Зорны паход спыніўся ў Лідзе

30 Января 2019 1211

Трыццаць юнакоў і дзяўчат – жыццярадасных і поўных энергіі, з бляскам у вачах, у аднолькавых куртках афарбоўкі дзяржаўнага сцяга, учора прыехалі ў Ліду і… ўзбударажылі яе. Яны прынеслі эйфарыю маладосці, захапілі розумы старшакласнікаў (і нават дарослых). Яны паўсюль: у школах, дзіцячых садках і ўстановах дадатковай адукацыі. Яны спяваюць, танчаць, даюць творчыя майстар-класы, расказваюць пра патрыятызм і любоў да Радзімы… У іх мора планаў і ідэй. І ўсё гэта – 54-ы міжнародны Зорны паход Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Паход, які ўчора спыніўся ў Лідзе.

З Мінска па маршрутах разышліся дзевяць атрадаў. Да нас прыехаў “Зорны легіён” – атрад факультэта дашкольнай адукацыі. Першым яго прыпынкам на Лідчыне стаў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе студэнтаў сустракалі старшакласнікі гімназіі №1, ліцэя №1, школ №1, 4, 6, 8, 11 і 15, а таксама навучэнцы Лідскага каледжа.

– Зорны паход – традыцыя БДПУ імя М. Танка, – распавяла дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Вольга Анцыпіровіч. –  Яна бярэ пачатак яшчэ з 1966 года. Зорным паход названы таму, што свой першапачатковы маршрут студэнты і выкладчыкі пабудавалі на карце Беларусі ў форме зоркі. Усе гэтыя гады адной з галоўных задач пахода было і застаецца патрыятычнае выхаванне, знаёмства з подзвігам жыхароў асобных гарадоў і раёнаў, наведванне брацкіх магіл і іх добраўпарадкаванне пры неабходнасці, сустрэчы з ветэранамі. Ужо другі год, як паход стаў інтэрнацыянальным. Сёлета мы гаворым аб 75-годдзі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была інтэрнацыянальнай. У складзе нашага атрада ў Лідскі раён прыехалі чацвёра азербайджанскіх студэнтаў. Ну і вядома ж, адной з мэтаў нашага паходу з’яўляецца прафарыентацыя. БДПУ – вядучае педагагічнае вну ў краіне, набірае вялікую колькасць студэнтаў па многіх спецыяльнасцях. У нас вучыцца і многа вашых землякоў.

Студэнтка трэцяга курса Бакінскага славянскага ўніверсітэта Федан Аскерава ў Зорны паход накіравалася ўпершыню, першы для яе стаў і прыезд у Беларусь.

– У мінулым годзе нашы студэнты ўдзельнічалі ў 53-м Зорным паходзе і атрымалі шмат прыемных уражанняў, якімі дзяліліся з намі, – расказвае Федан. – Маёй марай было пабываць у Беларусі. Таму, калі мне прапанавалі паехаць у Зорны паход, я сказала – так, канешне, я абедзвюмя рукамі “за”. І сапраўды: я атрымлвіаю тут такія эмоцыі!.. У нас вельмі насычаныя дні! І кожны з іх я чакаю з нецярпеннем.  Спазнаю нешта новае, цікавае. Мы і самі прывезлі вам часцінку азербайджанскай культуры – падрыхтавалі наш нацыянальны танец. Спадзяюся, жыхарам Ліды ён спадабаецца.

Ксенія Прушак – выпускніца факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ, а зараз і сама яго супрацоўніца, вось ужо чацвёрты раз удзельнічае ў Зорным паходзе, а ўпершыню накіравалася ў яго, яшчэ будучы студэнткай. “Зорны паход – вельмі важная падзея і ў асабістым жыцці кожнага студэнта, – дзеліцца Ксенія. – Гэта вялікі ўздым патрыятычных пачуццяў, гэта яднанне са сваёй прафесіяй, гонар за яе. Сваім Зорным паходам мы імкнёмся данесці і ідэю сяброўства народаў. Увогуле – паказаць, што мы, маладыя, за лепшую будучыню сваёй краіны”.

На сцэне цэнтра творчасці студэнты прадставілі насычаную і яскравую творчую  праграму. У ёй гучалі патрыятычныя ноткі – у сувязі з 75-й гадавінай вызвалення Беларусі, і ноткі любові да Радзімы, і многія іншыя матывы, што выклікалі найлепшыя пачууці ў гледачоў. На сцэне спляліся талент (выканаўчы, акцёрскі, танцавальны), пачуцці, шквал эмоцый і проста моладзевы задор, нават, агонь! Арганічна ўпісалася ў канцэртную праграму прэзентацыя праз мастацтва педагагічнай прафесіі і БДПУ імя М. Танка, студэнты якога не толькі атрымліваюць вышэйшую адукацыю, але і ўдзельнічаюць у шматлікіх сацыяльных праектах. Многім з прысутных старшакласнікаў, безумоўна, захацелася паступаць менавіта ў БДПУ.

Знаёмства з лідчанамі толькі пачалося. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ўчора прайшлі творчыя майстар-класы і брэйн-рынг з удзелам студэнтаў і членаў Маладзёжнага парламента ўстаноў адукацыі Лідчыны, адбыўся адкрыты дыялог па пытаннях прафесійнага самавызначэння.

На працягу гэтага тыдня ва ўдзельнікаў Зорнага пахода яшчэ вельмі многа планаў і мерапрыемстваў. Сёння яны накіраваліся ў яслі-сад №40, дзе прадставяць тэатралізаваную батлеечную праграму, дадуць майстар-клас па лялькаводству і пакажуць анімацыю.  Сёння ж яны сустрэнуцца са старшкласнікамі СШ №17 і 9, у апошняй правядуць круглы стол. Будзе яшчэ шмат цікавага. Сачыце за “Лідскай газета” – мы раскажам.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться