У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі працуе выстава «Беларусь мая…»

21 Ноября 2018 1592
У выставачнай зале Лідскага гістарычна-мастацкага музея красуюцца жывапісныя і графічныя работы: больш за сотню карцін, прысвечаных Году малой радзімы і напісаных пяццю рознымі аўтарамі, аб'яднала выстава “Беларусь мая…”

– Гэта, з аднаго боку, вынік працы мастакоў на сумесных арт-пленэрах, з другога – вынік іх сяброўства, – распавядае куратар выставы Вольга Піліпчук. – Карціны даюць магчымасць здзейсніць падарожжа па розных кутках нашай краіны. Сярод аўтараў тры члены Беларускага саюза мастакоў: Леанід Гоманаў, Віктар Данілаў, Ігар Лыскавец, – а таксама лідчане Віктар і Таццяна Лук’ян. І ў кожнага з іх свая малая радзіма, сваё ўспрыманне гэтага паняцця. Адсюль – шматкроп’е ў назве выставы. 

Сюжэты карцін мастакоў на першы погляд простыя і непатрабавальныя: рэкі, дрэвы, палі, дамы, храмы, прадметы быту. Аднак унутраным лейтматывам кожнага палатна з'яўляецца тэма вечнага і вечнасці – малой радзімы. Напэўна, таму дадзеныя творы, па сутнасці, пазбаўленыя прыкмет часу, а жывапіс мастакоў падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця. Кожная работа адрозніваецца адценнямі фарбаў, якія падкрэсліваюць непаўторную прыгажосць беларускага краю: Лагойска, Мядзеля, Маладзечна, Заслаўя, Вязынкі і іншых мясцін.

Частка карцін з'яўляецца вынікам сумеснага арт-пленэра, які праходзіў сёлета на лідскай зямлі. Таму тут і замак, і касцёл у вёсцы Белагруда, і многія іншыя знаёмыя мясцоваму гледачу сюжэты. Аднак вось што цікава: і фарбы, і пэндзлі, і архітэктурныя матывы быццам тыя ж, але вось бачаць іх мастакі зусім па-рознаму. 

– Лідскі раён мяне ўразіў, – распавядае Ігар Лыскавец. – Я здзіўлены, наколькі трапятліва жыхары ставяцца да сваёй гісторыі, да мінулага, у прыватнасці, да храмаў. Усе будынкі дагледжаныя! Усе знаходзяцца ў добрым стане, нават тыя, якія зачынены на замок і дзе больш не      праводзяцца службы! Гэта сведчыць аб духоўнасці народа. Вядома, такое стаўленне да сваёй спадчыны мяне натхняла, хацелася гэтую духоўнасць зберагчы і па максімуме перанесці на свае палотны. У цэлым у Лідскім раёне столькі месцаў, якія натхняюць!

Выстава “Беларусь мая…” будзе працаваць да 25 снежня. Калі вы любіце сваю краіну, знайдзіце час і наведайце экспазіцыю. Яна таго вартая. 









Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться