Мы выраслі на патрыятызме, а Вялікая Айчынная вайна – гэта не кнігі, не кіно, а жывая рэальнасць

07 Февраля 2019 790
2019 год пазначаны асаблівай падзеяй у жыцці беларусаў – 75-годдзем вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На старонках “Лідскай газеты”, дарэчы, таксама юбіляршы (“Лідская газета” сёлета адзначыць 80-годдзе), мы яшчэ многа раскажам аб падзеях ваенных часоў і аб ветэранах, надрукуем краязнаўчыя нататкі і ўспаміны. Але перш за ўсё на старонках газеты мы дадзім слова самім лідчанам, каб даведацца аб іх пачуццях, перажываннях, думках аб значнасці вялікай агульнай падзеі, вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у іх асабістым жыцці, аб сэнсе, які яны ўкладваюць у слова “Радзіма”, і аб пачуццях да яе. 

Людміла ВІДЗЕВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўнік гісторыі СШ №11 г. Ліды:

– Кожны чалавек абавязаны ведаць гісторыю сваёй краіны. 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – значная дата для кожнага беларуса, і для мяне таксама. Колькі подзвігаў было здзейснена, колькі крыві праліта, колькі лёсаў зламана!.. З дзяцінства памятаю апавяданні бабулі пра тое, як паводзілі сябе нямецкія акупанты ў адносінах да мясцовага насельніцтва ў маёй роднай вёсцы Дакудава, як мясцовыя жыхары дапамагалі партызанам, рызыкуючы ўласным жыццём. Зараз, працуючы настаўнікам гісторыі, я імкнуся данесці да кожнага вучня разуменне таго, якой цаной была дасягнута Перамога. Праводжу ўрокі, выкарыстоўваючы матэрыялы экспазіцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» нашага школьнага музея «На скрыжаваннях дарог». Асабліва радуе той факт, што нашы вучні здольныя суперажываць: яны шэфствуюць над шасцю ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прымаюць удзел у добраўпарадкаванні помніка воінам-вызваліцелям, актыўна ўдзельнічаюць у пошукавай дзейнасці. А з якім гонарам прыносяць яны ўзнагароды сваіх дзядоў ці франтавыя лісты далёкіх сваякоў у рамках школьнай акцыі «Хатні музей у чамадане»! Зараз у школе праходзіць конкурс малюнкаў «Малююць хлопчыкі вайну». Якой яе бачаць сучасныя хлопчыкі, падлеткі? Гледзячы на ​​малюнкі, я яшчэ раз пераконваюся, што памяць аб тых, хто цаной свайго жыцця заплаціў за вызваленне краіны, у беларусаў закла-дзеная на генным узроўні. 

Наталля СКРЫБУК, урач-валеолаг Лідскай цэнтральнай раённай паліклінікі:

– Я вырасла ў сям’і ваеннага, а гэта пастаянныя пераезды, замежжа, змена гарадоў, таму вельмі цаню сваю малую радзіму. І хаця нарадзілася я ў Гродне, радзімай лічу Ліду, у якой жыву з 2001 года. Гэты невялікі, зялёны, утульны, ціхі горад імпануе мне болей, чым абласны цэнтр, тут я адчуваю сябе дома. Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у нашай сям’і не проста сямейныя, а самыя вялікія святы! Дзед (па лініі таты) ваяваў, прайшоў усю вайну. Бабуля па мамінай лініі была ў партызанах. У сям’і захоўваецца шмат успамінаў аб вайне. Падчас святаў мы абавязкова ходзім на парад, ускладваем кветкі да Кургана Бяссмерця, глядзім ваенныя фільмы, плачам… Мы выраслі на патрыятызме. Мой бацька быў ваенным урачом, і ў яго па сённяшні дзень захавалася традыцыя – у Дзень Перамогі надзяваць святочны мундзір з медалямі. 

Тадэвуш ЧАРНАВУС, пенсіянер, былы супрацоўнік “Лідскай газеты”:

– Для мяне Вялікая Айчынная вайна – гэта не кнігі, не кіно, а жывая рэальнасць. Маці часта расказвала, як на нашым хутары ў вёсцы Рылаўцы хаваліся бежанцы з Ліды. Калі ў небе з’яўляліся нямецкія месершміты і ракетамі асвятлялі ваколіцу, людзі, якія спалі ў гумне, уцякалі ў лес… А вось яшчэ адзін выпадак, расказ пра які запомніўся мне на ўсё жыццё. Наш хутар знаходзіўся амаль на самым беразе Дзітвы, якраз паміж вёскамі Навасёлкі (цяпер гэта Ваверскі сельсавет) і Кульбакі Дзітвянскага сельсавета. Наша ваколіца была паміж двух агнёў: немцы занялі пазіцыю ў Навасёлках, а рускія (так тады называлі савецкіх салдат) – бліжэй да Кульбакаў. Жыхары ўцякалі ў суседнія вёскі, хаваліся па балотах, а адзін бежанец пажадаў пабачыць, што такое вайна. Схаваўся ў яму, куды сыпалі бульбу. Снарады, якія праляталі над ім, маглі ўпасці яму проста на галаву. Потым ён, колькі жыў, усім казаў, што страшней за гэта нічога ў жыцці не бачыў. І такіх рэальных выпадкаў з расказаў маці ў маёй памяці захавалася шмат.

Сёння знаходзяцца людзі, якія кажуць, што вайна – далёкае мінулае і пра яе трэба патроху забываць, што правядзенне мітынгаў і парадаў – дарэмнае растрачванне грошай і што школьнікі ўжо стаміліся ад расказаў аб вайне. Я раю такім “добразычліўцам” папрасіць прабачэння ў Бога і не муціць ваду. Што датычыцца нашай Лідчыны, то ў нас, мне здаецца, шмат робіцца для ўшанавання ветэранаў вайны, праводзіцца пошукавая работа ў школах і мноства іншых мерапрыемстваў. Так і павінна быць, бо Ліда была адным з першых беларускіх гарадоў, акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі.


Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться