Што нам рыхтуе Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме?

20 Июля 2019 2329
Вось напісала загаловак і падумала: судзячы па аповедах слонімскіх калег, іх родны горад рыхтуецца сустрэць свята беларускага друкаванага слова вельмі старанна і зробіць гэта найлепшым чынам.

Ва ўсякім разе, у рэспубліцы не ўпершыню праводзіцца названае мерапрыемства, а ў 26-ы раз. Упершыню яно было праведзена ў 1994 годзе ў Полацку. У 2017 годзе старажытны горад зноў стаў літаратурнай сталіцай краіны – свята, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, было вырашана правесці ў Полацку, родным горадзе беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. За амаль тры дзесяцігоддзі гэта знакавае мерапрыемства праходзіла ў розных гарадах краіны: Навагрудку, Пінску, Тураве, Заслаўі, Шчучыне… Цяпер яго прыме  горад над Шчарай – Слонім…
 
Арганізатары прадумалі правядзенне святочнай імпрэзы да драбніц. І будзе чаму здзіўляцца  гасцям горада. Іншая справа – як мы самі да яго падрыхтуемся, з чым прыйдзем? І “Лідская газета”, і друкарня, як і іншыя арганізацыі нашага раёна, 1 верасня прымуць удзел у гэтым знакавым мерапрыемстве. Мерапрыемства з гэтай нагоды павінна стаць не толькі і не столькі выключнай падзеяй, але найбольш падставай для таго, каб яшчэ раз ацаніць каштоўнасць роднага слова і абазначыць сваю пазіцыю ў адносінах да яго. Так, я кажу пра сферу ўжывання. На дадзены момант яна не вельмі шырокая.  І тыя матэрыялы на беларускай мове, якія вы бачыце на старонках “Лідскай газеты”, – гэта праца журналістаў раённага выдання і нешматлікіх пазаштатных аўтараў, якія не цураюцца роднага слова.

Гэта я кажу не для таго, каб кагосьці папікнуць у няведанні беларускай мовы. У нас дзве дзяржаўныя мовы, і кожны з іх ужываннем вызначаецца самастойна. Са свайго боку, рэдакцыя пры падрыхтоўцы матэрыялаў на гістарычную, краязнаўчую, культурную тэматыкі бу-дзе аддаваць перавагу тым, якія напісаны на беларускай мове. Сэнс тут такі: гэта тыя сферы нашага жыцця, дзе яна павінна гучаць па вызначэнні. Мне даводзіцца ўдзельнічаць у розных семінарах, імпрэзах не толькі ў нашым раёне, і хочацца бачыць флэшмобы вучняў, прысвечаныя Году малой радзімы, на роднай мове. Мая думка: пра любоў да бацькаўшчыны больш пераканаўча гучаць словы на беларускай мове. 

Да ўсяго, у 2020 годзе Ліда стане культурнай сталіцай Беларусі. Не выключана, што калі-небудзь і Дзень беларускага пісьменства заплануюць правесці ў нашым горадзе. Як мы яго правядзём і чым будзем здзіўляць – гэта адна справа. А гучанне роднай мовы паўсюдна было б лепшым сведчаннем нашай адукаванасці і годнасці. І гэта без прывязкі да мерапрыемстваў. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться