Супрацоўнік «Лідскай газеты» – сярод пераможцаў літаратурнага конкурса «Дарослыя – дзецям»

30 Декабря 2018 1047
У адыходзячым годзе Лідскай раённай бібліятэкай праводзіўся 3-і раённы літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”, які ставіў сваёй мэтай прапаганду творчай спадчыны дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай сярод лідчан, заахвочванне лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей. 

Заяўкі на ўдзел у конкурсе ў гэтым годзе падалі 19 чалавек, дапушчана да ўдзелу было 16, з іх 13 удзельнікаў даслалі на конкурс паэтычныя творы для дзяцей, 3 – празаічныя. Сярод удзельнікаў і вопытныя аўтары, і тыя, хто пакуль толькі спрабуе свае сілы ў напісанні літаратурных твораў. 

Варта сказаць некалькі слоў аб Веры Сяргееўне Навіцкай, чыё імя носіць конкурс. Дзіцячая рускамоўная пісьменніца жыла ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, і горад Ліда можа лічыць яе сваёй, бо ў Лідзе Вера Навіцкая жыла сем гадоў (1908-1915) і нават некаторы час з’яўлялася дырэктарам мясцовай прыватнай жаночай гімназіі. Вера Навіцкая – аўтар дзіцячых кніг прозы для дзяўчынак-гімназістак. Ёсць падставы лічыць, што некаторыя свае кнігі яна напісала менавіта ў нашым горадзе. 

Днямі ў раённай бібліятэцы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу, на якое былі запрошаны яго ўдзельнікі. Журы, узначаліў якое дырэктар бібліятэкі Арцём Мартынаў, нялёгка было вызначыць пераможцаў. У выніку дыпломам III ступені была ўзнагароджана Ірына Бараздзіна (Ірына Сямёнаўна, больш вядомая як рускамоўная паэтэса, даслала на конкурс празаічныя творы на беларускай мове), дыпломам II ступені – Ірэна Сліўко (яе твор найбольш адпавядаў менавіта папулярызацыі творчай спадчыны Веры Навіцкай), дыпломам I ступені – супрацоўнік рэдакцыі “Лідскай газеты” Аляксандр Мацулевіч (дасланыя ім вершы для дзяцей напісаныя ў асноўным на “лідскім” матэрыяле – у іх згадваюцца Лідскі замак, гарадскі парк, Лядовы палац і інш.). Заахвочвальныя дыпломы атрымалі Валерый Мацулевіч, Таццяна Сямёнава, Святлана Цішук, Ганна Рэлікоўская. Пераможцам конкурсу, акрамя дыпломаў, былі ўручаны літаратурныя прэміі. 

Дасланыя на конкурс творы ўвайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік “Дарослыя – дзецям”. Арганізатары конкурсу вельмі ўдзячныя лідскаму паэту, былому выкладчыку беларускай мовы і літаратуры Міхасю Мельніку за тое, што адрэдагаваў гэты зборнік. 

Раённы літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай, які праводзіцца раз у два гады, адбыўся ўжо ў трэці раз. Як адзначыў старшыня журы Арцём Мартынаў, магчыма, наступны такі конкурс будзе рэгіянальным, да ўдзелу ў ім будуць запрашацца і творчыя людзі з суседніх раёнаў.
Текст: Аляксей Міхайлаў.Аляксей Міхайлаў.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться