«Бяром пачатак свой ад замкавых муроў»

15 Августа 2021 2934
Гэта назва сумеснага праекта “Лідскай газеты” і Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Новы праект возьме старт на старонках нашага выдання ў верасні. І прымеркаваны ён да знакавай даты – 700-годдзя Ліды. 

Скажаце, яшчэ рана, бо юбілей горада будзем святкаваць у 2023 годзе. Вось тут не пагаджуся. Час ляціць хутка, а нам так шмат яшчэ трэба зрабіць да  гэтага дня і многа аб чым распавесці нашым чытачам. Расказаць у падрабязнасцях пра 700 год жыцця Ліды за кароткі тэрмін не атрымаецца нават пры вялікім жаданні і нават тады, калі гэта будуць добра вядомыя старонкі яе біяграфіі. А мы будзем імкнуцца знайсці нешта новае ў летапісе любімага горада. А яшчэ вядзецца карпатлівая праца па зборы звестак пра нашых землякоў, якія жывуць у іншых гарадах рэспублікі або за мяжой, з мэтай запрасіць іх да размовы. Важна, каб і іншыя рэгіёны нашай краіны ведалі пра юбілей Ліды і далучыліся да яго святкавання. Але гэта крыху пазней.

А цяпер запрашаем да конкурсу. Зараз мы агучым адну нашу задумку. Яна ў тым, каб падрыхтаваць сімвалічны медаль, які будзе ўручацца ў 2023 годзе актыўным пазаштатным аўтарам газеты, пераможцам конкурсаў, што праводзяцца раёнкай (у дадатак да іншых узнагарод). Гасцям рэдакцыі, горада, думаю, будзе цікава паглядзець на такую выяву (або набыць). Таму запрашаем да ўдзелу ў конкурсе на лепшы эскіз медаля. Пераможцу будуць чакаць каштоўны прыз і, безумоўна, вядомасць. Без гэтага ніяк, бо справа робіцца для газеты, а яна – публічнае адкрытае выданне, і імёны тых, хто далучыўся да важнай справы, тым больш стаў пераможцам, будуць ушанаваныя, ды і ў гісторыі горада таксама застануцца.

Умова толькі адна: з аднаго боку медаля – малюнак з юбілейнай датай, з другога – малюнак або надпіс, звязаны з “Лідскай газетай”. Усё астатняе – справа творчасці. Эскізы можна будзе дасылаць на электронны адрас раённай газеты або прыносіць у рэдакцыю. Канчатковы варыянт будзе абраны шляхам галасавання. Але да яго яшчэ трэба дайсці. Таму пакуль што спынімся на агучанай прапанове і будзем чакаць вашых эскізаў сімвалічнага медаля.

Яшчэ зазначу: не кожнаму выпадае сустрэць нават стогадовы юбілей свайго прадпрыемства, а тут 700-годдзе горада! Так што нашым сучаснікам пашанцавала. Застаецца адно: як належыць падрыхтавацца да юбілею Ліды. Гэта мы і робім.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться