З нагоды апошніх падзей

31 Июля 2020 844

Я тут нічога не магу сказаць новага. Магу паўтарыць тое, што гаварыў на апошнім Сойме БНФ, які, дарэчы, праходзіў на Лідчыне.

Мы 400 гадоў чакалі незалежную Дзяржаву Беларусь.

За адну толькі мару аб ёй гінулі тысячы, сотні тысяч і мільёны беларусаў.

Сёння мы гэтую Дзяржаву маем. І сёння мы за яе адказваем. Кожны.

Сёння мы ўпершыню маем сваю ўладу, не прысланую з Варшавы ці Масквы, а сваю. Сённяшнія чыноўнікі – з тых самых вёсак, мястэчак і гарадоў, што і самыя крутыя апазіцыянеры. Яны такія ж, як і мы. Якія самі – такія і сані. Гэтая фраза моцна не спадабалася многім прысутным на Сойме, а што зробіш?

У нас ёсць прэтэнзіі да гэтай улады па пытаннях мовы, культуры, адукацыі. Але ў нас шмат пытанняў і да шырокіх народных мас. Калі б улады вярнулі адну дзяржаўную мову, то ўсе школы сталі б беларускімі. Але калі б усе бацькі першакласнікаў напісалі заявы ў беларускія класы, то ўсе школы таксама сталі б беларускімі.

Пазіцыю ТБМ па выбарах агучыла яго старшыня Алена Анісім:

– Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адназначна падтрымае кандыдата, які разумее каштоўнасць нацыянальнага падмурка, без якога  Беларусь не можа быць пабудавана як заможная еўрапейская дзяржава. Калі Святлана Ціханоўская ў сваю праграму ўключыць тыя пункты, якія мы лічым важнымі, напрыклад, развіццё нацыянальнай адукацыі па-беларуску, калі яна, безумоўна, пакажа, што ў яе камандзе ёсць людзі, якія ведаюць, якім чынам Беларусь можа эканамічна стабілізавацца для таго, каб адысці цалкам ад расейскай залежнасці, можна будзе падумаць пра тое, каб за яе галасаваць.

Паводле Алены Анісім, прэзідэнт, які не можа звязаць двух слоў па-беларуску, – гэта не прэзідэнт для Беларусі. На жаль, ніхто нічога не паказвае. Ды і што можна чакаць ад гэтай “рускаміраўскай” тройцы? А нічога. У іхняй тэхналагічай схеме беларускага складальніка проста не існуе, як не існуе беларуская нацыя, беларуская дзяржава, беларуская незалежнасць. У іх бізнес-праект – рэйдарскі захоп фірмы пад назвай “Рэспубліка Беларусь”.

Сёння на мітынгі Ціханоўскай бегаюць натоўпы людзей, па Марксу – кампрадорская буржуазія і люмпен-пралетарыят, людзі, што выдатна ўладкаваліся пры рэжыме, які яны сабраліся скінуць. Гэта для іх нармальна. Але што там робяць нацыянальныя дзеячы, чальцы нацыянальных арганізацый? Мы ж бачым там шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

Сцягі там ёсць сапраўды, але нацыянальных дзеячаў там няма. Ёсць палітычныя недавучкі, нацыянальныя другагоднікі і проста правакатары. Сення яны бегаюць па мітынгах са сцягамі і плакатамі, а заўтра, калі, не дай Бог, прыйдуць да ўлады гэтыя ціха-цапка-бабарыкі, будуць бегаць па кустах, хаваючыся ад зялёных чалавечкаў, якія ўжо тут.

Нацыянальны актыў, нацыянальная інтэлігенцыя, нацыянальныя палітыкі – касцяк нацыі, касцяк дзяржавы. На жаль, прыціскаючы нацыянальныя рухі, дзяржава прыціскала сама сябе. А што цяпер? Цяпер улада павінна спадзявацца толькі сама на сябе.

А асноўная задача нікуды не дзелася, яна адна – захаваць дзяржаву, захаваць незалежнасць, любой цаной.

На наступны дзень пасля выбараў мы пачнём адваёўваць нацыянальныя пазіцыі, і ў першую чаргу падчас канстытуцыйнага працэсу, які мае быць. Але гэта можна будзе рабіць толькі пры ўмове, што на наступны дзень пасля выбараў Яе Вялікасць Дзяржава Беларусь яшчэ будзе.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться
Похожие новости