Расчыненае акно ў лютаўскі ранак

18 Марта 2019 2645
Новы вулічны тэрмометр, прывезены дачкой, ужо колькі дзён ляжаў без прымянення. Зразумела, каб даведацца аб надвор’і, неабавязкова мець знадворны фіксатар тэмпературы – Інтэрнэт дасць не менш дакладную інфармацыю. Але гэты тэрмометр у выглядзе пчалы мне вельмі падабаўся сваім яркім дызайнам – такіх на вокнах дамоў, кватэр лідчан многа. Адна нязручнасць: каб яго прымацаваць, патрэбна насцеж адчыняць акно, а на двары не май месяц. І невядома, калі яшчэ тое цяпло будзе. 

У апошнюю зімовую суботу вырашыла ўсё ж прымацаваць пчалу там, дзе яна і павінна быць па сваім функцыянальным прызначэнні. Трэба было толькі дачакацца, пакуль застануся ў кватэры адна, бо ведала ж, што скажа муж, калі пабачыць адчыненае акно: “Захварэць захацела? Зачыняй”. А сваркі не мой канёк. Тым больш калі на календары свята мужчын – 23 лютага. Таму, дачакаўшыся таго моманту, калі засталася адна, адразу ж прынялася за справу: памыла і начысціла да бляску шкло, затым адкосы, падаконнік… Прымацавала пчалу… Адна няёмкасць была: на балконе суседняга дома курыў мужчына, які назіраў за маёй працай. Адлегласці ж паміж дамамі вядома якія. Спачатку я спадзявалася, што ён пакурыць ды пойдзе адзначаць сваё свята, але не – колькі мыла акно, столькі назіраў за маімі высілкамі. Забылася пра гэта адразу ж, як скончыла працу, і палюбавалася яе вынікам.

На наступны дзень гатавала снеданне для сям’і, калі дачка падышла да акна. І тут чую яе здзіўленне: “Не можа быць! Акно мыюць!” Адразу ж прамільгнула здагадка: ці не ў той кватэры, з балкона якой ішло ўчарашняе назіранне? Паглядзела – так і ёсць: завіхаюцца дзве жанчыны, старэйшая мые шыбы, малодшая падае патрэбныя для гэтага рэчы. Супадзенне? Не ведаю. Думаю, што хутчэй не. Было смешна. Але жанчын пашкадавала: мыць вокны зімовым днём, ды яшчэ ў нядзелю – што за патрэба? 

Вельмі хацелася б, каб мужчыны навучыліся па-сапраўднаму цаніць нас, жанчын, тых, якія побач. Няважна, што робяць іншыя. Значэнне маюць тыя людзі, якія ў дадзены момант знаходзяцца з намі (увогуле, гэты тычыцца і нашых жаночых адносін да мужчын). Няўжо абавязкова траціць тое, што маеш, каб цаніць яго? А для адчування шчасця патрэбна так мала: хаця б ведаць, што тваё здароўе даражэй за вымытае акно.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться