Водная абарона Лідскага замка

07 Сентября 2018 5942

Усе, хто калісь разглядаў старажытныя выявы Лідскага замка (на карцінах, літаграфіях), безумоўна, заўважалі, што з поўдня і ўсходу ад яго магутных муроў прасціраецца водная паверхня даволі вялікай сажалкі. І, напэўна, задаваліся пытаннем: як яна ўзнікла, і што потым з ёй стала? Многія ж памятаюць: у другой палове мінулага стагоддзя ніякага вадаёма ля руін крэпасці не было. 

Цяпер замак зноў глядзіцца ў ваду, але ўсе ведаюць, што гэта – штучны вадаём, які з’явіўся адносна нядаўна, перад рэспубліканскімі «Дажынкамі» ў 2010 годзе. Дагэтуль на яго месцы быў вялікі яр, у нізіне якога працякала Лідзейка, раслі кусты і дрэвы, стаялі будынкі. Шмат дамоў было і непасрэдна ля замка, аднапавярховая жылая забудова тулілася да самых яго мураваных сцен. 

Потым забудову ля замка і ў яры знеслі. Спілавалі дрэвы, выдалілі кустоўе. Рэчышча Лідзейкі паглыбілі і пашырылі, а саму раку на гэтым участку пусцілі па трубах. Гэтыя меры былі неабходныя для асушэння забалочанай поймы. Потым у нізіне вырабілі торф да самага пяску (каб сажалка ў будучым не забалочвалася), падсыпалі адкосы ўздоўж берагавой лініі, збудавалі ля вуліцы Камышовай паводкавы вадаскід (для падтрымання неабходнага ўзроўню вады), перакрылі шлюзы, і нізіна напоўнілася вадой. Так атрымаўся вадаём, якому лідзяне ўжо далі прыгожую народную назву – возера Замкавае. 

Але вернемся ў мінулыя стагоддзі. Што за вадаём малявалі ля замка мастакі тых часоў? Гэта было прыроднае, натуральнае возера, якое потым такім жа натуральным чынам абмялела? Ці тут так сама сабой пашыралася Лідзейка? А мо гэта вынік чалавечай працы? Магчыма, з гэтага месца бралі зямлю для стварэння штучнага ўзвышша, на якім потым пабудавалі крэпасць, і кар’ер пасля запоўніўся вадой? А можа, узвышша, на якім стаіць замак, прыроднае, і штучны вадаём ствараўся наўмысна, па пэўным плане і ў комплексе з інжынернымі збудаваннямі – як элемент сістэмы воднай абароны замка? Адказ на гэтыя пытанні я паспрабавала знайсці ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Там мне параілі звярнуцца да навуковых даследаванняў беларускага гісторыка Расціслава Баравога. І вось  пра што я даведалася з гэтай крыніцы. 

  Паводле Расціслава Баравога, узвышша, на якім стаіць Лідскі замак, штучнае. Вадаём (а дакладней – сістэма воднай абароны) таксама быў створаны чалавекам. 

У ХІV-ХV стагоддзях гэта была вялікая водная прастора, якая прыкрывала замак з усіх бакоў. Найбольш вузкая паласа вады была з паўночнага боку. З іншых бакоў водная перашкода мела ўнушальныя памеры. З поўдня і ўсходу, напрыклад, шырыня складала больш за 200 метраў. Найбольш шырокая водная прастора знаходзілася перад усходняй сцяной, якая мела дзве варотныя аркі і перад якой праходзіла дарога з Вільні ў Навагрудак. Сістэма воднай абароны ўключала ў сябе таксама свайныя масты. У цэлым такая сістэма не толькі надзейна прыкрывала замак, але і дазваляла яго гарнізону поўнасцю кантраляваць (на ўчастку свайнага моста) дарогу з Вільні на Навагрудак, якая ў ХІV-ХV стагоддзях мела агульнадзяржаўнае значэнне. З пункту гледжання абарончай тактыкі той эпохі, уся гэта водная сістэма ўяўляла сабой непераадольную перашкоду – і пры раптоўным нападзенні на замак, і пры асадзе ці штурме. Бо ў гэтых выпадках выкарыстанне сценабітнай ці каменякідальнай зброі, якая шырока прымянялася ў ХІІІ-ХІV стагоддзях, і нават гармат, якія з’явіліся на рубяжы ХІV-ХV стагоддзяў, было малаэфектыўным ці наогул бессэнсоўным.

Сажалка ля Лідскага замка на акварэлі Юзефа Пешкі (каля 1808 - 1810 г.г.)

 Перыяд найбольш актыўнага функцыянавання Лідскага замка як аднаго з важнейшых элементаў у сістэме абароны Вялікага княства літоўскага датуецца ХІV-першай паловай ХV стагоддзя. У ХV-ХVІ стагоддзях замак заставаўся адной з велікакняжацкіх рэзідэнцый, але на рубяжы ХVІ-ХVІІ стагоддзяў канчаткова страціў сваё агульнадзяржаўнае значэнне. Пазней яго, пры ўзяцці, часткова разбурылі рускія войскі (у 1659 г.), затым – шведскія (у 1700 г.). Замак паступова стаў ператварацца ў руіны. 


Васіль Гразноў. Лідскі замак. Акварэль. 1860 - 1870 г.г.

(На карціне добра бачна, што сажалка пачала зарастаць)

 Па меры таго як замак страчваў сваё значэнне і разбураўся, паступова дэградзіравала і яго водная абарончая сістэма. Раней за іншыя (ужо ў ХVІІІ ст.) пазбавіліся воднай абароны паўночная і заходняя сцены замка, але з поўдня і ўсходу муры яшчэ прыкрывала даволі вялікая вадзяная прастора. Паўднёвая частка яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя дасягала шырыні 130-150 метраў.  З цягам часу сажалка памяншалася ў памерах і ўсё больш зарастала. Працэс гэтай дэградацыі можна назіраць, параўноўваючы малюнкі замка, зробленыя ў канцы ХVІІІ і ў ХІХ стагоддзях. Дарэчы, на акварэлі Напалеона Орды, датаванай маем 1876 года, сажалка – зусім і не сажалка, а ўчастак ракі Лідзейкі, па берагах якой ужо  ёсць дрэвы і… дамы.

Текст: Светлана МедуницаСветлана Медуница
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться