На Лідчыне адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору «Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… »

17 Сентября 2018 7047

Са сцэны актавай залы філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” гучалі вясёлыя, сумныя, слёзныя і нават грозныя песні. Кожная – залаты злітак, скарбніца мясцовага фальклору. Але чаму ў час мерапрыемства часцей за ўсё называлася імя Земавіт? Хто быў гэты чалавек?

Аказваецца, Земавіт Фядэцкі – тутэйшы. Нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў маёнтку Лебяда, што непадалёку ад Мажэйкава. На лідскай зямлі правёў дзяцінства і перажыў вайну. У цяжкія часіны ліхалецця – у 1942-1943 гадах – жыў ў вёсцы Феліксава, у сям’і свайго сябра Уладзіміра Мальца. Працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату. Канешне, хадзіў на вячоркі, вяселлі, талокі, хрысціны і хаўтуры. Дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах. А яшчэ (што вельмі важна цяпер для нас, суайчыннікаў) запісваў у сшытак феліксаўскія песні. Земавіт не ведаў, ці будзе з гэтага запісу нейкая карысць і ці здолее ў будучым надрукаваць дарагую сэрцу спадчыну. Але ўсё ж такі зборнік запісаных у Феліксаве песень пад назвай “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… ” убачыў свет, хоць і праз пяцьдзясят гадоў.

Кніга трапіла ў многія краіны свету, дайшла аж да Новай Зеландыі. У Італіі яе назвалі “Песнямі Атлантыды”. Жыве яна і сёння разам з намі. Сведчанне таму – выступленні ўдзельнікаў. “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі…”, “Пайду я лугам…”, “Цячэ рэчанька”, “Зязюля”… Ад адных песень станавілася сумна, ад другіх хацелася смяяцца, ад трэціх – кінуцца ў скокі. Кожны нумар музычнай праграмы слухачы сустракалі гарачымі апладысментамі, асабліва калі на сцэну выходзілі ўдзельніцы самага шаноўнага ўзросту – Ганна Забалоцкая, Тарэза Ясюкайціс. Ім сёння – за восемдзесят год.

– Яшчэ ўчора капала бульбу, а сёння кінула ўсе справы і прыехала ў Мажэйкава, каб прыняць удзел у такім прыгожым свяце – адкрытым рэгіянальным фестывалі песеннага фальклору, прысвечаным памяці нашага знакамітага земляка Земавіта Фядэцкага, – у размове з карэспандэнтам «Лідскай газеты» прызналася жыхарка аграгарадка Ваверка Тарэза Ясюкайціс. – Выконваць я буду песню "Ой, з-пад дуба, з-пад бярозы". Яе спявала яшчэ мая бабуля. А пачула я песню ад сваёй мамы, якая нарадзілася ў 1888 годзе. Як бачыце, ёй шмат гадоў. І я вельмі рада, што гэты скарб можна сёння перадаць падрастаючаму пакаленню, нашай моладзі. Бо шмат песень незваротна страчана. І, як правільна заўважылі вядучыя, сто разоў можна гаварыць пра талент нашых продкаў, але лепш, калі людзі ізноў пачуюць песні мясцовых жанчын, паглядзяць і павучацца ў іх.

Кожны, хто ў гэты дзень прыйшоў на адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору, атрымаў вялікую асалоду ад пачутага і ўбачанага на сцэне.

У той жа час гледачы мелі магчымасць прыняць удзел у галасаванні за выканаўцу, які больш за ўсіх спадабаўся. Прыз глядацкіх сімпатый, а таксама вельмі смачныя пачастункі (а спонсарамі мерапрыемства выступілі Лідскі хлебазавод і мясцовая гаспадарка ЛРСУП “Мажэйкава”) атрымалі Ганна Забалоцкая і Тарэза Ясюкайціс. Дыпломы трэцяй ступені дасталіся Дзмітрыю Сакалову і Мікалаю Сакалоўскаму, а таксама фальклорнаму гурту “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, другое месца журы прысудзіла фальклорнаму гурту “Чараўніцы”. А вось пераможцам адкрытага рэгіянальнага фестывалю песеннага фальклору “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… ” стаў народны фальклорны гурт “Вяргіня”.


Текст: Ольга АнтоноваОльга Антонова
Фото: Ольга Антонова
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться