магчыма, у далейшым будуць гастраліраваць па Беларусі і Літве.










Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться