У юбілейны год…

07 Февраля 2019 3408
Першы месяц новага года прайшоў. Пачаўся люты. Здаецца, яшчэ ўчора мы рыхтаваліся да навагодніх святаў, будавалі планы, слалі віншаванні сябрам… А на календары так хутка змяняюцца дні! У большасці сваёй яны напоўненыя будзённымі справамі, не так часта надараюцца ў жыцці святы. Хаця, на мой погляд, іх адчуванне, падрыхтоўка зусім не горш, чым сам святочны дзень. Ва ўсялякім разе яны напаўняюць жыццё асаблівым зместам.

Калектыву нашай газеты нават не трэба шукаць падставу, каб адчуць гэту незвычайную атмасферу ўрачыстасці, бо яна навідавоку: сёлета газеце спаўняецца 80 год – у верасні 1939 года выйшаў першы нумар раёнкі. 

За дзесяцігоддзі свайго існавання розныя перыяды былі ў жыцці газеты, яе супрацоўнікаў, але на кожным адрэзку сваёй дзейнасці раённае выданне заставалася верным свайму прызначэнню – інфармаваць чытачоў аб падзеях, якія адбываюцца навокал. І робіць яно гэта паслядоўна, максімальна інфарматыўна. (Хацелася напісаць “аператыўна”, але час змяніўся, і гэта азначэнне ўжо не ў такой ступені характэрнае для газетных старонак – у большасці сваёй аператыўная інфармацыя цяпер чэрпаецца з Інтэрнэта.) 

Сайт “Лідскай газеты” на сённяшні дзень на Лідчыне заняў лідзіруючую пазіцыю як у аператыўнасці падачы матэрыялу, так і ў яго колькасна-якасным складальніку. І гэта важна. Сёння парадак дня ў многім вызначае Сеціва. Але толькі дасведчаны карыстальнік можа вызначыць, дзе праўда, дзе падман, хаця спосабы падачы матэрыялаў сталі настолькі вытанчанымі, што простага досведу ўжо не хапае. Інфармацыйныя фэйкі сталі чымсьці будзённым. Пра інфармацыйную бяспеку і новыя падыходы да яе забеспячэння і ішла размова на нарадзе, якую ў мінулы чацвер правёў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе прагучала: інфармацыйная бяспека – гэта адзін з сур’ёзных напрамкаў бяспекі краіны ў цэлым. 

Дакладная, правераная інфармацыя, за кожнае слова якой нясе адказнасць журналіст, – гэта той фундамент, на якім павінна быць заснавана работа супрацоўнікаў СМІ. Друкаванае гэта выданне, ці інтэрнэт-рэсурс, ці іншы сродак масавай інфармацыі, галоўнае – працаваць згодна з сумленнем, хаця, безумоўна, важныя складальнікі дзейнасці журналіста – талент, творчасць. Яны павінны быць скіраваны на стваральную ніву. Магчыма, з-за таго, што ў Сеціве так шмат бруду, цікавасць людзей да друкаваных выданняў вяртаецца. Аб гэтым сведчаць і сацыялагічныя даследаванні. У нашай краіне высокую планку трымаюць менавіта рэгіянальныя выданні. Адказваючы на выклікі часу, яны найбольш набліжаныя да свайго чытача і максімальна імкнуцца даваць яму цікавую і карысную інфармацыю. Правераную… А ў юбілейны для “Лідскай газеты” год яе калектыў распрацаваў шэраг праектаў, творчых у тым ліку. Зразумела, з акцэнтам на юбілейную дату. Напрыклад, адзін з іх пройдзе пад умоўнай назвай “З пажаўцелай ад часу старонкі”. Напэўна, у многіх захаваліся нумары раённай газеты 10-20-30-гадовай даўнасці. Раскажыце нам пра тое, чаму ў вас захоўваюцца гэтыя экзэмпляры.

У вас дзень нараджэння 30 верасня, як і ў раённай газеты? Будзем рады з вамі пазнаёміцца і прадставіць вас нашым чытачам. Дасылайце ў рэдакцыю сваю фатаграфію і расказ пра сябе, напішыце і пра тое, ці даўно чытаеце раённую газету, што вам у ёй найбольш цікава. Можаце проста патэлефанаваць па нумары 53-29-80 і расказаць журналісту тое, што палічыце неабходным. Раскрыю сакрэт: імяніннікаў чакаюць падарункі ад газеты.

Гэтыя і іншыя праекты будуць рэалізоўвацца на старонках газеты ў бліжэйшы час. Хаця падманваць не буду, не было б юбілею, новыя праекты ўсё роўна былі б: у жыцці столькі ўсяго цікавага, незвычайнага, што вельмі хочацца ахапіць усё, наколькі гэта магчыма. 

Галоўнае ж – не страціць у віры жыцця разуменне таго, што ў кожную справу, падрыхтаваны артыкул патрэбна ўкладваць сэнс, ён зрэдку можа быць святочным, часцей будзённым, важна, каб быў скіраваны на добрае. Да гэтага імкнёмся, а ў юбілейны год – з яшчэ большым жаданнем.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться