У Лідзе прайшоў рэгіянальны фестываль абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” (фота)

21 Августа 2013 4686

У канцы мінулага тыдня Ліда ператварылася ў сярэдневяковы горад: яе насельнікамі сталі майстры і рамеснікі, а ва ўстановах культуры загучалі старадаўнія песні і мелодыі і былі паказаны абрады – усё гэта на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” і фестывалі фальклору “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” у рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва Літвы, Латвіі і Беларусі “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”.

На свята ў Ліду з’ехаліся госці не толькі з усіх куточкаў Гродзеншчыны, але і з сумежнай Літвы. Адкрываючы дзейства, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Антон Глаўніцкі зачытаў радкі Янкі Купалы: “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына...” Багатая, прыгожая, непаўторная – наш гонар, наша сучаснае аблічча і наша будучае. Спадчына, якую мы збіраем па крупіцах і імкнёмся захаваць.

Апынуцца ў мінулым ужо на пачатку фестывалю гасцям дапамагла сустрэча з фальклорным гуртам “Вяргіня” са Шчучынскага раёна. Гледачы трапілі на сапраўдныя вячоркі, убачылі і паслухалі самых непасрэдных іх удзельніц, захавальніц самабытных традыцый.

“Заходзьце, калі ласка. Чым багаты, тым і рады”, – запрашалі гаспадары пляцоўкі ў летнім дворыку Палаца культуры, дзе адбывалася выстава-прэзентацыя “Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны”. Беларускія і літоўскія, украінскія і нават татарскія прысмакі, ад якіх літаральна ламіліся сталы. Астравецкія жанчыны шчыра запрашалі адведаць стравы літоўскай кухні (як вядома, менавіта Астравецкі раён гранічыць з Літвой). На міні-падвор’і лідчан было прадстаўлена лідскае печыва – усё тое, чым накрывалі сталы падчас святаў нашы продкі. З Іўя прывезлі стравы татарскай нацыянальнай кухні. 

1

Госці мелі магчымасць пабываць у «горадзе рамеснікаў», які раскінуўся на другім паверсе Палаца культуры. Спыніўшыся толькі ля аднаго з таленавітых людзей, народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча з Адэльска Гродзенскага раёна, які сам вырабляе дудачкі ды жалейкі, флейты, ражкі, свірэлі, акарыны, ногі нібыта прырасталі да месца. Больш за сто відаў музычных інструментаў робіць майстар. Робіць не па кніжках ды інструкцыях, а так, як падказвае яму сэрца і як умеюць залатыя рукі. Для кожнага інструмента сам падбірае гучанне, яго шукае ў шуме ветру, шапаценні лістоты, спевах птушак – галасах прыроды. А калі зайграе: на адным інструменце, потым на другім – людзі слухаюць, нібыта заварожаныя.

2

Дзесяцігадовая Аляксандра Семянюк разам са сваёй настаўніцай Янінай Іюльскай з Ваўкавыска далі майстар-клас па двухнітоваму ткацтву на рухомай раме. Антаніна Юрчэня з Гродна памятае, як фарбавала яйкі яе мама... Наша сучасніца захавала старадаўнюю тэхналогію: яна гатуе фарбу з кары дуба, жалеза, шышак вольхі і іншых натуральных кампанентаў. Яшчэ адна незабыўная дзея фестывалю – выстава вырабаў выцінанкі “Папяровыя фантазіі”. У адным месцы яна сабрала лепшыя ўзоры, падобныя на чароўныя павуцінкі, і саміх творцаў, якія наглядна дэманстравалі нараджэнне шэдэўраў. А вось сапраўднай ізюмінкай свята стала дэманстрацыя поўнага цыклу апрацоўкі льну ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Ганчарскага Дома культуры. Нашы продкі лічылі, перш чым расліна пераўтворыцца ў кашулю, трэба зрабіць сорак работ: трапаць лён, часаць яго, прасці кудзелю і г. д., да канчатковага выніку – ручніка.

3

Свята працягвалася ў Цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына”, дзе гасцям далі майстар-класы па вырабу посуду з гліны, ткацтву кужалю і пашыву традыцыйнага аддзення, а таксама паказалі спектакль тэатра-батлейкі “Цар Ірад”. Наступным пунктам маршруту гасцей свята быў Лідскі замак, дзе яны сталі гледачамі анімацыйнай праграмы “Вяселле Ягайлы”. 

4

Вечарам на дажыначнай плошчы ля Палаца культуры ў рамках фестывалю фальклору «Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах» адбыўся канцэрт фальклорных калектываў Беларусі і Літоўскай Рэспублікі, а таксама вогненнае шоу Тракайскай студыі танца і агню «Чучыта». Фестываль у рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Літвой, Латвіяй, Беларуссю працягваўся і на наступны дзень, у суботу, але ўжо ў Бярозаўцы, дзе калектывы з Ліды і Тракая далі грандыёзны канцэрт.

5

Нагадаю, вышэйназваны праект пачаў працаваць яшчэ ў сакавіку бягучага года. Літву ў ім прадстаўляе Тракайскі рэгіён, а Беларусь – Лідскі. Галоўная ж мэта правядзення такога маштабнага мерапрыемства – прадстаўленне культурнай спадчыны на еўрапейскім узроўні і ўзроўні дзвюх краін, захаванне іх індывідуальнасці і падахвочванне маладога пакалення памятаць свае карані. Дарэчы, тады ж, у сакавіку, у рамках праекта быў намечаны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і фальклорныя фестывалі.

6

Карэспандэнт “Лідскай газеты” пацікавіўся ўражаннямі ў гледачоў свята. “Мне падалося, што народныя песні літоўцаў і беларусаў, хоць і крыху розныя па гучанні, але выклікаюць у нас аднолькавыя пачуцці, – дзяліўся Віталь Палуян. – Увогуле, культурная спадчына абодвух рэгіёнаў – Лідскага і Тракайскага – цікавая сваёй самабытнасцю. Напэўна, пасля фестывалю яна стане крыху бліжэйшай усім нам, жыхарам суседніх краін”.

7

7

7

7

7

7

7

7

7

7

7

7

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться