На Лідчыне будуць весціся маштабныя пошукавыя работы

24 Февраля 2019 520
У знакавы для краіны год на Лідчыне пройдзе шмат мерапрыемстваў і праектаў у розных накірунках. Вялікая ўвага, у прыватнасці, будзе ўдзелена пошукавай працы.

Шукаць – значыць помніць! Гэтыя словы сёлета павінны стаць лейтматывам для кожнага жыхара або ўраджэнца Лідскага раёна. Бо вайна не скончана да таго часу, пакуль не пахаваны апошні салдат. Нягледзячы на тое што 74 гады прайшло з заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, і па сённяшні дзень лёс сотняў тысяч загінуўшых воінаў, мірных жыхароў застаецца загадкай. З гэтай нагоды і каб увекавечыць памяць тых, хто загінуў у гады вайны, у рэгіёне будуць весціся маштабныя пошукавыя работы.

– Яны стануць часткай агульнай працы па ўсёй краіне, – адзначыла  начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ірына Рабец. – Знойдзеныя намі новыя імёны ўвойдуць у рэспубліканскую базу даных і будуць увекавечаныя ў кнізе “Памяць”. 

Аб тым, што будзе лёгка, гаворкі не ідзе. З тых часоў прайшло ўсё ж такі не адно дзесяцігоддзе, захавальнікаў памяці засталіся адзінкі. У пошуках прымуць удзел спецыялісты розных галін, у тым ліку гістарычна-мастацкага музея, устаноў культуры, адукацыі, валанцёры з грамадскіх аб’яднанняў і, вядома, журналісты мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. Таксама будзе наладжана супрацоўніцтва з рознымі суполкамі: яўрэйскай, украінскай, рускай. Агульнымі намаганнямі будуць праведзеныя вялікая архіўна-даследчая праца, апытанні сведак, “паднята” неабходная дакументацыя. Плануецца, што пры кожнай школе будуць арганізаваныя пошукавыя атрады. Для іх распрацуюць нешта накшталт брашуры-дапаможніка, дзе паэтапна будзе распісаны алгарытм пошукавых работ. Для навучэнцаў такі вопыт стане неацэнным і, мабыць, лепшым урокам па гісторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Такі комплексны падыход дасць вынік, – упэўнена Ірына Генадзьеўна. – І першыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зробленыя. Навуковым супрацоўнікам гістарычна-мастацкага музея Алесем Хітруном шляхам зносін з жыхарамі Крупава быў устаноўлены такі факт: на тэрыторыі прыблізна паміж клубам і магазінам у гады вайны былі расстраляныя і захаваныя мірныя жыхары. У хуткім часе ў Міністэрства абароны будзе дадзены запыт на правядзенне тут раскопак (матэрыял Алеся Хітруна “Па слядах крупаўскай трагедыі” ў хуткім часе будзе апублікаваны на старонках “Лідскай газеты”. – Рэд.). 
 
Неўвекавечаных імёнаў у Лідскім раёне, ды і па ўсёй Беларусі быць не павінна, але яны ёсць. І на дапамогу па іх аднаўленні могуць прыйсці не толькі прафесійныя шукальнікі, але і кожны жадаючы. Карыснай і каштоўнай будзе любая інфармацыя, нават калі яна грунтуецца на чутках або расказах, пачутых ад кагосьці іншага. Дробязей, нязначных фактаў у тым, што тычыцца Вялікай Айчыннай вайны, няма. Падзяліцца інфармацыяй можна па тэлефоне 53-29-80, у каментарыях пад артыкулам або па электронай пошце lidanews@tut.by з паметкай “Шукаць – значыць помніць!”
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться