Герой адной сям’і

18 Апреля 2019 787
Хутка дзень Перамогі, а за ім яшчэ адна важная для кожнага з нас дата – 75-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта нагода перагарнуць сямейныя альбомы, успаміны, архівы… Лідчанка Яўгенія Аляксандраўна Шаховіч беражліва захоўвае ўсё, што засталося ад яе бацькі, – узнагародныя лісты, фотаздымкі, а самае галоўнае – памяць. Бо бацька – Аляксандр Вікенцьевіч Гомза – для яе больш чым герой.

Сям’я Гомза бярэ пачатак з вёскі Ігнаткаўцы, што прытулілася непадалёку ад Голдава Ходараўскага сельсавета. Ёсць у вёскі адна асаблівасць: ва ўсе часы яна была слаўная сваімі людзьмі. Адгалосак людской душэўнай прыгажосці чуваць і сёння. Менавіта тут жывуць славутыя голдаўскія пявунні – гурт “Ігнаткаўскія весялухі”. На жаль, сёння ў вёсцы засталося няшмат жыхароў, а некалі яна была вялікай і шматлюднай.

Бацька Яўгеніі Аляксандраўны – Аляксандр Вікенцьевіч – нарадзіўся ў вялізнай сям’і, дзе было васямнаццаць (!) дзяцей. 

– Жылі на зямлі, на ёй і працавалі, – расказвае яго дачка. – Бацька скончыў чатыры класы, потым сямігодку. Быў прызваны ў польскую армію. Служыў у 77-м пяхотным палку, які базіраваўся ў Паўночным гарадку г. Ліды. У 1939 годзе быў звольнены ў запас. Па ўспамінах, пасля арміі меў добрае забеспячэнне. Першы ў Ігнаткаўцах купіў веласіпед і гадзіннік. У яго адзенні пасля вайны ўся вёска жанілася і вянчалася. 

У гады вайны Аляксандр Гомза быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у супрацьударнай танкавай артылерыі. За ўдзел у баях атрымаў шэраг узнагарод, падзяк галоўнакамандуючых. У сям’і захоўваецца загад аб узнагароджанні медалём “За адвагу”, які Аляксандр Гомза заслужыў за ўдзел у наступальным баі пры пашырэнні плацдарма на заходнім беразе ракі Одэр. 

– Аб вайне бацька не любіў расказваць. Казаў: “Дзеткі, не дай вам Бог гэта ведаць”, – гаворыць Яўгенія Аляксандраўна. – Ён дайшоў да Берліна. Дамоў вяртаўся пяшком, разам са сваім сябрам Алёшам. Той  падарваўся на міне, выпадкова збочыўшы з дарогі. Дома яго чакалі  жонка і дзве дзяўчынкі.

Хутка пасля вайны Аляксандр Вікенцьевіч ажаніўся. На сваёй жа, ігнаткаўскай, працавітай дзяўчыне, на чатырнаццаць год маладзейшай за яго. Абое працавалі ў мясцовым калгасе, абое былі перадавікамі, іх партрэты віселі на Дошцы гонару. 

– Бацьку і сёння памятаюць старэйшыя жыхары Ігнаткаўцаў. Чалавек ён быў вельмі добры, ніколі не піў гарэлкі, не мацюкаўся. З мамай яны нарадзілі і выгадавалі трох дачок. Зараз у яго шасцёра ўнукаў, трынаццаць праўнукаў і адзін прапраўнук. Усе – годныя людзі. Памятаюць і ганарацца сваім слаўным продкам.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться