«Горад-карабель». Супрацоўнік «Лідскай газеты» Алесь Мацулевіч прэзентаваў свой другі зборнік вершаў

30 Мая 2019 810
Чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылося ўпершыню на новай пляцоўцы – у раённай бібліятэцы імя Я. Купалы. Сімвалічна, што работа ў новым фармаце распачалася з прэзентацыі зборніка вершаў супрацоўніка “Лідскай газеты” Алеся Мацулевіча “Горад-карабель”.

“Горад-карабель” – сімвалічная назва. Зборнік задумваўся аўтарам як падарунак роднай Лідзе да 700-годдзя, якое яна адзначыць праз чатыры гады. “Нібыта той карабель, плыве Ліда па рацэ часу ў свой восьмы век, – піша ў прадмове Алесь. – Адчуй, чытач, гэты рух у часе, падарожнічаючы па старонках маёй новай кнігі”.

“Горад-карабель” – другі зборнік аўтара (першы – “Леў і ключы”, 2015 г.), у якім з добра знаёмым многім лідчанам почыркам створаны яскравыя вобразы гісторыі і сучаснасці. Калегі па паэтычным цэху, характарызуючы творы, назвалі іх лірычнай хронікай Ліды. І гэта не толькі адметная асаблівасць стылю і паказчык творчага росту аўтара – гэта яшчэ і гонар для Ліды, якая мае такога творцу, што змог пакласці на паэтычныя “ноты” яе жыццяпіс. 

Пагартаем зборнік… Тэма сучаснасці ў ім пераважае над гістарычнай. Раздзел гісторыі не пачынае кнігу, а заканчвае яе. Першы раздзел – ажыўшая эпоха Сярэднявечча ў адноўленым Лідскім замку: героямі вершаў становяцца сучасныя рыцары, перад вачамі паўстаюць рыцарскія турніры. Другі раздзел – захаванне нашых традыцый і абрадаў: разам з аўтарам пабываем на Купаллі і Калядах, разгадаем таямніцы ўзораў зблянскіх паясоў, пазнаёмімся з майстрамі-залатыя рукі. Трэці раздзел – “За здаровы лад жыцця!” Чацвёрты – “Чалавек і прырода”. Пяты – самы вялікі, “З нядаўняй гісторыі”. На гэты раз аўтар не заходзіць далёка ў гісторыю Ліды. Гісторыя тут пачынаецца з канца 19 стагоддзя. Тут можна знайсці вершы пра дарэвалюцыйную Ліду і пра Ліду “за польскім часам”, пра галоўную вуліцу Ліды – Сувальскую (цяпер Савецкая). Якой яна была? Ажыўленай і шматлюднай. Дарэчы, у свой час на ёй існавала больш за 150 прадпрыемстваў гандлю і паслуг. Тры вершы прысвечаны прыезду Янкі Купалы ў наш горад, калі ён выбіраўся дэпутатам па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе. Некалькі вершаў расказваюць пра часы нямецка-фашысцкай акупацыі. Згадваецца ў зборніку і “Лідская газета”, якая адыгрывала сваю ролю ў барацьбе з ворагам. Ёсць у зборніку верш, прысвечаны 75-гадоваму юбілею “Лідскай газеты”. Дарэчы, да 80-годдзя выдання ў Алеся Мацулевіча таксама ёсць верш, хаця ён і не ўвайшоў у зборнік. Чакаецца, што ён будзе надрукаваны на старонках газеты непасрэдна да юбілею, у канцы верасня бягучага года.

Што яшчэ адрознівае новую кнігу ад папярэдняй? Сюды ўвайшлі таксама вершы, якія тэматычна не звязаныя з Лідай. Гэта творы агульнанацыянальнай тэматыкі.
 
– Не абмяжоўвацца ў сваёй творчасці толькі Лідай мне некалі параіў рэдактар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” Эдуард Акулін, – гаворыць Алесь. – І я прыслухаўся да гэтай парады, стварыў цыкл вершаваных партрэтаў “Галерэя тытанаў”. Гэта творы пра знакамітых людзей агульнанацыянальнага маштабу: Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Францыска Скарыну і інш. Асобны цыкл вершаў я прысвяціў Тадэвушу Касцюшку, кіраўніку паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве 1794 г. Сёлета спаўняецца 225 гадоў з таго паўстання.

Адзін экзэмпляр зборніка “Горад-карабель” аўтар падарыў раённай бібліятэцы, пагартаць і пачытаць яго можа кожны лідчанін. Тым часам творчая натура Алеся Мацулевіча не ведае стомы, а натхненне аўтар чэрпае з самаго жыцця. Таму ўжо сёння ён збірае вершы для трэцяга зборніка.

– Апошнім часам мяне зацікавіла тэма Вялікай Айчыннай вайны. У асноўным у гэтым накірунку і працую. Калі выйдзе трэцяя кніга, то ў ёй будзе асобны раздзел, прысвечаны вайне, – дзеліцца аўтар. – Нядаўна мне давялося працаваць над напісаннем верша па заказе. Ад спецыяліста раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Юрыя Карпука паступіла прапанова напісаць верш да фестывалю нацыянальных культур, які штогод праходзіць у нашым горадзе. І я літаральна за дзень склаў гімн фестывалю, у якім адлюстраваў прыгажосць нацыянальных культур і добрасуседскіх адносін паміж прадстаўнікамі народаў, якія пражываюць на Лідчыне. Магчыма, гэтыя словы будуць пакладзены на музыку і такім чынам у фестываля з’явіцца гімн, якога ў яго не было вось ужо 13 год. 

*  *  *

Таксама ў ходзе пасяджэння літаб’яднання “Суквецце” галоўны бібліёграф Галіна Курбыка пазнаёміла прысутных з навінкамі кнігавыдання лідскіх аўтараў. Сярод іх – збор твораў Міхала Шымялевіча і кніга Валера Санько “Прыкметы і прырода – сябры назаўсёды”. Што тычыцца апошняй, то гэта 22-я кніга Валера Санько. Яна засноўваецца на багатым фальклорным матэрыяле, які аўтар збіраў пачынаючы з 1955 года. Назва гаворыць сама за сябе – у кнізе сабраны і падзелены на групы прыродныя прыкметы. Некаторыя прыкметы, магчыма, сёння і не актуальныя, адышлі ў небыццё. Але аўтар лічыць, што нельга адрынуць назапашанае пакаленнямі продкаў. Кніга, безумоўна, будзе карысная і цікавая для педагогаў або тых, чыя прафесія звязана з прыродай. Нават для пенсіянераў, якія вагаюцца, калі і што садзіць. Лейтматыў кнігі: прыкметы стварае сама прырода, а ўбачыць, правільна растлумачыць, выкарыстаць іх – справа чалавека.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться