Сёння вучні лідскіх школ здзейснілі «Падарожжа ў этнаказку»

11 Декабря 2018 1988
Маляўнічае прадстаўленне ў рамках адкрыцця рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці" адбылося ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Спачатку невялікі канцэрт удзельнікам мерапрыемства прадставілі выхаванцы ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў", а затым гледачоў чакалі сустрэча з Зюзям, калядоўшчыкамі, удзел у цікавых конкурсах і салодкія пачастункі.

– А вы ведалі, хто такі Зюзя? – спытала ў мяне вядучы метадыст ДУ “Лідскі раёны цэнтр культуры і народнай творчасці» Ганна Некраш. – Напэўна, запамятавалі. Дзеткам будзе цікава даведацца, што Зюзя ў нашых продкаў – гэта бог зімы. Зюзя паходзіць ад дзеяслова зюзець, мерзнуць. Яго ўяўлялі дзядком нізенькага росту з сівымі валасамі на галаве і такою ж доўгаю барадою. Лічылася, што большую частку зімы міфалагічны персанаж праводзіў у лесе. Часам заходзіў у вёску. Дык вось, пасля яго з'яўлення напярэдадні Новага года пачыналіся моцныя маразы.

Праўда, у гэты дзень Зюзя з'явіўся на парозе аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры з іншай місіяй, выклікаўшы шмат эмоцый ва ўдзельнікаў свята. Хлопцы і дзяўчынкі віталі сівавалосага старога і нават фатаграфавалі, кіруючыся тым, што сёння не сустрэнеш Зюзю, усё больш Дзядулю Мароза. Праўда, наш персанаж, наўрад ці быў падобны на таго, пра каго распавядалі бабулі і прабабулі. І ў гэтым не складана было пераканацца, проста глянуўшы ў акно: ні маразоў, ні снега.

Падарожжа ў этнаказку працягнулася. Удзельнікі фальклорнай групы "Талер" вярнулі маленькіх гледачоў у мінулае і паказалі, як нашы продкі калядавалі. Для гэтых мэтаў артысты выкарыстоўвалі не толькі касцюмы, але і атрыбутыку (спецыяльную вырабленую зорку з гарачай свечкай, як сімвал зоркі, якая прывяла вешчуноў пакланіцца Ісусу Хрысту). У працэсіі таксама было некалькі традыцыйных персанажаў. Напрыклад, каза. Пасля пажаданняў кожнаму з гаспадароў імправізаванай хаты асабістага шчасця разгарнулася сапраўдная гульня. Каза, якая лічылася сімвалам урадлівасці, танчыла і віншавала ўсіх пад бурныя апладысменты.

Разам з артыстамі навучэнцы мясцовых школ спявалі песні, скакалі, удзельнічалі ў конкурсах. Комплексная пазнавальна-забаўляльная праграма скончылася праглядам выставы традыцыйных беларускіх рамёстваў, на ўра прайшоў выступ лялечнага тэатра Батлейка з п’есай “Цар Ірад”. Навучэнцы, якія атрымалі ў гэты дзень шмат станоўчых эмоцый, не хавалі захаплення. Кожнаму гледачу артысты падаравалі маленькі прэзент – саламяны званочак.

– Кажуць, што традыцыйная культура, – гэта знешняя вокладка нацыі, –заўважыла Ганна Некраш. – Гэта сапраўды так. Дзеці з маленства павінны ведаць свае карані. Тады і нас будуць ведаць і паважаць.

















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться