«Эх, жизнь моя, жестянка!»

30 Сентября 2019 2907
Памятаеце гэтыя словы? Апошнім часам заўважаю, што многія з нас могуць з запалам падпяваць вадзяніку з мультфільма, нават не задумваючыся над сэнсам выказаных слоў.

Дык калі мы ўжо будзем жыць лепш? Гэта было першае пытанне, якое я пачула, прыйшоўшы ў госці па запрашэнні да сваіх няблізкіх сваякоў. Я агледзелася: пакой у вялікім доме, дзе сабралася на сямейную ўрачыстасць шматлікая радня, квадратаў гэтак пад сорак; мэбля новая, стыльная; прыгожа сервіраваны стол, падрыхтаваны для гасцей; у двары – аўто і самога гаспадара, і яго дзяцей, а таксама гасцей. Да ўсяго ж, і сам гаспадар, і яго дзеці працуюць, заробкі неблагія. Чаго не хапае? 

Пералічыўшы ўбачанае, менавіта гэтае пытанне я і задала: чаго не хапае? На што гаспадар, разумны, між іншым, чалавек, задумаўся, а пасля сказаў: “Унукам хацелася б падарункі купляць…” Я так зразумела, што размова ішла не пра цукеркі для малодшых прадстаўнікоў сямейнай дынастыі і не пра прагулкі з дзецьмі ў парку, дзе і арэлі, і дзіцячыя горкі бясплатныя… Увогуле, гэта не тэма для абмеркавання за святочным сталом… Але калі на яго пачалі насіць страву за стравай і ўжо не было куды чарговую паставіць, я звярнула ўвагу на гэту абставіну: месца на стале не хапае для пачастункаў, а вы кажаце, што дрэнна жывём. І гэта быў не жарт, але ўсе заўсміхаліся, сталі прыгадваць розныя абставіны жыцця і зрабілі выснову: няблага пачуваемся ў сённяшніх рэаліях…

Дык чаму тады мы скардзімся? Чаму стаіць “вселенский вопль”: “жывём дрэнна”, “не жывём – пакутуем”, а “дзесьці там хтосьці жыве лепш, багацей, увогуле нічога не робіць, а грошы атрымлівае шалёныя”. Спрачацца не буду, можа, “дзесьці хтосьці” і атрымлівае неблагія заробкі, але каб нічога не робячы?.. Не тое што не паверу – дакладна ведаю, што так не бывае. Але давайце не “мыслею по древу”, а звернемся да канкрэтных гісторый.  

*  *  *

У мяне ёсць калега, лідчанка (таленавітая журналістка, між іншым). Віка заўсёды вызначалася аналітычным поглядам на рэчаіснасць. Так склалася, што замуж выйшла за мяжой, і не за эмігранта, як гэта часта здараецца з нашымі зямлячкамі ў іншых краінах, а за англічаніна, да таго ж жыхара Лондана. Колькі год таму я прысутнічала на ўрачыстасці з нагоды іх вяселля. 

Лонданец упершыню быў у Беларусі, раней мала што ведаў пра нашу краіну. Здзівіўся прыгажосці прыроды і гарадоў (а наведаў не толькі Ліду, але і Гродна, Мір, Навагрудак, Нясвіж) і ветлівым, добразычлівым людзям… У Лідзе першымі ўражаннямі былі такія: “Дамы і пад’езды ў вас бедна выглядаюць (гэта пра шматпавярхоўкі. – Заўвага аўтара), а кватэры – багатыя!” Так лонданец ацаніў рамонты, мэблю, набор сучаснай бытавой тэхнікі, што ёсць бадай у кожнай лідскай кватэры. 

Заўважу, гэта казаў не проста студэнт альбо чалавек, які жыве на сацыяльную дапамогу ад дзяржавы, а прадстаўнік адной з найбольш аплачваемых прафесій у Велікабрытаніі – юрыст, які, да ўсяго, займае высокую пасаду ў сталіцы сваёй краіны.

Цяпер ён нячаста бывае ў Беларусі, як, увогуле, нячаста бывае на адпачынку. Каб забяспечыць сям’ю, з дома выходзіць а восьмай гадзіне раніцы, вяртаецца пасля васьмі вечара. Выхадны – нядзеля, у суботу працуе. 

З Вікай я бачылася ў час чарговага яе прыезду ў Ліду. Гаварылі доўга. На сваю радзіму яна глядзіць неабыякава і многа добрага бачыць у Беларусі. Са станоўчага адзначыла дэкрэтны водпуск у тры гады (у Англіі такой мажлівасці няма, дзіця магчыма пакінуць з няняй або аддаць у садок, але  абодва варыянты будуць каштаваць увесь заробак маці, таму многія жанчыны не працуюць, пакуль дзецям не прыйдзе пара ісці ў школу), добрая сістэма адукацыі, пенсійны ўзрост у Беларусі нават пасля павышэння значна меншы. Але што больш за ўсё непакоіць маю малодшую калегу, як і іншых жыхароў каралеўства, дык гэта магчымасць тэрактаў. «З-за гэтага мы не можам быць спакойнымі, калі дзеці ідуць у школу або знаходзяцца на вуліцы».

– Што б ты параіла маладому чалавеку, які вырашыў пакінуць краіну, каб самарэалізавацца за мяжой? – запытала я ў Вікі.

Яна крыху падумала і адказала: 

– Калі б я магла, то стала б у аэрапорце і казала ўсім: “Не трэба, не трэба нікуды з’язджаць!”

Я запытала згоду на тое, каб яе меркаванне надрукаваць на старонках газеты. Яна згадзілася, а ў чарговы раз паабяцала даць падрабязнае інтэрв’ю пра свой замежны побыт.

*  *  *

Нашы мудрыя продкі казалі: добра там, дзе нас няма… І мелі рацыю. Але мы пра гэта забываемся. І калі ў англічан да правілаў добрага тону адносіцца пытанне пра надвор’е, у нас звыклым становяцца нараканні, і няважна, з якой нагоды: ці то з-за дрэннага самаадчування, ці то з-за злыдні свякрухі, ці то з-за гультаёў дзяцей. 

Хаця падчас наведвання замежнымі гасцямі Ліды пытанняў пра надвор’е часцей за ўсё не ўзнікае – ім ёсць чым цікавіцца ў нашым горадзе і ёсць чаму здзіўляцца. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться