Гісторыя жыхара Ліды, вёску якога падчас вайны спалілі акупанты, а сам ён стаў сынам партызанскага атрада

21 Июня 2019 682
У чарговым выпуску спецыяльнага праекта мы перагарнём старонкі дзяцінства жыхара горада Ліды Міхаіла Мікалаевіча Клепікава, якое ў поўным сэнсе слова было апалена вайной. Згарэла яго вёска, людзей у ёй спалілі зажыва. Ён стаў сынам партызанскага атрада, спазнаў голад, холад (яго гісторыя ўвайшла ў кнігу Анастасіі Каладзяжнай «Памяць – галоўны сведка»), але ў свае дзіцячыя гады выстаяў. Каб потым прысвяціць жыццё ваеннай справе, стаць абаронцам Радзімы, зрабіць усё, каб ніколі болей не зведала яна жахаў вайны.

Наўцёкі ад вайны

Міхаіл Клепікаў нарадзіўся ў жніўні 1940 года ў вёсцы Ракузаўка Магілёўскага раёна. А праз дзесяць месяцаў пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька быў мабілізаваны на фронт. Каля рэчкі Проня Чавускага раёна трапіў у палон і быў накіраваны ў канцлагер для савецкіх ваеннапалонных у г. Бабруйск. Якімсьці чынам яго жонка, маці Міхаіла Мікалаевіча, даведалася аб месцазнаходжанні мужа. Пакінуўшы сына сваякам, пешшу, з кайстрай для палоннага мужа, пераадолела 110 км да Бабруйска. Звярнулася да адміністрацыі канцлагера з просьбай спаткацца з мужам, а па магчымасці і вызваліць яго. Спатканне дазволілі, але дамоў не адпусцілі. Пасля Бабруйска ў жыцці бацькі быў Малы Трасцянец пад Мінскам, потым – прамы этап у Рурскі вугальны басейн. 

Хутка вёска Ракузаўка была акупавана. Да 7 лістапада 1942 года асаблівых карных аперацый у адносінах да мясцовага насельніцтва не было. Пакуль не адбылося адно здарэнне. Якраз у дзень 25-й гадавіны Вялікага Кастрычніка адзін з немцаў ішоў па вёсцы з дзесяцілітровай бутляй самагону і пеўнем за пазухай. І ў гэты момант нехта яго забіў.

Што тут сталася! Акупацыйныя ўлады такой расправы над салдатам вермахта дапусціць не маглі. Сабралі мясцовае насельніцтва, малых і старых, пастроілі на вуліцы і аб’явілі: калі забойцу не выдадуць, усё насельніцтва будзе пакарана. 

75-гадовы дзядуля Міхаіла Мікалаевіча – Мікалай Рыгоравіч – зразумеў, што літасці ад новай улады чакаць не варта, і вырашыў дзейнічаць. Дакументы і тое-сёе з хатняй маёмасці склаў ў бочку, выкапаў у хляве яму і апусціў яе туды. Засыпаў гноем. Са сваёй дачкой Вольгай (мамай Міхаіла Мікалаевіча) і ўнукам у ноч з 7 на 8 лістапада пакінуў Ракузаўку і пайшоў у вёску зяця – Дубінку.
– Месца, дзе можна было б прытуліцца, у Дубінцы было, – расказвае Міхаіл Мікалаевіч. – У бацькі вялікая радня – тры сястры і два браты. Дарэчы, не толькі наша сям’я сышла тады з Ракузаўкі. За ноч апусцела ўся вёска, засталіся толькі тыя, хто служыў немцам.

«Зімовае чараўніцтва» ў попеле і крыві

Партызанскі рух ва ўсходніх абласцях Беларусі, у тым ліку на Магілёўшчыне, пачаўся практычна адразу пасля акупацыі. Касцяком партызанскіх груп, а пазней атрадаў паслужылі воіны Чырвонай Арміі, якія пад узмоцненым напорам гітлераўцаў вымушаны былі адступаць на ўсход. Яны, застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, пачалі ствараць партызанскія групы, якія пазней перараслі ў партызанскія атрады, аб’яднанні, брыгады. Так, у Магілёўскім раёне з чырвонаармейцаў, якія адступалі, была арганізавана партызанская група на чале з лейтэнантам Асманам Касаевым. Партызанскі рух пашыраўся. 

– 17 лютага 1943 года ў Дубінку прыбыў ваенны ахоўны батальён, сфарміраваны з бандэраўцаў, – расказвае лідчанін. – У іх ужо былі даныя аб тых сем’ях, члены якіх пайшлі ў партызанскія атрады. Спачатку яны не катавалі, не забівалі, а толькі пераконвалі, каб партызаны здаліся. Здадуцца немцам партызаны – тады немцы не будуць пераследаваць іх сем’і. Але немцы не стрымалі сваё слова. Пачаліся пакаранні мясцовага насельніцтва. Так, дзядулю (па бацьку) Фадзея Астапавіча гітлераўцы катавалі, выбілі зубы, паламалі рэбры – і ўсё гэта з мэтай, каб яго сын Сяргей склаў зброю і вярнуўся дамоў. Так было з усімі старымі жыхарамі, чые сыны былі ў атрадзе Асмана Касаева.

Мясцовае насельніцтва ведала, дзе знаходзяцца партызаны. Але ніхто не выдаў іх гітлераўцам. Тады тыя, адчуваючы сваю моц, сагналі частку насельніцтва ў гумно і трымалі там у голадзе і холадзе. Бабуля Міхаіла Мікалаевіча спякла хлеб і дала дзве булкі сваёй малодшай дачцэ Ніне, каб тая аднесла яго запертым у гумне аднавяскоўцам. Пасылала дзіця з надзеяй, што гітлераўцы не зачэпяць яго. Дзяўчынка панесла хлеб. Зайшла ў гумно. А там чакалі эсэсаўцы.

– Каму ты прынесла хлеб?

– Бацьку, – сказала дзяўчынка. 

Хлеб адабралі, а яе кінулі да арыштантаў.

– А хто твая мама?

Знайшлі маму, бабулю Міхаіла Мікалаевіча, і заперлі ў гумне.

На другі дзень эсэсаўцы пачалі абкружаць вёску і зганяць мясцовае насельніцтва. Маці Міхаіла Мікалаевіча выйшла на вуліцу, а насустрач ёй бяжыць аднавяскоўка:

– Хапай хлопца і бяжы да лесу! Немцы абкружаюць вёску.

Мама схапіла маленькага сына і са сваім бацькам праз поле рванула да лесу. Зіма, завея, мароз. Хутчэй, хутчэй у лес! Але хутчэй не атрымлівалася: снег быў па пояс.

– Мама, што гэта свісціць? – пытаецца ў яе хлопчык.

Ён не разумеў, што наўздагон яму і ўцекачам свісцяць нямецкія кулі.

Дабеглі да выратавальнага лесу. Забітых не было з-за вялікай адлегласці пры стральбе, але некалькі чалавек былі паранены. Там, у лесе, з-за голых галін, галодныя і халодныя жыхары Дубінкі з жахам назіралі, як у агні пажарышча гінула ўсё, што было нажыта іх цяжкай сялянскай працай. Мучылі слёзы ад невымешчанай злосці на фашыстаў.

На наступны дзень вёску падпалілі. У агні згарэлі 72 двары з 83-х. З 409 карэнных жыхароў (а ў вёсцы былі і прышлыя людзі) у агні загінулі 186 чалавек. Згарэлі жывымі дзядуля (па бацьку), бабуля, малодшая сястра бацькі Міхаіла Мікалаевіча.

Гэтая дзікая аперацыя, у ходзе якой былі спалены 186 чалавек з іх маёмасцю, у гітлераўцаў праходзіла пад назвай “Зімовае чараўніцтва”.

Курган у памяць аб загінулых у в. Дубінка.

Кавалачак мёрзлай каніны і «асьмушка» хлеба

Цэлыя суткі жыхары: старыя, жанчыны, дзеці – прабылі на ўзлеску, глядзелі на абгарэлыя каміны былога свайго жылля. Горкі камок падступаў да горла, але слёз не было – была вялізная прага помсты.

Да ўцекачоў на конях пад’ехала партызанская разведка і правяла ўсіх ў распалажэнне партызанскага атраду. Дзе і як размясціць зімой 223 чалавек – цяжкая задача для партызанскага камандавання. Але размясцілі ўсіх. Партызаны пацясніліся, па зямлянках размясцілі дзяцей, старых. Усіх накармілі. А ранкам зазвінелі пілы, застукалі сякеры – пачалося будаўніцтва новых зямлянак.

Усе, як маглі, дапамагалі партызанам. Жанчыны мылі, шылі, гатавалі, хтосьці хадзіў у разведку. Дапамагалі ў меру сваіх сіл і магчымасцей дзеці, старыя. Але з харчаваннем было вельмі цяжка. Хлеба давалі толькі восьмую частку ад кілаграма, так званую «асьмушку» – 125 грамаў. Дзядуля Мікалай Рыгоравіч, заядлы курыльшчык, нават гэтую мізэрную норму мяняў на тытунь. 

У атрадзе вялікай стратай лічылася гібель каня, а для грамадзянскага насельніцтва гэта было вялікай радасцю. Тады па лагеры нёсся кліч: “Свежаніна, бабы!” Ад каня заставаліся хвост ды грыва. Капыты таксама ішлі ў ход. Ды што капыты? Шкуры не заставалася. Яе неслі ў глыб лесу, там непрыкметна разводзілі вогнішча, абпальвалі, скрэблі, варылі. Маленькі Міша запомніў, як аднойчы сядзеў на возе з нейкімі мяшкамі і прасіў у мамы: “Я хачу есці!”

У мамы нічога не было. Дзіцячую просьбу пачула жанчына. Моўчкі адышла, але хутка прынесла кавалачак мёрзлай каніны, пасыпанай соллю. Якім смачным ён быў, гэты мёрзлы кавалачак каніны!

Так выратаваныя жыхары вёскі дзякуючы Асману Касаеву пражылі ў партызанскім лагеры больш за год – да красавіка 1944 года.

Вяртанне ў разбураныя гнёзды

Вясна 1944 года – час, калі войскі Чырвонай Арміі па ўсёй шырыні фронту цяснілі гітлераўскіх захопнікаў. Гітлераўцы разумелі, што ў іх гарыць зямля пад нагамі. Яны раскідалі над лесам (распалажэннем партызанскага атраду) лістоўкі на рускай мове са зваротам да мірнага насельніцтва, каб тыя вярталіся з лесу і што пераследаваць іх не будуць.

Верыць катам ці не? Першым рызыкнуў ісці ў вёску дзядуля Мікалай Рыгоравіч. Пры гэтым сказаў: “Калі праз тры дні не вярнуся, смела ідзіце ў вёску. А калі будуць якіясьці перасцярогі, дам знаць”.

78-гадовы стары выйшаў з лесу ў самае бездарожжа, калі пачалося раставанне снегу, ускрываліся рэкі, і пайшоў у родную вёску Ракузаўку. Прайшло тры дні. Стары не вяртаўся. Тады пачалі рухацца і іншыя жыхары. Пайшла і мама з маленькім Мішам.
 Лесам, кустамі, балотамі дайшлі да вёскі. Іх хата, на шчасце, уцалела. Захаваліся іконы. Толькі стала не было. На жаль, бочка, якую дзядуля закапаў перад адыходам, знікла, знікла і ўсё, што ў ёй было. З ежы ў хаце не было нічога. Ні крупінкі, ні кавалачка хлеба, ні бульбіны. Як выжыць? Чым карміць дзіця? 

Гэтай сям’і пашанцавала: у яе засталася хата. А многія вярнуліся на папялішчы. Сям’я Клепікавых пацяснілася, дала прытулак тым, у каго не было даху над галавой. У іх хаце жылі тры сям’і.

Яны вынеслі цяжар вайны. Бацькі Міхаіла Мікалаевіча.

Фашысты, ведаючы, што фронт набліжаецца, пачалі ўзводзіць на беларускіх межах сістэму абарончых збудаванняў. Непадалёку ад вёскі маці з аднавяскоўцамі капала сховішчы для нямецкай тэхнікі. Жанчыны працавалі за буханку хлеба, іх дзеці былі побач. Маленькаму Мішу і яго сябру аднойчы трапіў на вочы каляровы трохжыльны провад. 

– Як зараз стаяць перад вачыма тры прыгожыя палоскі: блакітная, жоўтая і чырвоная, – успамінае Міхаіл Мікалаевіч. – Мы тут жа ўхапіліся за прывабны провад, нават адрэзалі кусок, метры два-тры, наматалі яго на руку. Раптам, як з-пад зямлі, з’явіліся немцы. Адзін схапіў сябра: “Дурак, кіндэр!” – і даў яму пінка. Другі немец схапіў мяне, адышоў далей, пасадзіў сабе на калені, дастаў з унутранай кішэні фота і паказаў яго мне. На фота быў хлопчык. Верагодна, сын. Немец пагладзіў мяне па галаве, пачаставаў галетай. 

У пакаранне за гэта дзіцячае свавольства мама тры дні бясплатна капала зямлю. 

Вызваленне!

На досвітку 30 чэрвеня 1944 года жыхары вёскі Ракузаўка прачнуліся ад грукату і шуму. Выскачылі на вуліцу. Па вуліцы ішлі савецкія танкі! Калона танкаў, на галоўным з якіх па ветры горда развяваўся чырвоны сцяг. 

– Савецкія танкі – самы хвалюючы эпізод з ваеннага дзяцінства, які на ўсё жыццё запомніўся мне, чатырохгадоваму хлопчыку. Якое шчасце! Зірнуў на дарослых – яны плачуць. І сам чамусьці заплакаў, – успамінае лідчанін.

А праз пару дзён праз вёску прайшлі і савецкія тылавікі. Тут былі і незабыўная смачная каша, і ледзянцы, і галеты, і цукар. Кожны салдат імкнуўся ўзяць дзіця на рукі, прыціснуць да сябе, прыгалубіць. У іх дзесьці на радзіме засталіся свае такія ж дзеці.
Сям’я Клепікавых у тую вайну страціла восем чалавек. Загінулі дзядуля і бабуля (па бацьку), бацькава сястра і два браты, яшчэ трое мужчын – мужы бацькавых сёстраў.

Бацька вярнуўся летняй ноччу 1945 года. Маці тры дні не асмельвалася  расказаць яму аб трагедыі ў Дубінцы і гібелі яго родных.

Каб ніколі болей…

Пасля вайны Міхаіл Мікалаевіч скончыў школу, працаваў у калгасе. А потым пайшоў у армію і ўсё сваё далейшае жыццё звязаў з ваеннай справай. Пачынаў службу на Паўночным флоце, потым – у Ніжнім Тагіле, пасля – у 49-й ракетнай дывізіі ў Лідзе. “За шматгадовую службу спагнанняў не меў, а заахвочванняў было шмат (падзякі, граматы), – адзначае лідчанін. – Самыя важкія і каштоўныя – гэта грамата міністра абароны СССР Андрэя Грэчкі і каштоўны падарунак – камандзірскі гадзіннік, – уручаны камандзірам 49-й ракетнай дывізіі генерал-маёрам Уладзімірам Мураўёвым. Куды б ні накіроўвала камандаванне, імкнуўся добрасумленна выконваць загады і быць прыкладам у першую чаргу для сваіх падначаленых”. Увогуле, Міхаіл Клепікаў нездарма прысвяціў сябе службе ва Узброеных Сілах – лічыў сваім абавязкам служыць і быць абаронцам Радзімы. Каб ніколі болей не паўтарыўся горкі ўрок вайны, якую спазнаў ён у сваім дзяцінстве.

А як жа вёска Дубінка, што раздзяліла лёс Хатыні і Леснікоў?

– На вялікі жаль, вайна забрала шмат маіх землякоў, – расказвае Міхаіл Клепікаў. – Акрамя 186 чалавек, якіх гітлераўцы спалілі 18 лютага 1943 года, летам 1944-га, калі Чырвоная Армія прыйшла на нашу зямлю з вызваленнем, вёска Дубінка аддала фронту 145 маладых абаронцаў, з якіх 67 загінулі, 78 прапалі без весткі. Вёска адрадзілася. У 1968 годзе ў памяць аб спаленых жыхарах у ёй быў насыпаны курган. 

Лёс закінуў Міхаіла Мікалаевіча далёка ад малой радзімы. Але на працягу ўсяго свайго жыцця ён імкнуўся і імкнецца хаця б раз у год наведаць родныя мясціны, пахадзіць партызанскімі сцежкамі, па якіх хадзіў у гады свайго апаленага вайной дзяцінства.

Больш за сорак гадоў Міхаіл Мікалаевіч жыве ў Лідзе. Ужо даўно на заслужаным адпачынку, але займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Так, некалькі год таму, 8 мая 2015 года, у двары свайго дома ён пасадзіў дуб у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі – як сімвал сілы духу, сілы волі, гераізму і стойкасці.

– Дуб пасаджаны не выпадкова, – адзначае лідчанін. – У нашым двары, пачынаючы з 1961 года, жылі і зараз жывуць сем’і воінаў-ракетчыкаў, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў бераглі мір, здабыты ветэранамі-франтавікамі. У нашых дамах жылі і франтавікі, якія служылі ў 49-й ракетнай дывізіі, – гэта гвардыі палкоўнік Пётр Галаваты і падпалкоўнік Мікалай Хабараў. Зараз дуб набіраецца сіл. Догляд ажыццяўляе мой саслужывец, член ветэранскай арганізацыі ракетчыкаў Аляксандр Васіленка. Няхай дуб будзе сімвалам міру, сувязі пакаленняў і стане ўпрыгажэннем нашага двара на доўгія гады!
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться