Вайна і мір яе дроздаўскага дзяцінства

23 Февраля 2019 1418
Даўно не чуваць на зямлі Беларусі грому гармат, не засцяць неба хмары дыму ад спаленых вёсак. І ўжо зусім мала засталося з намі салдат Вялікай Айчыннай вайны. Але жыве яшчэ пакаленне, чыё маленства пякучым полымем апаліла вайна, у чыю дзіцячую памяць моцна ўрэзаліся ўспаміны аб той пары. Успомніць усё, перагарнуць старонкі жыцця і гісторыі Лідчыны ў яго люстэрку мы прапануем найстарэйшаму пакаленню лідчан з нагоды дзвюх знакавых дат: 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзя ўтварэння БССР.

Першай гераіняй спецыяльнага праекта стала 83-гадовая лідчанка Ядзвіга Міхайлаўна Ражнова (у дзявоцтве Каханоўская), якая нарадзілася ў вёсцы Дроздава Ганчарскага сельсавета. Яе ўспаміны сталі адной са старонак маштабнага краязнаўчага даследавання Віктарам Кудлам гісторыі ганчарскага наваколля і сапраўднай энцыклапедыяй вясковага жыцця пры “першых Саветах”, у час вайны і пасля вызвалення. Сваімі ўспамінамі Ядзвіга Міхайлаўна падзялілася з “Лідскай газетай”.

«Паслухайце, як добра: ідуць на працу і спяваюць»

Ядзвіга Міхайлаўна нарадзілася ў 1935 годзе ў вялікай сялянскай сям’і, якая складалася з васьмі чалавек: пецярых дзяцей, бацькоў і бабулі. Жылі, як і большасць жыхароў Дроздава, небагата. Ва ўспамінах лідчанкі засталіся малюнкі вясковага жыцця, якое змянілася пасля ўз’яднання Беларусі ў 1939 годзе.
 
– З маленства мне запомніліся ранішнія паходы мамы ў Ганчары – у магазін за пакупкамі «на пай», – расказвае Ядзвіга Міхайлаўна. – Я не разумела, што азначае слова “пай”, але мы, асабліва малодшыя дзеці, чакалі яе з нецярпеннем. Прыносіла яна надзвычай смачныя цукеркі-“падушачкі” розных колераў: жоўтага, блакітнага, ружовага, зялёнага. Усім дзяліла пароўну. А яшчэ памятаюцца халва (мы называлі яе “халма”), садавінная гарбата, якую мы елі сухую, проста з пачка. Здаецца, у сваім жыцці я нічога смачнейшага не ела! Вечарамі ў хатах ладзіліся вячоркі, мама хадзіла на іх з верацяном. Я ўспамінаю таксама вячоркі ў нашай хаце: жанчыны пралі, вязалі, шылі, вышывалі і спявалі. Збіраліся ў нас і за чытаннем кніг. Трое старэйшых дзяцей – брат Браніслаў, сёстры Ірына і Леакадзія – вучыліся ў польскай школе, а затым у савецкай. Самым адукаваным быў старэйшы – Браніслаў. Ён свабодна размаўляў на польскай мове. Зімовымі вечарамі прыходзілі да нас дзед Сымон, два дзядзькі Кастусі (Ануфрыеў і Янаў), Шуты. Браніслаў браў кнігі, запальваў лямпу і чытаў услых. Былі кнігі і на рускай мове – рускіх пісьменнікаў. Часам ён спыняўся, і дзяды пачыналі ўспамінаць сваё жыццё ў Сібіры (усе яны ў Першую сусветную вайну пакідалі сваю вёску і некаторы час жылі хто ў Омскай вобласці, хто ў Чалябінскай). Больш за ўсё мне падабалася слухаць “Патоп” Генрыка Сянкевіча. Кніга была на польскай мове. Вобразы Глобы і пана Уладыеўскага ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць на ўсё жыццё. Бывала, тата, Міхаіл Феліксавіч, чытаў на памяць вершы Пушкіна, Лермантава ці браў скрыпку і наігрываў мелодыі.

А яшчэ з тых часоў у маёй памяці засталася радыёскрыня з навушнікамі, якая была ў суседа Івана Іванавіча Кудлы. Вечарамі і ў святочныя дні мы, дзетвара, і дарослыя таўкліся насупраць яго хаты і слухалі загадкавую музыку, якая лілася з загадкавай трубы грамафона. Пачуцці былі неапісальныя. Мужчыны ў большасці цікавіліся перадачамі з загадкавай скрыні. Запомнілася баба Алеся, маці Івана Іванавіча, якая з пачуццём захаплення гаварыла пра калгас: “Паслухайце, як там добра: разам ідуць на працу – і спяваюць, працуюць – і спяваюць, дадому ідуць – таксама спяваюць. А як хораша спяваюць! Паслухайце!” 

Памятаю, як у Дроздава прывезлі кіно. Паказвалі яго ў канцы вёскі, на выгане. Бацькі нас, маленькіх, не ўзялі. Нам жа было  цікава, і мы лезлі на плот, каб убачыць, што там адбываецца. Бачылі толькі, што было светла. У памяці ўваскрасае момант, калі тата і мама збіраліся на галасаванне ў вёску Канюшаны. Святочна апраналіся і з суседзямі, раднёй ехалі галасаваць. Я пыталася ў бацькоў: “Ці моцна трэба крычаць?” 

«Стук у вокны, дзверы і крык «Адэмкні!» прыводзіў у страх»

Калі пачалася вайна, Ядзвізе Міхайлаўне было пяць з паловай гадоў. “На світанку 22 чэрвеня мы прачнуліся ад выбухаў і невядомага гулу, – успамінае яна. – У вокнах дрыжалі шыбы. На вуліцы збіраліся людзі. Ніхто не мог зразумець, што здарылася. Натоўпам накіраваліся ў двор Івана Іванавіча Кудлы. Ціха перагаворваліся. Хтосьці раптам сказаў: “Вайна!” Нам, дзецям, было незразумела, што гэта значыць. Але тое, што гэта штосьці страшнае, разумелі ўсе. Вяскоўцы вырашылі буйную рагатую скаціну, коней загнаць у Ліпіцы. Нас, дзяцей, адправілі на хутары… Вярнуліся мы дамоў праз дзень ці два. Немцаў яшчэ не было, але ў той жа дзень і на другі пачалі групамі і сем’ямі ісці людзі. Гэта былі бежанцы з Ліды, у асноўным яўрэі. Сярод іх былі раненыя, яны заходзілі ў хаты адпачыць. Наша хата стаяла блізка да дарогі – такіх людзей у нас было шмат. Памятаю жанчыну з вырваным плячом. Рана была адкрытай, пры нас яе нечым абвязвалі. Людзі стагналі, плакалі, моцна крычалі”.
 
Праз дзень ці два з’явіліся немцы і засталіся на пастой у некалькіх хатах, у тым ліку ў хаце Каханоўскіх. На гумнішчах паставілі палаткі. “Немцы былі вясёлыя, гаманлівыя, ігралі на губным гармоніку, – успамінае Ядзвіга Ражнова. – Шмат елі. Іх кухні заўсёды дыміліся. Мне запомніўся іх наварысты гарохавы суп. У нас выцягнулі з хлява парсюка, аблілі кіпнем, разабралі і варылі, смажылі ў нашай хаце. Мы баяліся пажару, бо печы награваліся дачырвана”. Гэта былі першая сустрэча з немцамі і першыя ўражанні ад іх. 

Аднойчы ноччу ў двухстах метрах ад шашы Ліда – Беліца, на маленькім мосціку на чыгунцы быў узарваны нямецкі грузавы цягнік. Пад канец таго ж дня вёску Дроздава ачапілі фашысты, сабралі старых і жанчын, якія засталіся. “Высокі і худы немец стаў на пень грушы і аб’явіў ультыматум (прамова яго была рэзкая, надрывістая, як гаўканне сабакі): на працягу сутак жыхары Дроздава павінны здаць немцам вельмі вялікую колькасць жывёлы – кароў, свіней, авечак. У іншым выпадку вёска будзе спалена разам з яе жыхарамі, – расказвае Ядзвіга Міхайлаўна. – Дзяды сабраліся ў нас і амаль усю ноч займаліся арыфметыкай, хімічным алоўкам вялі падлікі, а раніцай пачалі выводзіць з хлявоў скаціну. Так пазбегла кары вёска Дроздава. Пры гэтых падліках былі праяўлены сапраўдная людскасць, узаемаразуменне. Кожную сям’ю разглядалі персанальна, лічылі дзяцей, старых, каму ў гаспадарцы неабходна карова, а хто можа пражыць і без яе. На жаль, гэтым усё не скончылася. Быў схоплены дроздаўскі хлопец Аляксандр Козел, якога падазравалі ў арганізацыі выбуху. Яго трымалі ў даржаўскім гарнізоне і закатавалі да смерці”.

Нярэдка дзень пачынаўся са страшных звестак. Хтосьці з сялян прыносіў навіны аб пажарах у суседніх вёсках, аб забітых і замучаных земляках. У Дроздава заязджалі і “белыя” (так у нашых мясцінах называлі ўдзельнікаў арміі Краёвай). Часта – ноччу. Стук у вокны, дзверы і словы “Адэмкні!” прыводзілі ў моцны страх. 

– Каб трымаць у полі зроку маладых людзей, немцы распачалі торфараспрацоўку на забалочаных сенакосах, – расказвае Ядзвіга Ражнова. – Усю моладзь зганялі на гэта балота. Яны капалі торф і складвалі яго брускамі ў піраміды. На тарфяныя распрацоўкі хадзілі мая 14-гадовая сястра Ірына і 15-гадовы брат Браніслаў. Пазней яго адправілі на будаўніцтва ваеннага бункера ў Ганчары. Там ён атрымліваў інфармацыю аб немцах і перыядычна перадаваў яе партызанам. Солтыс вёў улік выхаду на тарфянік. Калі чалавек не выйшаў – заходзіў у хату і высвятляў прычыну. Аднойчы мой брат наўмысна, згаварыўшыся з Юзікам Шутом (і з яго дапамогай), пашкодзіў галенастопны сустаў. Юзік прывёў брата да нас у хату. Нага пасінела, распухла. Мама адразу закрычала, у паніцы не ведаючы, што рабіць. На дапамогу прыйшлі суседкі. Аблажылі нагу гліняным кампрэсам, хтосьці прынёс мазь Сакольніка. Брат ляжаў на лаўцы. Раніцай з’явіўся солтыс, пачаў правяраць, нават заставіў зняць абмотку. Каб прынізіць чалавечую годнасць, плацілі за работу так: выдавалі гумовыя “снягоўцы” (кароткія боцікі), сандалі, чаравікі. Абутак быў распараны: пара была на адну левую ці правую нагу і рознай мадэлі, колеру і памеру. Маёй сястры выдалі “снягоўцы” рознай вышыні і рознага колеру, абодва на правую нагу, і сандалі (адна дзіцячага памеру, другая – дарослага). Сандалі я абувала восенню, калі пасвіла за ракой кароў.

Памятаецца, у адзін з асенніх вечароў 1942 года пастукалі ў акно. Тата, мама, старэйшыя сёстры і я апрануліся і праз двор выйшлі на вуліцу. Насупраць нашай хаты і каля хаты дзеда Сымона Шута сабраліся суседзі-аднавяскоўцы. Пажар! У напрамку горада, на хутарах за чыгункай, шугала полымя. Стоячы на ​​месцы, людзі ціха разважалі, хто гарыць і за што. У гэты час, на супрацьлеглым баку вёскі, на хутары, моладзь гуляла на вечарыне, правядзенне якой было ўзгоднена і дазволена солтысам. На вечарыне шпацыравалі яго дачка і сын, паліцай, які прыехаў з Ліды. Раніцай стала вядома: згарэў дом старэйшага сына солтыса разам з яго жыхарамі. Паміж хутарам і вёскай знойдзеныя целы мёртвых: солтыса, яго дачкі і сына-паліцая. У доме солтыса спалі на печы яго жонка і малодшая дачка, яны таксама былі забітыя. З сям'і солтыса ў жывых засталася адна дачка: яна дапамагала па гаспадарцы аднавяскоўцу, засталася ў яго начаваць і выжыла. Пасля ўчыненага ў вёску наляцелі немцы, паліцаі, шукалі партызан. Пачаліся пагрозы. Мае бацькі вырашылі ратаваць мяне і брата Івана і адправілі нас на хутар, што паміж Супраўшчынай і Дзітрыкамі, да татавай сваячкі Паўлінкі. Там мы пражылі да вясны 1943 года. 

Гулкае рэха вайны

Аднойчы, летнім ранкам, у вёску Дроздава наляцелі акаўцы. Бралі на фурманкі жыхароў вёскі, сваякі якіх мелі сувязь з партызанамі. Чутныя былі крык, плач, маленні аб літасці. Іх павезлі ў Беліцу, дзе разам з жыхарамі іншых вёсак расстралялі і закапалі ў агульнай яме.

Пасля выгнання немцаў, 8 ці 9 ліпеня, да нас у дом зайшлі партызаны, у асноўным моладзь, на чале з маім братам Браніславам. Сярод іх былі Гена Шут, Фёдар Курыла, Лёня Данэйка, Мікалай Пазняк і іншыя. Гаманілі, штосьці абмяркоўвалі. Радасці і шчасцю не было канца. Праз два-тры дні на вуліцы Хутарской ладзілася першае пасляваеннае вяселле. На яго малады запрасіў і партызан. Пасля звычайнага застолля ўсе госці выйшлі на вуліцу, каб праводзіць маладых да вянчання ў ганчарскую царкву. Малады раптам заявіў: “Не паеду вянчацца, пакуль не дасце выстраліць!” Пачаліся жарты, угаворы, як гэта бывае на вяселлі. Было смешна, радасна, весела. Урэшце далі яму ружжо і ён выстраліў у паветра. Затым, задаволены, сеў на вазок з бразготкамі, і вясельны картэж рушыў наперад. А партызаны – Гена Шут, Браніслаў Каханоўскі (мой брат), Фёдар Курыла і, магчыма, Лёня Данэйка – паехалі ў Ліду для далейшага праходжання службы. Даехаўшы да ракі Дзітвы, вырашылі кінуць у раку трафейную гранату, якая ў іх засталася. Генадзь і Браніслаў злезлі з павозкі, спусціліся да ракі, і пры спробе кінуць граната ўзарвалася ў руках у Гены. Яго палажылі ў павозку і паганялі як мага хутчэй каня, спадзеючыся выратаваць жыццё. Адначасова затрымлівалі машыны, якія ішлі да лініі фронту. У шпіталі, які знаходзіўся па вуліцы Ламаносава, выратаваць Гену не ўдалося. 

Хавалі Гену ў дзень пахавання некалькіх забітых “белымі” аднавяскоўцаў, у тым ліку яго дзеда і бабулі, з ваеннымі ўшанаваннямі. Калона павозак з трунамі рушыла ў Ганчары. Генадзя пахавалі каля самай дарогі Ліда – Навагрудак, а астатніх дроздаўцаў – на могілках каля царквы. Да канца жыцця мой брат Браніслаў памятаў пра трагічную гібель Гены і без слёз не мог пра гэта ўспамінаць. У яго гонар даў імя Гена свайму сыну. Адразу пасля гэтага актыўна ўключыўся ў барацьбу з бандытызмам”.


Ядзвіга Ражнова з сям'ёй. Брат Браніслаў – крайні справа.

Раён вызвалілі, але вайна працягвалася, рушыла далей на захад. Многія аднавяскоўцы яшчэ ваявалі. Людзі прагнулі сканчэння вайны, маліліся, чакалі вяртання родных, блізкіх. У гэты момант з'явіліся «святыя лісты». Ніхто не ведаў, хто іх пісаў, адкуль яны прыходзілі. Змест аднаго ад зместу другога мала адрозніваўся. Напрыклад, «перапішы 10, 15, 20 разоў і перадай іншаму». У многіх сем’ях на іх не звярталі ўвагі. Але адзін ліст аднавяскоўцаў узбударажыў і прывёў у рух. Ліст патрабаваў за адну ноч спрасці, выткаць на кроснах ручнік, зрабіць і паставіць крыж, павязаць яго новым ручніком. Ліст знайшоў водгук у сэрцах людзей, і праца закіпела. У ёй прымалі ўдзел усе працаздольныя, у тым ліку бацька і маці Ядзвігі Міхайлаўны. Працавалі ўсю ноч. Раніцай, калі дзеці выгналі кароў на пашу, новенькі крыж з новым ручніком стаяў у пачатку вёскі. Гэта быў свайго роду ўклад дроздаўскіх аднавяскоўцаў у Вялікую Перамогу!

Пасля Перамогі ў 1945 годзе пачалі вяртацца з вайны маладыя хлопцы, сямейныя мужчыны. Вёска паступова пачала ажываць. Моладзь арганізоўвала вечарынкі. Хлопцы збіралі грошы для музыкантаў і запрашалі паіграць. Дзяўчаты пасля вечарынак прыбіралі памяшканне: мылі падлогі, вокны і г. д. “Памятаю таленавітага музыканта з вёскі Ерамеевічы. Звалі яго Мечык, – успамінае Ядзвіга Міхайлаўна. – Ён іграў на акардэоне і маленькай дудачцы. Ды так іграў, што ўседзець было немагчыма. Кідаліся ў танцы і старыя, і малыя. Мы, падлеткі, таўкліся ў двары, спрабавалі танцаваць, як дарослыя, лезлі ў адкрытыя вокны. Пасля гарачых полек, мазурак, кракавякаў і кадрыляў быў перапынак хвілін дваццаць-трыццаць. Тады пачыналі спяваць. Галасы былі моцныя і прыгожыя. Спявалі песні ваенных гадоў: “На позицию девушка…”, “В чистом поле под ракитой”, “Катюшу”, даўнейшыя народныя і польскія песні. Цікава тое, што на вечарынках былі мамы, бабулі. Яны садзіліся на лавы каля сцяны і сачылі за моладдзю, сваімі ці чужымі дзецьмі і ўнукамі”. 

Бліны са здорам ды бульбяная каша з румянай скарынкай 

Жыхары Дроздава заўсёды любілі працаваць і дзяцей сваіх прывучалі да працы. Дзеці разам з дарослымі хадзілі ў поле, палолі бульбу, лён, грады ў агародах, пасвілі хатнюю жывёлу. “Успамінаецца, – расказвае Ядзвіга Міхайлаўна, – як летам, на ўзыходзе сонца, мама будзіла: “Уставай, пара кароў выганяць!” А спаць так хацелася!.. Амаль да першага снегу пасвілі з босымі нагамі. Ногі былі сінія. Чакаеш каровінай “ляпёшкі”: станеш у яе – цёпла. 

Мы, пастушкі, чакалі вясенняй і асенняй пары, калі пасвілі скаціну цэлы дзень. Тады яе гналі за Дзітву – там была агульная паша. Там мы былі свабодныя. Кожны знаходзіў занятак па душы. Хлопцы рэзалі дубцы, дралі карані і плялі кошыкі, гулялі ў карты. Дзяўчаты ў асноўным гулялі ў каменьчыкі, а некаторыя – з хлопцамі ў карты. Я чытала. Кнігі заўсёды былі са мной. Палілі вогнішча, пяклі бульбу, сала на дубчыках. У гэтай калектыўнай справе завязвалася цесная дружба”. 

У хатах тады жылі цесна, хаця не адчувалі гэтай цеснаты. Усё здавалася натуральным, у парадку рэчаў: павінна быць так і не інакш. Хаты пачыналіся з сенцаў, пасля сенцаў, праз парог, кухня. Справа ці злева стаяла вялікая руская печ, з процілеглага боку – стол. За кухняй была асноўная частка жылля, якая ў некаторых дамах аддзялялася невялікай перагародкай. Каля паўночнай сцяны, дзе не было вокнаў, стаялі ложкі, ля печкавай сценкі – паліцы, лавы. Паміж вокнамі стаяў доўгі дашчаты стол (абрусам яго накрывалі толькі ў святы). Уздоўж яго – лаўкі. Ложкі былі драўляныя, упоперак выкладзеныя дошкамі. На гэтыя дошкі слалі жытнюю салому, яе накрывалі зрэбнай (ільняной) дзяружкай і на ёй спалі. У цёплы час накрываліся такой жа дзяругай, а ў халодны – коўдрай (гэта былі дзве пашытыя ўручную посцілкі, запоўненыя ільняным пакуллем). Для тых, хто спаў на паліцах, лаўках, таксама сшывалі посцілкі, але запаўнялі іх мяккай саломай або сенам і называлі “сяннік”. 

Штодзённае адзенне было ў асноўным даматканае: зрэбныя спадніцы, камізэлькі. Пінжакі і касцюмы мужчыны насілі з вытканай шарсцяной тканіны, шылі з яе і паліто. Я, напрыклад, у сёмы клас хадзіла ў зімовым саматканым шарсцяным паліто, пашытым яшчэ бацькам, у вязанай спадніцы, у вязаных панчохах, хустцы. Мужчыны і жанчыны зімой насілі кажухі, пашытыя з аўчыны. У некаторых былі буркі або бурносы з капюшонамі, пашытыя з нейкай шчыльнай пакупной тканіны. Гэта адзенне бераглі, апраналі ў далёкую дарогу, у госці. Вязалі з ільняных нітак карункі для бялізны, ручнікоў, абрусаў, падушак, летніх кофтачак, з шарсцяных нітак – кофты, спадніцы, сукенкі, панчохі, шкарпэткі, рукавіцы, хусткі.

Хатняя начынне было ў большасці драўлянае: вялікія і малыя бочкі для капусты, агуркоў, сала, мяса, куфэркі, кубло (кадкі з вечкамі), куфры (скрыні), хлебныя дзежкі, маслабойкі, даёнкі, кадкі для вады, балеі, начоўкі (карыта), драўляныя лыжкі. Вопратку замочвалі і мылі «лугам» (драўняны попел залівалі гарачай вадой і нейкі час настойвалі, затым настой злівалі і мылі ў ім вопратку, галаву).

Ежа была натуральнай, здабытай уласнай працай. Сілкаваліся па сезоне. Вясной, як толькі з'яўляліся шчаўе, крапіва, рыхтавалі на першае боршч на салёным касцяным мясе, бурачнік, супы з фасолі і бульбы, пярлоўкі і бульбы, падкалотку з бульбы і мучных клёцак, бульбяны суп, засмажаны кубікамі сала, бульбяную кашу, засмажаную кубікамі сала і змешчаную ў гарачую печ для румянай скарыначкі і бульбяныя клёцкі. Падчас пастоў рашчынялі саладуху – вельмі смачны напой! Пачыналася з’яўляцца малако – рыхтавалі малочныя супы: пярловы (панцак, крупнік), зацірку, пярлоўку з фасоляй. Да летняга меню дадавалася шчаўе на халоднае са смятанай. Халаднік адрозніваўся ад цяперашняга. Бралі квашанае малако, трохі разбівалі лыжкай, клалі ў яго пакамечаны або парэзаны агурочны цвет, зялёны кроп. На сале пяклі курыныя яйкі, яечню (з яек, малака, мукі).

Ва ўсе поры года раніцай пяклі бліны. З вечара цёртую бульбу ставілі ў цёплае месца для закваскі, раніцай сыпалі ячменную або грэцкую муку. Пяклі ў печы. У зімовы час бліны мазалі, у асноўным здорам (унутраным свіным тлушчам), у каго былі авечкі – лоем (авечым тлушчам), смальцам (свіным тлушчам). 

У грыбны сезон збіралі грыбы. Хадзілі па іх ранкам дзеці і старыя. Такіх старых грыбнікоў я памятаю дваіх – гэта Ясь Быстрыцкі і Юстын Кудла. Грыбы свежымі пяклі, варылі, засмажвалі салам супы, а лішнія сушылі на куццю. У тагачасную пару не было грыбнога фетыша. Задавольваліся тым, што ў сезон пару разоў паспрабуюць свежых грыбоў і высушаць на калядную куццю. Сушылі толькі баравікі. Увосень збіралі зялёнкі і іншыя грыбы, варылі і засольвалі іх.

– Павінна сказаць, што ў той час дроздаўскія сем'і не галадалі, – расказвае Ядзвіга Ражнова. – Мяса елі ў розным выглядзе практычна круглы год, выключаючы пасты. Летам, акрамя малочных прадуктаў, хацелася і мясных, часам кавалачка сала, каўбаскі, паляндвічкі. Асабліва гэтая ежа была неабходная тым, хто выконваў цяжкую працу. Мяса было не толькі свіное. Восенню ў многіх былі авечкі, іх рэзалі. Вясной – цяляты, якія таксама ішлі пад нож. Наша сям'я таксама не бедавала, хоць зямлі было мала. Бацька быў таленавітым краўцом. У яго былі свае пастаянныя кліенты, сем'і, якія ён “абшываў”. Бацька памёр у 1948 годзе. Мама і старэйшая сястра Ірына ў летне-асенні перыяд хадзілі на заробкі – жалі, рвалі лён”. 

Такі жыццёвы ўклад дроздаўцаў працягваўся да пачатку 1950-х гадоў – арганізацыі калгаса. “Быў абагулены сельскагаспадарчы інвентар: плугі, бароны, малатарні, веялкі, коні, гумны і прылеглыя да іх пабудовы. У нас, напрыклад, мякінніца (памяшканне, у якім рэзалі сечку), гумно, плуг, барана і г. д., – успамінае Ядзвіга Ражнова. – Аралі коньмі, сеялі ўручную з «сеянак». Праполка ўсіх культур вялася ўручную. Уборка лічылася калектыўнай, а фактычна яна была індывідуальнай. Кожнаму калгасніку адмяралі «казінай ножкай» асобны ўчастак збожжавых, лёну і іншых культур. Каб справіцца з працай, жаць выходзіла ўсё сямейства. Тое ж было і з лёнам. Памятаецца, радаваліся, калі ўчастак жыта, ячменю, лёну быў травяністым. Яго дазвалялася касіць. Касілі, рвалі зелле, выносілі нашуйкамі на плячах, сушылі на гумнішчы, рванае зелле папярэдне мылі ля студняў. Так нарыхтоўвалі зімовы корм для жывёлы. У сем'ях, дзе не было гаспадара, засталося па адной карове, зменшылася колькасць свіней, сталі эканоміць пакінутыя запасы збожжа, мукі, крупы. Праз некаторы час не стала з чаго пячы хлеб. Гэта быў цяжкі перыяд у жыцці многіх сем'яў, у тым ліку і маёй…”

За працу ў калгасе налічвалі працадні, якія атрымліваліся фактычна бясплатнымі. Налічвалі працадні ў паляводстве пасля абмеру прыбраных участкаў. Брыгадзіры часам былі нядобрасумленныя, падманвалі жанчын-калгасніц. Казалі адно, а ўносілі ў свае запісы зусім іншыя лічбы. Разам з мамай мы гарбелі на жніве, ільне, і падлікі працадзён брыгадзірамі былі менш за мае ў разы. Памятаю адзін калгасны сход па выніках першага сельскагаспадарчага года. За сталом сядзеў старшыня. Лічылі і абвяшчалі працадні кожнага прысутнага. Многія з гэтым не пагаджаліся, спрачаліся, даказвалі на пальцах, але ўсё безвынікова. Важна тое, што пры падліку таму ці іншаму належала на яго працадні 3-5-10 кг збожжа. І калі кожны грамы, якія яму належаць, пакіне калгасу, то ў будучым годзе калгас зможа засеяць больш плошчаў. Людзі згаджаліся”. 

Ішоў час. Людзі паступова абжываліся. Тыя, хто працаваў у горадзе, прыносілі ў хату зарплату, што давала магчымасць купляць у дом патрэбныя прадукты, адзенне. Ды і астатнія неяк прыстасоўваліся ў жыцці. З часам па святах пачалі ладзіць танцы, на якія ішла і вясковая, і вяскова-гарадская моладзь. Не стала зімовых вячорак, вясновага гуку кроснаў. Хлебныя дзежкі знайшлі месца ў каморы, не стала паху свежага хатняга хлеба.

– У 1951 годзе, скончыўшы сем класаў Ганчарскай няпоўнай сярэдняй школы, я адправілася ў горад для працягу вучобы, – гаворыць Ядзвіга Ражнова. – Па-рознаму склаўся лёс маіх аднакласнікаў, навучэнцаў 7-га «Б» класа. Прыстойнымі людзьмі сталі ўсе. Дзевяць чалавек з выпуску атрымалі вышэйшую адукацыю. Сярод іх – браты Георгій і Леанід Шуцілы. Першы большую частку свайго жыцця працаваў у родным калгасе, на пенсію пайшоў з пасады старшыні калгаса «Нёман» Лідскага раёна. Большасць з нас былі членамі камуністычнай партыі. Я атрымала дзве вышэйшыя адукацыі: скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Леніна і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться