Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч павіншавала падапечных «Лідскай газеты» з надыходзячым Новым годам

31 Декабря 2019 1455

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” працягвае крочыць па краіне. Да марафону падключылася і “Лідская газета”. Галоўны рэдактар выдання, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч наведала з падарункамі трайнятак Аню, Насцю і Артура Кодзікаў.

Новы год – час здзяйснення жаданняў і, вядома, дабрыні. Менавіта ў гэтае свята кожнаму з нас важна адчуваць, што ёсць тыя, хто гатовы падзяліцца з табой сваім цяплом. Асаблівае значэнне гэтае свята мае для дзетак, для якіх лепшы падарунак – гэта… не, не цукеркі або сучасныя гаджэты (хаця, канешне, ім немагчыма не радавацца), а ўвага і жывыя зносіны.

У гэтым “Лідская газета” ў каторы раз пераканалася, зазірнуўшы ў госці да сваіх падшэфных трайнятак Кодзікаў. З якой радасцю васьмігадовыя Аня, Насця і Артур нас сустрэлі! З якім запалам распавядалі аб сваіх поспехах у школе, новых сябрах, марах і жаданнях!

Так, Артур наведвае шахматны гурток. Аня займаецца танцамі і спевамі. Насця заахвочана экалагічным і матэматычным гурткамі, але марыць аб маляванні. Прынамсі, Артур таксама цягнецца да творчасці і хоча навучыцца іграць на гітары.

– Божае Нараджэнне мы сустракалі ў сваякоў у Дзітве і ўсе разам, усёй сям’ёй, хадзілі ў касцёл, – наперабой дзяліліся апошнімі падзеямі і ўражаннямі з Кацярынай Адамаўнай дзеці.

– А цяпер у нас канікулы і мы наведваем школьны лагер. Самастойна, без суправаджэння мамы і таты, – трохі саромеючыся, але ў той жа час не без гонару сказала Аня.

– А вы ведаеце, што ў нас самая лепшая настаўніца?! Святлана Віктараўна Емельяновіч! – тут жа змяніла тэму Насця.

…Пераскокваючы з адной тэмы на іншую, дзеці не перастаючы распавядалі то аб адным, то аб іншым. Настолькі яны былі рады бачыць сваю “Лідскую газету”! А мы, канешне, з цікавасцю слухалі кожнага і думалі: “За восем гадоў нашага цеснага сяброўства з сям’ёй Кодзікаў столькі ўсяго змянілася. Не паспелі азірнуцца, як Аня. Насця і Артур сталі ўжо зусім дарослымі і самастойнымі. Але для нас яны па-ранейшаму дзеці – нашы Кодзікі-коцікі”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться