Сумленне ў прыдарожнай канаве

25 Апреля 2019 2763
Нядаўна ў размове са мной старшыня Бердаўскага сельскага Савета Галіна Суботка расказала пра такі выпадак.

Спецыяліст мясцовага сельгаспрадпрыемства ехаў вечарам ад маці дадому. Бачыць: нейкі вадзіцель, выгрузіўшы з буса смецце ў лесапаласу, вырульвае на дарогу. Маргнуў работнік гаспадаркі яму фарамі аўтамабіля, папрасіў спыніцца. Вадзіцель прытармазіў мікрааўтобус. “І што гэта ты робіш? Месца іншага не знайшоў? А ну забяры назад! Не забярэш – фотаздымкі твае і твайго шкодніцтва адпраўлю куды трэба!” – абурыўся спецыяліст сельгаспрадпрыемства. На наступны дзень, праязджаючы міма таго месца, спецыяльна звярнуў увагу, ці выпраўлена становішча. Аказалас, быццам і не было таго бруду.

– Сама я таксама не раз была сведкай такіх фактаў. Прымушала людзей  прыбіраць забруджанае месца, – гаварыла Галіна Антонаўна. – А ад аднаго выпадку дагэтуль не магу стрымаць абурэнне. Еду па дарозе за Сцеркавам. Бачу: спыняецца перада мною аўтамабіль, выходзіць малады мужчына з пакетам у руках, размахваецца і шпурляе яго ў лес. Уключаю на тэлефоне відэа, паркую машыну і іду да чалавека. “Хто вам даў права лес забруджваць?!” – кажу. “А гэта не смецце, – адказвае. – Гэта кот. Здох, дык жонка сказала вывезці і закапаць. А чым я капаць буду?”  

– Праўда, і мае пагрозы, і нежаданне таго чалавека стаць героем відэароліка падзейнічалі. Мужчына палез у кусты, дастаў пакет, паклаў у машыну і паехаў. Толькі не факт, што гэта паклажа зноў не паляцела ў лес, калі ён знік з майго поля зроку, – кажа Галіна Суботка.

На жаль, чалавечае бескультур’е сапраўды нярэдка мае месца. Нават, здавалася б, у станоўчых ва ўсіх адносінах грамадзян не закладзена ў галаве, што забруджваць лес, прыдарожныя канавы, берагі вадаёмаў нельга, непрыгожа, шкодна! Гэта ж дзікунства нейкае!

Дарэчы, ва ўнісон расказу старшыні Бердаўскага сельскага Савета  ўспомніла і я выпадак  са свайго жыцця. Было гэта ў самым канцы дзевяностых гадоў. Стаяла гарачае лета, і на мае словы, што ў такое надвор’е няблага адпачываць ля вадаёма, знаёмая зазначыла: “З’ездзіце на кар’ер у Пескі, на ім зараз увесь цвет Ліды адпачывае”. У выхадныя я падбіла мужа на такую паездку. Толькі месца, каб размясціцца ля вадаёма, не знайшлося. І не толькі таму, што было шмат людзей. Куды ні глянь – усюды смецце. Як кажуць, дзе стаяў чалавек, там і кінуў. Успомніліся словы знаёмай пра “цвет Ліды” – і прыкра стала.  Хаця  расказвалі, што цяпер, з цягам часу, сітуацыя змянілася, адпачывальнікі сталі больш свядомыя. Толькі сама я, атрымаўшы тое, першае, ўражанне, дала сабе зарок: на гэты  вадаём больш ні нагою.

Завялі мы з Галінай Суботкай размову і аб тым, ці можна вызначыць катэгорыю грамадзян, якая  трымае за правіла  засмечваць прыроду. Сышліся ў думцы: гэта не залежыць ні ад адукацыі, ні ад статусу ў грамадстве, ні ад таго, дзе жыве чалавек – у горадзе ці ў вёсцы. Па словах Галіны Антонаўны, нярэдка  смецце вылятае з дарагіх, шыкоўных машын, якія праносяцца па трасе Ліда-Іўе. Яшчэ больш, некаторыя прыпыняюцца, каб выставіць на абочыну ці на аўтобусныя прыпынкі пакеты з бытавымі адходамі. Нават думкі не ўзнікне, што камусьці гэта смецце прыбіраць давядзецца. Добра, калі яшчэ ветрам яго не разнясе па наваколлі. Ці ўзяць, напрыклад. падтрыманне парадку на могілках. Як правіла, на пляцоўках ля могілак зараз устаноўлены кантэйнеры для смецця. Але адныя людзі, прыбраўшы магілкі сваіх сваякоў, нясуць смецце на пляцоўку, іншыя – выкідаюць, дзе бліжэй, за плот. І тут таксама адназначна не скажаш, хто так робіць: ёсць сярод такіх абыякавых да агульнага парадку і мясцовыя жыхары, ёсць і тыя, хто прыязджае  з горада даглядаць магілкі сваякоў.

А вось станоўчы прыклад. Ёсць у Бердаўскім сельсавеце вёска Кір’янаўцы. Жывуць у ёй людзі дружныя, кожную справу, што датычыцца вёскі, робяць разам. Вядома, і такую, як навядзенне парадку. Агульная праца па добраўпарадкаванні вёскі тут стала нормай. Вяскоўцы прасілі старшыню сельскага Савета арганізаваць ім вываз смецця. Галіна Суботка звярнулася ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Там пайшлі насустрач. Выдзелілі прычэп да трактара, які на некалькі дзён адбуксіравалі ў Кір’янаўцы, і кожны жыхар меў магчымасць, вычысціўшы свае прысядзібныя ўчасткі, упакаваць непатрэбнае для вывазу. А апошнім часам жыхары Кір’янаўцаў  адгукнуліся на прапанову ГУП ЖКГ набыць індывідуальныя кантэйнеры для смецця. Цяпер ужо дакладна з падворка ніводная парушынка не трапіць ў прыдарожную канаву.

Даведаўшыся, што вяскоўцы пачалі карыстацца такой паслугай, як індывідуальны вываз смецця, я, як журналіст, звязалася з начальнікам цэха саначысткі ГУП ЖКГ Сяргеем Кепелем. Ён расказаў, што камунальшчыкі пачалі актыўна рэалізоўваць вяскоўцам  кантэйнеры для збору бытавых адходаў з верасня мінулага года. Кошт  невялікага кантэйнера, на 120 літраў, – 60 рублёў, на 240 літраў – 85 рублёў. З першапачатковай аплатай 30 працэнтаў даецца адтэрміноўка плацяжу на тры месяцы. Жыхары шэрагу вёсак раёна ўжо заключылі з камунальшчыкамі дагаворы.

Дакладна арганізавана работа па вывазе бытавых адходаў і для жыхароў горада. Для тых  гараджан, што жывуць ў шматпавярховых дамах, маюцца кантэўнерныя пляцоўкі, тыя, хто жыве ў прыватным сектары, прывыклі збіраць бытавыя адходы для вывазу ў індывідуальныя кантэйнеры. Так што  апраўданне: маўляў, выкінуў смецце ў прыдарожную канаву, бо няма куды падзець – будзе гучаць як адгаворка.

Дарэчы, падумалася: а што, калі б тыя ж спецыяліст сельгаспрадпрыемства, старшыня сельскага Савета (аб чым я расказвала ў пачатку)  не аднесліся б лаяльна да парушальнікаў чысціні зялёнай зоны, не толькі прымусілі б забраць выкінутае смецце, але і накіравалі б фота- і відэаматэрыял у адпаведныя інстанцыі? Штрафу  было б не мінаваць. Калі б яшчэ звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай апублікаваць у газеце і размясціць на сайте  дакументальныя факты аб тых, хто забруджвае навакольнае асяроддзе, да пакарання рублём дабавіўся б і сорам. А тое, што яны не накіруюць у наступны раз матэрыял для прыняцця мер, гарантаваць ніхто не бярэцца.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться