Адчуць водар кветак

17 Августа 2019 1992
Водпуск – гэта той час, калі ты можаш спыніцца і пераасэнсаваць сваё жыццё. Як кажуць, расставіць прыярытэты. Для гэтага неабавязкова з’язджаць кудысьці за тры-дзевяць зямель – адпачыць ад будзённых клопатаў можна і не пакідаючы межы роднага краю.

Для мяне, напрыклад, па-іншаму бачацца рэчы, калі наведваю сваю родную вёску. Няхай даруе мне Крупава, што назвала вёскай, бо сёння гэты населены пункт мае статус аграгарадка, ён такім і з’яўляецца, прычым без агаворак. Блізкасць да горада адыгрывае сваю ролю: у Крупаве няма ні закінутых, пустых дамоў, ні парослых бур’яном падворкаў. Наадварот, дамы вельмі прыгожыя, некаторыя (я іх памятаю старымі драўлянымі хатамі) адбудаваліся нядаўна, іх адметнасць – яркія фарбы, вялізныя, часта ад падлогі да даху, вокны.
 
Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў – не ставіць агароджу, якая закрывала б з вуліцы агляд двара. Зусім еўрапейскі падыход – позірку адкрываюцца дагледжаныя лужкі, абсталяваныя месцы для адпачынку з альтанкамі, мангаламі.
 
Цяпер наша вуліца Азёрная, якая з’яўляецца адной са старэйшых вуліц у аграгарадку, мае акуратны выгляд, асфальт замяніў брукаваную дарогу (глядзець на яе было цікава, а вось ехаць на аўто – не вельмі зручна, што выклікала нараканні мясцовых аўтаўладальнікаў). Колькі год таму да аграгарадка быў пракладзены газапровад, і нават у гаспадароў звычайных вясковых хат адпала неабходнасць назапашваць паліва на халодны перыяд года, каб ацяпляць памяшканне. 

Але я не пра гэта хацела сказаць. Гараджан гэтым не здзівіць. Яны не звяртаюць увагі на такія будзённыя рэчы, што робяць жыццё камфортным. Я таксама, бо жыву ў такім тэмпе, што задумацца аб чым-небудзь іншым, акрамя бясконцых спраў, проста няма магчымасці. Водпуск даў мажлівасць правесці на ўлонні прыроды не некалькі хвілін ці гадзін, а значна больш часу. Для мяне радасцю было пачуць вечарам стракатанне конікаў у траве, а раніцай адчуць непаўторны водар кветак цыніі. А яшчэ цікавымі былі сустрэчы з аднавяскоўцамі, якія, як аказалася, чытаюць газету і давяраюць ёй. І, ведаючы, што я час ад часу пішу ў газету пра розныя жыццёвыя сітуацыі, яны спяшаліся падзяліцца рознымі гісторыямі, пра якія я яшчэ раскажу чытачам.

Увогуле, з суседзямі нам неяк вельмі шанцуе, што ў гарадской шматпавярхоўцы, дзе цяпер маё пастаяннае месца жыхарства, што ў Крупаве, дзе жыве брат з сям’ёй, – усюды добразычлівыя, адкрытыя людзі.
 
Што яшчэ асабліва радуе – мясцовая дзетвара. Нават на нашай вуліцы Азёрнай, дзе няма вялікіх катэджаў і тым больш двухпавярховых дамоў, маладых сем’яў з дзецьмі нямала. Таму ёсць упэўненасць у тым, што будучыня ў Крупава ёсць.

…Водпуск закончыўся. І няхай не было ў ім ні мора, ні экскурсій, ні ўсяго таго, што хтосьці можа лічыць атрыбутамі ўдалага адпачынку, засталося адчуванне задаволенасці тым, як ён прайшоў, – родным мясцінам, блізкасці да прыроды цяжка знайсці замену, ды я яе і не шукаю.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться